Вы тут

Падлеткавыя мары аб працы


Мая старэйшая 17-гадовая дачка-студэнтка ўсё лета шукала сабе падпрацоўку. Нарэшце, яе ўзялі ў адну са сталічных кавярняў, і яна там не адзіная студэнтка. Цяпер трынаццацігадовы сын з некаторай зайздрасцю глядзіць на сястру — у яе ёсць заробак, а ён змушаны збіраць кішэнныя грошы на рамонт свайго ноўтбука. На жаль, у яго не атрымаецца знайсці працу афіцыйна. Чаму? Пра гэта нам расказалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.


Згодна з Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь, заключэнне працоўнага дагавора дапускаецца толькі з асобамі, якія дасягнулі 16 гадоў. А вось з чатырнаццацігадовымі працоўны дагавор можа быць заключаны для выканання лёгкай працы, якая не прычыняе шкоды здароўю і не парушае працэс навучання, і толькі з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў, усынавіцеляў ці папячыцеляў. Прычым працаваць маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў могуць не больш за 23 гадзіны ў тыдзень, ад 16 да 18 гадоў — не больш за 35 гадзін у тыдзень.

Працягласць штодзённай работы (змены) падчас канікулаў вучняў адукацыйных устаноў ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў не можа перавышаць 4 гадзіны 36 хвілін, а ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў — 7 гадзін. Што датычыцца працоўнага часу для непаўналетніх на працягу вучэбнага года (у вольны ад вучобы час), то дзеці ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў могуць працаваць не больш чым 2 гадзіны 18 хвілін, а ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў — 3 гадзіны 30 хвілін у дзень.

Нягледзячы на скарочаную працягласць рабочага часу, непаўналетнім работнікам заработная плата выплачваецца ў такім жа памеры, як работнікам адпаведных катэгорый пры поўнай занятасці. Выключэнне складаюць навучэнцы, якія атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю, спецыяльную адукацыю на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю, якія працуюць у вольны ад вучобы час.

Аплата працы такім непаўналетнім праводзіцца прапарцыянальна адпрацаванаму часу або ў залежнасці ад выпрацоўкі. Наймальнікі могуць устанаўліваць вучням даплаты да заработнай платы.

Забараняецца прыцягненне асоб, маладзейшых за 18 гадоў, на цяжкую працу і на працу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі, на падземную горную працу, а таксама на начную і звышурочную працу, працу на святочныя дні і выхадныя.

Маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў могуць выконваць лёгкія віды працы, якія не з'яўляюцца шкоднымі для іх здароўя і развіцця, не перашкаджаюць атрыманню агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Найбольш распаўсюджанымі тут з'яўляюцца рамонтныя работы ў школьных класах і навучальных аўдыторыях, азеляненне тэрыторый, добраўпарадкаванне навучальных устаноў і ўстаноў сацыяльнай абароны, пашыў швейных вырабаў, рэстаўрацыя кніжнага фонду бібліятэк, выраб мяккай цацкі і сувеніраў, вырошчванне сельскагаспадарчай прадукцыі, выраб стэндаў і іншыя даступныя віды работ.
Пры гэтым наймальнік павінен завесці падлетку працоўную кніжку, бо яны запаўняюцца (за выключэннем наймальніка — фізічнай асобы) на ўсіх работнікаў, якія працуюць больш за пяць дзён.

Для аказання садзейнічання ў працаўладкаванні ў вольны ад вучобы час маладыя людзі могуць звярнуцца ў службу занятасці па месцы жыхарства ці ва ўстанову адукацыі.

Часовая занятасць моладзі ажыццяўляецца на працягу цэлага года ў арганізацыях незалежна ад іх формы ўласнасці ва ўсіх рэгіёнах
краіны. За апошнія дзевяць месяцаў служба занятасці працаўладкавала амаль 30 тысяч навучэнцаў і студэнтаў, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі.

Мерапрыемствы па забеспячэнні занятасці моладзі ўключаны ў Дзяржаўную праграму «Рынак працы і садзейнічанне занятасці» на 2021—2025 гады.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?