Вы тут

У Гродне прайшоў нацыянальны конкурс «Найлепшы экспарцёр года — 2020»


Конкурс адносна малады, ён стартаваў у 2016-м. Сёлета цырымонія праводзіцца не ў сталіцы, як звычайна, а ў рэгіёнах. У Гродне вызначаны тры намінанты. Усе яны прадстаўляюць розныя галіны вытворчасці, але маюць найлепшыя аб'ёмы экспарту, высокія тэмпы яго росту, значнае знешнегандлёвае сальда, а таксама шырокую геаграфію паставак. Усе яны працуюць не толькі на эканамічны патэнцыял краіны, але і на яе імідж. Так, тры прадпрыемствы-лаўрэаты выйшлі на рынкі 40 краін свету, а аб'ём іх экспарту склаў за мінулы год амаль 100 мільёнаў долараў.


Як адзначыў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч, конкурс на найлепшага экспарцёра стаў прэстыжнай пляцоўкай для спаборніцтва вядучых беларускіх прадпрыемстваў. Усе яны ўносяць значны ўклад у агульную справу, якая садзейнічае не толькі развіццю эканомікі, але і ў цэлым працуе на папаўненне бюджэту. А гэта забяспечвае ўзровень жыцця беларусаў. Да таго ж высокая якасць прадукцыі і паслуг фарміруе пазітыўны імідж краіны на міжнароднай арэне. Нягледзячы на ўсе абмежаванні, за шэсць месяцаў Беларусь атрымала дадатны знешнегандлёвы баланс. Па выніках дзевяці месяцаў ён склаў звыш двух мільярдаў долараў.

— Невялікая Беларусь больш за 70 % прадукцыі здольная прадаць на знешніх рынках. Геаграфія даволі значная — 180 краін свету, прычым па некаторых відах, асабліва што датычыцца харчовай вытворчасці, мы глабальныя лідары. І заўсёды нам было важна адзначыць тых, хто ўдала працуе на знешніх рынках, — падкрэсліў Уладзімір Улаховіч. — У Гродзенскай вобласці добра развіты і прамысловы, і аграрны сектары. Ёсць вядомыя брэнды, якія высока ацэнены на міжнародных рынках.

Гродзеншчына пастаўляе сваю прадукцыю ў 90 краін свету. Пастаянна ідзе прырост паставак па харчовай прамысловасці, новыя рынкі з'явіліся на афрыканскім кантыненце. Эканоміка рэгіёна, як і краіны ў цэлым, арыентавана на экспарт.

— Для нас вельмі важна нарошчваць пастаўкі прадукцыі за межы краіны, — дадаў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віталь Нявера. — Штогод прадпрыемствы актыўна пашыраюць рынкі збыту, працуюць над павышэннем якасці і канкурэнтаздольнасці тавараў. І хоць мінулы год быў даволі няпросты, але рэгіён здолеў павялічыць экспарт. Значная заслуга ў гэтым належыць, у першую чаргу, нашым пераможцам і лаўрэатам нацыянальнага конкурсу на найлепшага экспарцёра.

Другі год запар найлепшым у намінацыі «Мясная вытворчасць» становіцца ААТ «Гродзенскі мясакамбінат». Прадпрыемства даволі актыўна займаецца асваеннем новых відаў прадукцыі. Гэтаму садзейнічаюць як значныя інвестыцыі ў сыравінную базу, так і пастаяннае пашырэнне вытворчых плошчаў. Сёлета да камбіната далучылі яшчэ адзін участак у Лідзе з мінулага месяца.

— Каб экспарт рос, мы пераразмяркуем аб'ёмы. На новым ўчастку былога мясакамбіната ў Лідзе будзе выпускацца папулярная ў тым ліку на расійскім рынку лінейка, якая стала «фішкай» камбіната. Гэта сыравэнджаныя, сыравяленыя каўбасныя вырабы. Кітай бярэ ялавічыну ў любых аб'ёмах і выглядзе. Мы актыўна ў гэтым плане працуем, — расказаў генеральны дырэктар камбіната Алег Іваноў.

Больш за 10 гадоў працуе на рынку паслуг ТАА «БелБурБуд». Будаўнічая кампанія ўвайшла ў тройку рэгіянальных дыпламантаў конкурсу. Дзякуючы наяўнасці кваліфікаваных кадраў і высокатэхнічнага абсталявання кампаніі ўдаецца выйграваць тэндары і трапляць на аб'ект пры пэўнай канкурэнцыі. Поспех у намінацыі «Будаўніцтва і вытворчасць будаўнічых матэрыялаў» забяспечыла якасная работа на аб'ектах з замежным капіталам.

Літаральна з аэрапорта трапіў на цырымонію ўзнагароджання генеральны дырэктар ААТ «Праймілк» Анатоль Бяляўскі. Ён прыляцеў з Арабскіх Эміратаў, дзе гэтымі днямі вядуцца перагаворы па прасоўванні на ўсходні рынак новай прадукцыі — мяккага сыру «Рыкота». Лінія магутнасцю 30 тон сыру ў суткі запушчана на прадпрыемстве зусім нядаўна.

— Мы працуем з чатырма партнёрамі ў Эміратах. Пры гэтым спецыфіка арабскага рынку ў тым, што яны хочуць эксклюзіў на ўсе пастаўкі, — заўважыў Бяляўскі. — Цяпер праходзіць вялікая дэгустацыйная камісія, пасля чаго нашы повары будуць гатаваць чызкейкі з мяккага сыру. Мы можам пастаўляць ужо 200 тон.

У хуткім часе тут плануюць запусціць яшчэ адну лінію па вытворчасці мяккага сыру і больш актыўна асвойваць усходнія рынкі. Сёння 40 % асноўнага прадукту — сухога парашку малочнай сыроваткі — ідзе ў Расію. Але на прадпрыемстве шукаюць шляхі дыверсіфікацыі экспартных паставак, таму вывучаюцца рынкі Паўднёвай Амерыкі. І, трэба сказаць, даволі паспяхова. Гродзенскае прадпрыемства амаль што першае на постсавецкай прасторы змагло наладзіць пастаўкі малочнай прадукцыі праз акіян. Стабільна ідзе супрацоўніцтва з Перу, Венесуэлай, Чылі, Бразіліяй. Сапраўдным прарывам, лічаць на прадпрыемстве, стала Японія. Цяпер вядзецца актыўная работа па пастаўках у Алжыр — новы для беларускай малочнай вытворчасці рынак збыту.

Маргарыта УШКЕВІЧ 

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.