Вы тут

Варона — таксама чалавек


Што рабіць, калі тваё «дзіця» збягае з дому, хаваецца на вакзале па начах, днём папрашайнічае ці «страляе» цыгарэты? Хваліць і чакаць, упэўнена гамяльчанка Вольга Самахавец. Такога ж «складанага падлетка» сем месяцаў таму яны з мужам прынялі ў сваю сям’ю на выхаванне. Іх падкідыш, што патрабуе цярпення, сіл і ўвагі, — варанянё.


Няволя ці ратаванне

Раніца інжынера-электроншчыка, мамы траіх дзяцей, гаспадыні вялікага дома пачынаецца з гатавання сняданку для сям’і і адбору порцыі чарвякоў для «малодшанькага». У ежы Карыч — цёзка кемлівага ворана з мультфільма «Смяшарыкі» — непераборлівы. Цяпер, калі перастаў хутка расці, нават наядаецца. Праўда, можа прыхаваць нешта смачнае для сябе на дэсерт. У гэтай сям’і ведаюць: перад тым, як абуцца, абавязкова правер, што захоўвае твая пара. Звычайна ў абутковай «хованцы» птушкі — кавалкі яблыкаў уперамешку з туалетнай паперай і недаедзенай вячэрай. Ведае: у выхаванні яго новая «чарада» лаяльная, фізічныя пакаранні выключаны.

— З’явіўся ў ён нас у маі гэтага года. Сын мой выйшаў на вуліцу, каля яго машыны сядзела маленькае птушаня. Было галоднае — крыламі махала, гарлапаніла, але не ўцякала, як усе птушкі, у кусты, а нападала, тузала за край штаноў, маўляў, дайце паесці. Мы яго забралі ў хату, пакармілі і выпусцілі назад, дзе ўзялі. Думаем, ну бацькі ж павінны знайсціся. Сядзім, выглядаем, бацькоў няма. Варанянё сабралася і пайшло па асфальтаванай дарозе на трасу. Спалохаліся і забралі назад у дом. Так і застаўся, — расказвае Вольга.

Згадвае яна, адразу прыйшлося чырванаротага тады яшчэ птушаняці тэрмінова везці ў ветклініку. І ампутаваць пальчык на адной лапцы: не змаглі вылечыць пасля адкрытага пералому. Быў курс лячэння антыбіётыкамі і прывыканне да нораву Карыча. Рот у яго не закрываўся: увесь час хацеў есці і ніяк не наядаўся. Але прыручыўся хутка. Іх сямейны гадаванец вельмі кранальны, далікатны, любіць пасядзець на ручках, не супраць здымак на камеру здалёк, але партрэтныя фота не выносіць. Выключэнне можа зрабіць толькі для малодшай з дзяцей у сям’і — Яны Самахавец.

— Больш за ўсё ён любіць «дапамагаць»: бялізну закладваць і выгружаць з машынкі пральнай. Калі разам мыем посуд, то плёскацца любіць, — выдае дзяўчынка.

Сям’і даводзіцца прыдумваць розныя штукі, каб заняць пестуна, адвесці ад шкоды. Спачатку, калі трэба было па справах усім з’ехаць з дому, пакідалі птушку ў двары, у вальеры тры на тры метры. Такая кватэра прыйшлася даспадобы.

— Калі падрос, выдатна аперыўся, стаў днём гуляць у двары пад наглядам. Адлятаў па сваіх справах, але вяртаўся нанач. Запомніў, што а палове пятай мы збіраемся, і ён, значыць, дадому. Чакае нас, просіцца ў хату і застаецца да раніцы. І вось гэтыя вячэрнія гадзіны — самае складанае, як з дзіцем. Ён рве ўсё, хавае, шкодзіць. Таму мы імкнёмся яго займаць. Прыдумляем пэўныя справы, каб час удзяліць як след, але ў такім месцы ў доме, каб моцна не нашкодзіў, — тлумачыць Вольга Самахавец.

Дарэчы, пол свайго «дзіцяці» сям’я не ведае. Каб вызначыць гэта, трэба рабіць ДНК-пяра. Вырашылі, лепш укласціся ў бяспеку падкідыша. Тым больш што падставы для турбот ёсць.

Вакзальныя звычкі

Недалёка ад іх дома — гомельскі чыгуначны вакзал, аблюбаваны птушкай, каб адляцець «па справах».

— Раней, калі не прылятаў дадому начаваць, мы ведалі, што ён на вакзале. Там асвятленне ўсю ноч, шпацыруе, папрашайнічае наш гарэза. Любіць развязаць шнуркі тым, хто зазяваўся, — дзеліцца сямейства.

Спачатку яны ездзілі на вакзал і яго забіралі. Гэта не значыць, што бегалі і даганялі. Ён пазнае сваіх і ідзе на рукі сам, прыціскаецца. Так часам знікаў па начах, пакуль добра не запомніў дарогу дадому. Удзельнікі груп у сацыяльных сетках, дзе пакідаюць даныя аб згубленых гадаванцах, пісалі, дзе бачылі акальцаваную пэўным чынам варону. Вольга з мужам зрываліся з працы, ехалі і сапраўды знаходзілі.

