Вы тут

Вольга Чамаданава: Калі здарылася бяда — ідзіце туды, калі можаце дапамагаць — дапамагайце


Яшчэ нядаўна Вольга Чамаданава лічылася тварам беларускай міліцыі. З’яўляючыся начальнікам упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, яна заўсёды была ў эпіцэнтры падзей, аператыўна рэагуючы на тое, што адбываецца ў сілавым ведамстве і ўвогуле ў краіне. Якія б пасады Вольга Мікалаеўна ў свой час ні займала, заўсёды было зразумела: чалавек яна неабыякавы — ні да сваёй прафесіі, ні ў цэлым да таго, што адбываецца навокал.


З нядаўняга часу Вольга Чамаданава ўзначальвае Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама. Нягледзячы на тое, што цяпер яна ходзіць на работу, а не на службу, вольнага часу ў палкоўніка міліцыі запасу больш не стала. Ці хапае яго на сябе і на сям’ю, улічваючы той шалёны рытм, у якім яна апошнія гады жыве, карэспандэнт «Звязды» даведалася з першых вуснаў.

— Вольга Мікалаеўна, як вы адчуваеце сябе ў новым калектыве?

— Дзякуй богу, мне заўсёды шанцавала на людзей. Я вельмі патрабавальны кіраўнік. З якога б калектыву ні прыходзіла, усе гэта заўважаюць, абмяркоўваюць. Аднак у першую чаргу я вельмі патрабавальная да сябе. І людзі, якія працуюць побач, гэта адчуваюць, бо такое стаўленне плаўна пераходзіць і на іх абавязкі на працы. Таму тут яшчэ пытанне: каму пашанцавала больш?

— Вы працаголік?

— Вядома! Магчыма, для некаторых людзей гэта не вельмі камфортна. Я — чалавек справы. Калі разумею, што для кагосьці хоць нейкая частка маёй работы неабходная і прынясе пэўную карысць, усё зраблю дзеля гэтага. Аднак не кожны гэта разумее і прымае. Многія людзі не прызвычаіліся шмат мітусіцца. Ёсць працоўны дзень, працоўны час: можна яго адбыць і спакойна пайсці дадому. Адпрацаваць жа можна па-рознаму. Увогуле адмаўляю фармалізм. Мне патрэбна, каб усё было якасна, аператыўна там, дзе сапраўды гэта трэба. Ніякага чакання быць не павінна. Калі работу можна зрабіць якасна і хутка, значыць, яе трэба зрабіць менавіта так. Аднак гэта абсалютна не азначае, што я спяшаюся жыць.

— А хто вы па знаку задыяка?

— Шалі. Адна з маіх якасцяў — узважваць многія сітуацыі. Па іншых рысах характару я, хутчэй, Скарпіён.

— Вольга Мікалаеўна, дзе і ў якой сям’і вы нарадзіліся?

— Нарадзілася ў Астрашыцкім Гарадку, што ў Мінскім раёне. Мае бацькі — простыя людзі са звычайных сельскіх сем’яў. Яны — людзі зямлі. Бацька — заслужаны чалавек, у свой час перадавік гаспадаркі. Ён быў найлепшым камбайнерам раёна, вобласці. Большую частку свайго жыцця прысвяціў таму, каб карміць людзей. Мая мама шмат гадоў працавала ў краме, нямала клопату было і дома, па гаспадарцы. Гэта людзі, якія заўсёды працавалі на зямлі, таму ў маім жыцці ніколі кавалак хлеба не даваўся лёгка. Кожны мой крок прадугледжваў прыкладанне шматлікіх намаганняў. Для таго, каб нешта атрымаць, я павінна была працаваць. А сёння людзі ў большасці сваёй атрымліваюць шматлікія магчымасці, нават не прыкладаючы для гэтага намаганняў.

— Мала ў каго, хто нарадзіўся ў вёсцы, было лёгкае, бесклапотнае дзяцінства...

