Вы тут

У Выдавецкім доме «Звязда» пабачылі свет «Казкі дзядулі Дняпра»


У Выдавецкім доме «Звязда» накладам 1 100 экзэмпляраў пабачылі свет «Казкі дзядулі Дняпра» Генадзя Аўласенкі. Мастак — Святлана Стахоўская.


Сёлетняе выданне — другая сустрэча з гэтай цікавай і надзвычай займальнай кнігай. Упершыню «Казкі дзядулі Дняпра» пабачылі свет таксама ў «Звяздзе» у 2012 годзе. Тады тыраж складаў 2000 экзэмпляраў. Але час паказаў, што напісанае Генадзем Аўласенкам мае запатрабаванасць у чытача — і таму адбылася новая сустрэча з вядомай кнігай. 

Дзіцячы пісьменнік добра валодае псіхалогіяй малодшых школьнікаў. Магчыма, гэтаму спрыяе і тое, што пэўны час свайго жыцця літаратар працаваў у школе. А пасля — у дзіцячым часопісе «Бярозка». Таму і разумее, якія словы варта падбіраць, каб быць пераканаўчым у сваіх аповядах. «Хочаце — верце, хочаце — не, але большасць з гэтых казак расказаў мне Дняпро. Так, так, менавіта Дняпро, самая вялікая і знакамітая беларуская рака!», — пачынае дыялог з чытачом казачнік. І далей: «Вы, магчыма, мне не паверыце і скажаце, што рэкі не размаўляюць. Што ж, у жыцці яно, магчыма, і так, а вось у казках могуць размаўляць не толькі жывёлы альбо расліны, а нават рэкі, азёры, вялізныя камяні-валуны. А каб пачуць іх — трэба проста любіць казкі. А яшчэ трэба вельмі любіць нашу беларускую прыроду за яе казачную прыгажосць і непаўторнасць. 

Дняпру ўжо шмат гадоў. Так шмат, што мы можам называць яго дзядулем Дняпром. Нарадзіўся Дняпро (як і ўсе іншыя, дарэчы, беларускія рэкі і азёры) вельмі даўно, больш за дваццаць тысяч гадоў таму. У той далёкі час паўночную частку беларускай зямлі пакрываў ледавік, падобны на той, які зараз маецца ў Антарктыдзе. На астатняй жа тэрыторыі нашай краіны была суровая і бязлесая тундра з доўгай халоднай зімой і кароткім не вельмі цёплым летам». 

Структура кнігі пабудавана такім чынам, што кожная з казак дапоўнена дадатковым раздзелам — ці то «Крыху гісторыі» ці то «Крыху геаграфіі» ці то проста «Даведкамі». Напрыклад, на пачатку кнігі пісьменнік нагадвае пра тое, што ведалі людзі пра Днепр у старажытнасці. З «Казкамі дзядулі Дняпра» можна ісці і настаўніку на самыя розныя ўрокі, каб цікава, займальна давесці падказаць школьнікам малодшых класаў прыродазнаўчыя веды. Ды і чытаць казкі з такімі раздзеламі-«падказкамі» шмат цікавей. Бо можна даведацца пра тое, што ў сярэдневеччы ў беларускіх рэках было надзвычай шмат асятровых рыб.Альбо адкрыць для сябе, што ж гэта за дарога — шлях «з варагаў у грэкі». 

У казачных расповядах дзядулі Дняпра прысутнічаюць розныя рэкі — Сож, які пачынаецца ў Расіі, недалёка ад Смаленска, Бярэзіна, Свіслач, Прыпяць. Іх воды Дняпро нясе ў мора-акіян. 

Істотна фантазію, творчыя знаходкі Генадзя Аўласенкі дапаўняюць ілюстрацыі таленавітай мастачкі Святланы Стахоўскай. Будзем спадзявацца, што ў прыгожай і па зместу і па афармленню кнігі «Казкі дзядулі Дняпра» шчаслівая будучыня — і з першым і другім выданнем будуць у яе новыя сустрэчы з юным чытачом. Добра было б яшчэ перакласці кнігу на рускую і іншыя мовы. Несумненна, у юных чытачоў розных краін дадалдося б ведаў пра нашу Айчыну.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?