Вы тут

З чаго складаецца работа дэпутата Адзінцовай з выбаршчыкамі


Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Святлана Адзінцова прадстаўляе ў беларускім парламенце інтарэсы палачан. На тэрыторыі Полацкай гарадской акругі № 27, ад якой яна дэлегаваная ў ніжнюю палату, пражывае каля 60 тысяч чалавек — у самім Полацку і населеных пунктах Салоніцкага і Экіманскага сельсаветаў. Карэспандэнт «Звязды» пацікавіўся: ці шмат жыхароў акругі звяртаецца па дапамогу? Як часта ўдаецца вырашыць іх праблемы? Якія дэпутацкія ініцыятывы рэалізоўваюцца ў рэгіёне?


Фармулёўка задач

Самы старажытны горад Беларусі і яго наваколле Святлана Уладзіміраўна ведае добра, бо нарадзілася ў Полацкім раёне, у населеным пункце Ксты. Скончыла Полацкае медыцынскае вучылішча, Віцебскі Ордэна Дружбы народаў медыцынскі інстытут па спецыяльнасці «Лячэбная справа», клінічную ардынатуру пры гэтай жа ВНУ па спецыяльнасці «Хірургія». Кандыдат медыцынскіх навук. Узнагароджана нагрудным знакам «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь».

Уся працоўная біяграфія дэпутата звязаная з Полаччынай. Працавала медсястрой хірургічнага аддзялення Полацкай ЦРБ, хірургам па аказанні экстраннай дапамогі Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы. Займала кіруючыя пасады ў мясцовых медыцынскіх установах. Двойчы абіралася ў Полацкі гарадскі і Віцебскі абласны Саветы дэпутатаў. Была дэлегатам другога і пятага Усебеларускіх народных сходаў. «Вашы наказы — мае задачы!» — дэвіз яе дэпутацкай дзейнасці. Мае ўзнагароды, уганаравана званняў «Жанчына года Віцебшчыны», «Чалавек года Віцебшчыны».

Але, бадай, самае галоўнае прызнанне дэпутата — яго вядомасць сярод выбаршчыкаў. І гэта мае непасрэднае дачыненне да Святланы Адзінцовай.

120 сустрэч

На Полаччыне яна бывае часта. «Сёлета праведзена каля сарака сустрэч з выбаршчыкамі, каля васьмідзесяці — у працоўных калектывах, чатыры асабістыя прыёмы, шэсць прамых тэлефонных ліній, разгледжана больш за 150 зваротаў ад грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб. Акрамя таго, традыцыйна бяру ўдзел у пасяджэннях мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў», — распавядае народная абранніца.

Асноўная тэматыка пытанняў, з якімі звяртаюцца выбаршчыкі, — стан дарог і двароў, добраўпарадкаванне мікрараёнаў горада, зямельныя, жыллёвыя пытанні, дзейнасць гаражных кааператываў, рамонт дамоў і пад’ездаў, пенсіённае забеспячэнне.

«Нярэдка просяць дапамагчы ў пытанні медыцынскага абслугоўвання, улічваючы маю былую прафесійную дзейнасць», — дадае дэпутат.

Штомесяц яна сустракаецца са старшынёй Полацкага райвыканкама і яго намеснікам па сацыяльных пытаннях, бярэ ўдзел у нарадах, ранішніх планёрках, пасяджэннях штабоў па пытаннях прафілактыкі COVІD-19. З начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама абмяркоўвае законапраекты (кодэксы аб адукацыі, культуры, закон аб турызме і іншыя), якія знаходзяцца ў Палаце прадстаўнікоў. Традыцыйна кантралюе падрыхтаванасць устаноў адукацыі да пачатку новага навучальнага года, пытанні сацыяльнай падтрымкі шматдзетных сем’яў, пенсіённага забеспячэння, рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.

Ад амбулаторыі да аліментаў

Кола пытанняў, з якімі звярнуліся жыхары выбарчай акругі падчас прамой тэлефоннай лініі ў мінулым месяцы, датычылася як асабістых тэм, так і грамадскіх. Урача адной з прыватных медыцынскіх устаноў цікавіла пытанне арганізацыі работы ва ўмовах прыпынення аказання планавай медыцынскай дапамогі. Святлана Уладзіміраўна дала практычныя рэкамендацыі па алгарытме работы, а таксама праінфармавала, што дадзенае пытанне будзе дадаткова вывучана ёю ў Палаце прадстаўнікоў.

Пенсіянера, які пражывае ў полацкім мікрараёне Грамы, цікавіла тэма пераезду медыцынскай амбулаторыі ў новы будынак. Дэпутат растлумачыла, што гэтае пытанне знаходзіцца на стадыі вырашэння. Таксама былі агучаны пытанні рэжыму работы аптэкі, праблема вывазу смецця. Усё гэта парламентарый узяла на кантроль, каб знайсці аптымальнае рашэнне.