— Дзякуй Богу, я нарадзілася не падчас вайны, але дзяцінства ў мяне сапраўды было складанае. Бачыла, як цяжка маёй маці: трое дзяцей. На мне як на старэйшай таксама было шмат абавязкаў. З сямігадовага ўзросту ўсё рабіла па хаце, па гаспадарцы. Таму з тым, што сёння бачу ў школах, не хачу мірыцца. Мне часам здаецца, што сучасныя дзеці, акрамя ручкі, больш нічога ў руках трымаць не могуць. Куды падзелася працатэрапія? Пачынаючы з 5–6 класа мы самі прыбіралі класы: насілі ў вёдрах ваду, мылі падлогу, спаборнічалі, хто прыбярэ чысцей. Палолі грады, садзілі кветкі, працавалі на прысядзібных участках... І мая мама не абуралася, маўляў, на якой падставе яе дзіця прымусілі прыбіраць класы і мыць парты з парашком? Кожнае маё лета не праходзіла выключна ў гульнях з дзецьмі. Я разумела: каб набыць пэўную рэч і пайсці ў новым вучэбным годзе ў школу ў абноўцы, мне трэба працаваць. Помню, як хацела займацца музыкай, мне неабходны быў баян. Бацькі не маглі дазволіць сабе такую пакупку: як цяпер помню, каштаваў ён сто рублёў. На інструмент я зарабіла сама: ездзіла па калгасах і рабіла пасільную працу. Мне тады было гадоў 11–12. Потым зарабляла грошы на веласіпед. Я разумела бацькоў, якім было фінансава цяжка, таму дапамагала як магла. Час быў складаны. Я радуюся, што мае дзеці сёння так не жывуць: яны ходзяць у школу, атрымліваюць дадатковую адукацыю, маюць магчымасць вывучаць замежныя мовы, наведваць басейн, гандлёвыя цэнтры... Мне ёсць з чым параўноўваць. І калі я ўбачыла тую звар’яцелую моладзь, якая выйшла на вуліцы ў жніўні 2020-га, была ў шоку. Гэта ж нашы дзеці, якія выраслі на беларускай зямлі. Магчыма, у іх жыцці таксама ёсць свае цяжкасці, але яны не параўнальныя з тымі, якія былі ў нас і ў нашых папярэднікаў.

— Вы вучыліся ў сельскай школе...

— У мяне былі выдатныя педагогі. Калі ў жыцці чалавека на шляху сустракаюцца такія людзі, шчаслівы той, хто іх рэсурс мудрасці прымае. Мой класны кіраўнік навучыла мяне любіць Радзіму. Гэта, вядома, і заслуга бацькоў-працаўнікоў. Я балюча ўспрымаю, калі бачу ў грамадстве безадказнасць, расхлябанасць, адсутнасць ініцыятывы. Чалавек, які працуе ў грамадстве, павінен выкладвацца на ўсе сто працэнтаў.

— Па адукацыі вы філолаг. Хто паўплываў на ваш выбар вывучаць беларускую мову і літаратуру ва ўніверсітэце?

— Мая настаўніца беларускай мовы і літаратуры — Святлана Уладзіміраўна. Тое, як моцна я хацела паступіць на філфак БДУ, менавіта на спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура», — адно з найбольш яркіх успамінаў дзяцінства. Студэнцкія гады былі напоўнены сустрэчамі, весялосцю, але і тады мы не сядзелі склаўшы рукі: пры любой магчымасці працавалі.

— А ў школе ці ўдалося папрацаваць?

— Я прайшла практыку ў Ліцэі БДУ і зразумела, што школа — гэта цудоўна, але мой характар дзесьці далей. Ад работы трэба атрымліваць задавальненне. Вядома, я змагла б вучыць дзяцей, але мая дзейнасць павінна быць больш рухомая, не кабінетная.

— Як у настаўніцы з’явіліся пагоны?