— Неяк паляцеў днём, і пачаўся дождж. Думалі, спалохаўся і не змог вярнуцца. Не было яго пяць дзён. Мы ўжо, вядома, вельмі знерваваліся. Развесілі аб’явы. Пасля патэлефанавала жанчына, якая нібыта бачыла нашу варону ў іншым раёне — вельмі далёка. Гаворыць, адна падазроная птушка з выдатным апярэннем на прыпынку развязвае людзям шнуркі. Мы адразу зразумелі: наш. Паехалі і прывезлі дадому. Пасля гэтага пачаўся перыяд, калі ён не проста еў, пакуль не наесца, а прыхоўваў ежу дома, — дзеліцца Вольга.

«Модны шкет»

У канцы лета новы член сям’і знік на тры тыдні. Знайшоўся зноў дзякуючы неабыякавасці чужых людзей і паведамленням у групах сацсеткі. Вярнуўся моцна аблыселы і схуднелы, больш не знікаў. Але пасля таго здарэння «складанага падлетка» паставілі на прафілактычны ўлік. Для вараняняці набылі GРS-трэкер, які кладзецца ў малюсенькі скураны заплечнік, тыпу паясной сумачкі, што цяпер модная ў падлеткаў. Апранаецца прыстасаванне праз галаву пад крыло. Праўда, паведамляе аб перамяшчэннях блуднага сына не толькі гаджэт. Па звычцы гомельскія віртуальныя знаёмыя сямейства, што неспадзявана прыйшлі у іх жыццё праз птушыную гісторыю, пішуць, дзе бачылі іх гадаванца.

— Калі ён знік, «мы знерваваліся» — не тыя словы: я сапраўды не магла спаць, — прызнаецца Вольга. — Справа не толькі ў тым, што прывыклі да яго, а яшчэ і ў вялікім пачуцці віны. Бо на нас ужо адказнасць за яго лёс: думаеш, можа, нельга было тады яго падбіраць, браць у дом, можа, знайшліся б бацькі... Калі птушаня менавіта ўскормлена ў няволі, яно не зможа выжыць на вуліцы, бо не прыстасаванае. Мы ўпэўнены: цяпер яно ўспрымае сябе чалавекам, а людзей — як суродзічаў. Ён вельмі даверлівы.

Забіяка-паўтарака

Выхоўваць птушку гомельскай сям’і дапамагае дрэсіроўка. Для гэтага набылі адмысловае прыстасаванне — клікер. Калі гадаванец зрабіў тое, што прасіў гаспадар, націскаецца кнопка на клікеры, адбываецца пстрычка — знак таго, што задача выканана. Потым абавязкова заахвочванне.

— Калі я выйду на вуліцу і пашчоўкаю гэтым клікерам, ён прыляціць з любога кута, бо ведае, што яму перападзе зараз нешта смачнае, — тлумачыць гаспадыня.

Пытаюся, чым любіць іх варанянё ласавацца: перапяліныя яйкі, абястлушчаны тварог. Мяса і печань не вельмі любіць, хоць яму гэта вельмі карысна, прыходзіцца прымушаць. Затое вельмі ахвотны да ягад. Усё лета выбіраў з гаспадарамі маліну, агрэст. «Мы выбіраем, і ён сядзіць на кусце і есць. Наогул, ён вялікі паўтарака», — усміхаецца «птушыная маці».

Самае галоўнае (і гэта самае складанае, што патрабуе такі гадаванец, кажа Вольга) — шмат увагі, рэальнай зацікаўленасці ім і камунікацыі. Любімы занятак — рабіць усё разам з гаспадарамі дома. Калі нешта зламалася ў хаце з тэхнікі і патрабуе рамонту, птушаня ўжо не відаць і не чуваць: да позняга вечара «дапамагае» мужчынам сям’і Самахавец, перабірае правады, цягне адвёрткі, імкнецца нават разам закручваць гайкі. Актыўны адпачынак іх падапечнага можна ацаніць па відэа, якія збіраюць прагляды ў сацыяльных сетках. На іх ён выцягвае па адной запалцы з пачка, займаецца з дзіцячым сортарам, дзе трэба разабраць фігуркі па фарбах і форме.

— Цяпер любімая фішка: калі праводзіць нас з дому, садзіцца на лабавое шкло, чапляецца лапамі за «дворнікі» і так даязджае з намі, напрыклад, да вакзала. Потым таксама і сустракае нас, калі мы на пад’язной дарозе да дома, — кажа Вольга. — Яшчэ ён — вялікі здабытчык, якога можна пераблытаць са зладзюжкай. У нас ёсць недалёка аўтасэрвіс, ён прынёс нам неяк адтуль аўтамабільныя шчоткі, прыйшлося з’ездзіць вярнуць. Прыносіў пачак цыгарэт, запальніцы, нядаўна прынёс цэлую бабіну вяроўкі. Цяпер у нас узнікла з ім цэлая праблема. У маіх дваіх сыноў ёсць дзяўчаты. Мы не ведаем, ці то ён раўнуе іх, ці то кантралюе сваю тэрыторыю, але ён ганяе дзяўчат па ўсім двары, дзяўбе. Мы не можам даць рады — хоць ты ў шлемы нашых госцей апранай!

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва гераіні

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».