Яшчэ адна праблема, з якой пазванілі Святлане Адзінцовай, — ухіленне бацькаў ад выплаты аліментаў на ўтрыманне дзіцяці. Яе дэпутат мае намер прапрацаваць з зацікаўленымі службамі. Па ўсіх пытаннях, якія патрабуюць дадатковага вывучэння, заяўнікі будуць праінфармаваныя дадаткова.

І падзякаваць

У верасні Святлана Адзінцова правяла не адзін, як планавалася, а два асабістыя прыёмы грамадзян.
Выбаршчыкаў, у прыватнасці, цікавіла аднаўленне дзейнасці групы здароўя па дыхальнай ёзе. 

Напярэдадні асабістага прыёму парламентарый прапрацавала шляхі вырашэння гэтага пытання са спецыялістамі аддзела спорту і турызму Полацкага райвыканкама — работа групы здароўя была адноўленая. У падобных выпадках выбаршчыкі прыходзяць, каб асабіста падзякаваць.

Хвалявалі палачан стан каштанаў на прывакзальнай плошчы, абрэзка дрэў у двары. Была заява наконт распаўсюджвання рэкламы праз паштовыя скрыні, зварот з прапановамі заканадаўчага характару. Выказана прапанова па змяненні правілаў арэнды і карыстання маёмасцю, аб узмацненні мер адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёлінамі. Пытанні заканадаўчага характару Святлана Уладзіміраўна абмяркоўвае з профільнымі камісіямі Палаты прадстаўнікоў.

Убачыць самой

Даволі часта парламентарый, каб дапамагчы заяўнікам, выязджае ў праблемныя лакацыі. 23 верасня на асабісты прыём звярнуўся выбаршчык па пытаннях рамонту даху і вентыляцыйнай шахты жылога дома 1952 года пабудовы, а таксама неабходнасці яго капітальнага рамонту ў цэлым. Пытанне было вывучана дэпутатам разам з аддзелам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Полацкага райвыканкама і КУП «ЖКГ г. Полацка». У кастрычніку Святлана Уладзіміраўна выехала на месца, каб сустрэцца з заяўнікам і іншымі жыхарамі дома. У сустрэчы браў удзел начальнік ЖЭС-1 Сяргей Аляксандраў. Яны наведалі кватэры, выслухалі заўвагі, выказалі рэкамендацыі і прапановы па правілах эксплуатацыі жылых памяшканняў. Пасля гэтага Святлана Уладзіміраўна абмеркавала з начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Уладзімірам Казлоўскім магчымасць уключэння будынка ў перспектыўны план правядзення капітальнага рамонту жыллёвага фонду. Пытанне ўзята на асабісты кантроль дэпутата.

Яшчэ адна сфера клопату парламентарыя — маніторынг цэн на тавары першай неабходнасці і эпідэмічная сітуацыя.

Адказаць на кожны званок

Па ініцыятыве дэпутата праводзіліся дыялогавая пляцоўка па тэме гатоўнасці да работы дашкольных устаноў пры ўмове скарачэння дэкрэтнага водпуску, сустрэча з Маладзёжным парламентам. Адбылося абмеркаванне са старшынёй Полацкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа стану спраў у структуры, асноўных напрамкаў дзейнасці, перспектыўных планаў работы. Па прапанове дэпутата быў арганізаваны круглы стол «Міласэрнасць — гэта гатоўнасць рабіць дабро», прымеркаваны да 100-годдзя з дня ўтварэння ў нашай краіне Чырвонага Крыжа. Дэпутат сустракалася з кіраўніком Цэнтра абароны жыцця і сямейных каштоўнасцяў «Зараджэнне» Полацкай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы ў рамках рэспубліканскай акцыі «Мая сям’я — мая краіна», удзельнічала ў шматлікіх рэгіянальных мерапрыемствах.

Дарэчы, работа з выбаршчыкамі праводзіцца не толькі падчас знаходжання дэпутата ў акрузе, а званкі і звароты яе памочнік Наталля Ганебная прымае не толькі ў рабочы час.

«Хачу падкрэсліць, што да дэпутата праз памочніка аператыўна можна звярнуцца не толькі падчас, напрыклад, асабістых прыёмаў, — кажа парламентарый. — Над вырашэннем праблем працую не адна, а ў цеснай звязцы з прадстаўнікамі мясцовай улады. Безумоўна, чым хутчэй мы дапаможам чалавеку, тым больш выбаршчыкаў адчуе, што ў Беларусі няма незаўважанага грамадзяніна, што дзяржава даражыць меркаваннем кожнага. І ўсе могуць разлічваць на паразуменне, клопат і падтрымку».

Святлана Адзінцова ўпэўненая, што «маленькіх людзей» у нас няма, бо ўсе маюць права выбіраць сваіх прадстаўнікоў ва ўладзе і разлічваць на павагу і падтрымку. Важна, каб кожны браў актыўны ўдзел ў ажыццяўленні дзяржаўных спраў, развіцці краіны, рэзюмуе дэпутат.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.