— У маім радаводзе ніколі да мяне не было міліцыянераў. І калі б не адзін выпадак, то і я б ім не стала. Па волі лёсу стала сведкай адной размовы, калі гаварылі аб працы інспектараў па справах непаўналетніх. І мне так захацелася паспрабаваць сябе ў гэтай прафесіі! Нават не разважала, атрымаецца ці не. Атрымаецца! Рэкамендацыю на службу мне не было ў каго прасіць, таму я пайшла ўладкоўвацца сама. Была ўпэўнена, што ніхто не возьме. Узялі! Адразу ўчастковым.

— І кінулі вас на амбразуру. Участковы — найбольш мужчынская прафесія, дзе часта трэба праявіць і характар, а калі нават і сілу...

— Мяне гэта не палохала. Яшчэ і іншым давала настаўленні: калі здарылася бяда — ідзіце туды, калі можаце дапамагаць — дапамагайце. Шмат было цяжкасцяў. Не хапала супрацоўнікаў, міліцыя была без транспарту: адна машына — на ўвесь аддзел. Прытулкаў не існавала. Мы забіралі з сем’яў галодных, кінутых дзяцей і не ведалі, куды іх везці. Акрамя бальніцы, дзе таксама іх хапала, не было куды. За апошнія 20 гадоў дзяржава зрабіла шмат у галіне аховы правоў дзяцей.

— Як вы вытрымлівалі? Напэўна, кожны дзіцячы лёс прапускалі праз сябе...

— Характар. Я стойкая была. Такая і засталася. Больш галава, чым эмоцыі. Аднак і сёння не магу забыць адну гісторыю. У пасёлку на маім участку жыла сям’я, у якой выхоўваліся малыя дзеці. Прыйшлі да іх на праверку, а ў хаце — цішыня. У адным з пакояў убачылі амаль нежывых бацькоў, якія знаходзіліся ў моцным алкагольным ап’яненні. Іх чатырохгадовага сына знайшлі ў сабачай будцы. Была зіма, у доме холадна: каб сагрэцца, хлопчык залез да сабакі. Выцягвалі яго адтуль разам з сацыяльным педагогам, павезлі ў Дом Марыі ў Бараўлянах, які даваў прытулак кінутым дзецям... Усялякае было. І з чыстым сумленнем я магу сказаць дакладна: дзякуй Богу, што ён мяне ўвесь час вёў да гэтых дзяцей. У мяне наконт аховы дзяцей было сваё меркаванне, якое не заўсёды супадала з думкамі іншых.

— Вольга Мікалаеўна, вы заўжды добра выглядаеце. Як пры вашай занятасці ўдаецца трымаць сябе ў выдатнай фізічнай форме?

— Вельмі рана ўстаю: у 5.00 ужо на нагах. Імкнуся не прапускаць трэніроўкі: як мінімум тры-чатыры разы на тыдзень я ў спартыўнай зале. Перад гэтым — ранішняя прабежка. Калі па пэўных прычынах не даехала ў спартзалу, значыць, мінімум паўгадзіны раблю зарадку. Калі мая раніца спартыўная, мой фізічны і маральны стан гарманічныя і сябе выдатна адчуваю на працягу дня.

— А ці не церпіць ад вашай загружанасці сям’я?

— Усе таксама занятыя. Дачка вучыцца ў старэйшых класах, сын пайшоў у першы. Я прывучаю іх з дзяцінства быць самастойнымі: каб яны самі вучылі ўрокі, самі кантралявалі свой час, спраўляліся з хатнімі абавязкамі. Асабліва гэта датычыцца хлопчыка. Іначай каго я выхаваю? Гэта будучы мужчына. У нас кожны другі «косіць» ад арміі. І ў мяне пытанне: чаму так адбылося? З усіх бакоў — гіперапека. Мамкі ўдзельнічаюць ва ўсім, што звязана з іх сынамі. Вакол гэтых хлопцаў пастаянна нейкія апякункі. Я свайго сына выхоўваю ў іншым духу: ідзі і спрабуй сам, дзе ты можаш. Там, дзе не можаш, я заўсёды павінна быць побач.

— Ці часта атрымліваецца праводзіць час усёй сям’ёй?

— Як правіла, у суботні вечар мы збіраемся ў бацькоўскай хаце. У нас запланаваны лазневыя мерапрыемствы. Гэта фактычна нагода для таго, каб мы ўсе сабраліся за круглым сталом: пагутарылі, абмеркавалі падзеі, планы. Летам абавязкова адпачываем на нашых рэках, азёрах, у іншых месцах Беларусі.

— Ваш муж — таксама палкоўнік. І калі ў званні вы роўныя, то хто з вас вышэйшы чынам дома?

— Мы ніколі ў жыцці гэтага не вызначалі. У нас галоўнае — размеркаваць абавязкі, каб мы маглі распараджацца сваім часам: і службовым, і асабістым. Мы ўсе занятыя людзі. Наша жыццё не павінна выходзіць з пэўнага рытму. Дарэчы, калі мяне прызначылі на пасаду начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, на той час муж займаў ніжэйшую пасаду. Аднак у нас у сям’і гэта ніяк не абмяркоўвалася. У нас абсалютна роўныя адносіны. І ў цяжкі час у 2020 годзе мы былі адзіныя. Суткамі знаходзіліся на працы, прасілі, каб хтосьці глядзеў нашых дзяцей. Я не помню ні аднаго вечара, каб мы паскардзіліся адно аднаму, як нам цяжка: ні муж, ні я, ні нават дзеці. Усе разумелі, што адбываецца. Хаця мы адчувалі маральнае напружанне не толькі на рабоце, але і дома — было вельмі складана. Булінг, пагрозы, усё, што кожны дзень сыпалася на нашу сям’ю, мы вытрымалі спакойна. Для мяне самым важным было, каб не пацярпелі дзеці. І, дзякуй богу, усё абышлося.

— А якая Вольга Чамаданава гаспадыня? Ці любіце гатаваць?

— Практычна ніколі не набываю нічога ў кулінарыі. Усё здольная прыгатаваць хутка і сама. Нават калі я прыйду позна вечарам, усё роўна нешта замарыную, а заўтра папрашу дачку, каб яна паставіла ў духоўку. У выхадныя адназначна гатую розныя стравы: і лазанню, і супы з гародніны, пяку пірагі, тарты. Напрыклад «Напалеон», прычым і класічны, і тварожны. Гэта для мяне не праблема. Заўсёды на Новы год, на свой Дзень нараджэння — тарты ўласнай вытворчасці. Магу і савецкія «арэхі» спячы са згушчонкай, шарлотка — гэта ўвогуле паміж справай, пакуль катлеты пякуцца. Я ў пэўнай ступені распесціла сваю сям’ю, бо ўсе чакаюць смачненькага.

— Наперадзе Новы год. Як звычайна святкуеце?

— Новы год — заўсёды ў сям’і. Мы накрываем стол, усё ўпрыгожваем, слухаем выступленне Прэзідэнта, спяваем гімн — усё, як у савецкай сям’і.

— Што найбольш цэніце ў чалавеку?

— Шчырасць і адданасць. Для мяне самае страшнае — гэта здрадзіць. У маім жыцці такое было. Я абсалютна не злапамятны чалавек, але ўсё помню. Аднак магу пераступіць праз свае амбіцыі: галоўнае — разумець, дзеля чаго. Не прывыкла людзям не верыць. У маім жыцці, на жаль, былі памылкі. У любым выпадку, я чалавек неабыякавы: і да людзей, і да таго, што адбываецца навокал. Гэта ж трэба было менавіта мне ў адзін з найбольш складаных для краіны перыядаў апынуцца ва ўпраўленні інфармацыі і ўзяць на сябе ўвесь той бруд. Аднак я не буду ніколі аб гэтым шкадаваць. Значыць, так было дадзена Богам.

Вераніка КАНЮТА

Фота з уласнага архіва гераіні публікацыі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».