Вы тут

Рост колькасці аўтамабіляў — паказчык дабрабыту, але і галаўны боль для улады


Апошнім часам мясцовыя ўлады адміністрацыйных раёнаў сталіцы складаюць графікі эвакуацыі транспартных сродкаў, якія не эксплуатуюцца, з гарадскіх вуліц, двароў і прыдамовых тэрыторый.


У Мінску сёння налічваецца больш за 800 тысяч аўтамабіляў. Гэта вялізная лічба. І, зразумела, пэўная іх частка, хоць і даволі мізэрная, з часам сыходзіць з дарог з прычыны дарагоўлі рамонту, нявыгаднай замены запчастак, немагчымасці прайсці тэхагляд без укладання салідных сум грошай. Вось так і стаяць такія «калекі» навідавоку, нярэдка працяглы час. І што рабіць?

Старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Бугроў гаворыць, што рост колькасці легкавых аўтамабіляў ва ўласнасці мінчан — важны паказчык іх дабрабыту. Але, з іншага боку, кінутыя машыны — галаўны боль для мясцовай улады. Такія машыны паступова разукамлектоўваюцца зламыснікамі, стаяць са спушчанымі коламі, іржавыя і брудныя. Так бы мовіць, своеасаблівая лыжка дзёгцю ў бочцы гарадскога парадку, сапраўдны выклік добраўпарадкаваным дварам. Акрамя таго, кінутыя машыны перашкаджаюць рамонту бардзюраў, замене дарожнага палатна, а зімой — прыбіранні снегу.

Паводле слоў старшыні, змагацца за чысціню гарадскіх двароў мясцовым уладам горада дапамагаюць дэпутаты Мінгарсавета, якія ў сваіх выбарчых акругах нагадваюць мінчанам заняцца сваімі кінутымі аўтамабілямі, якія ўжо працяглы тэрмін знаходзяцца на прыколе і наўрад ці зноў будуць эксплуатавацца.

— Дэпутаты рэгулярна, прыкладна двойчы на месяц, аб'язджаюць тэрыторыю сваіх выбарчых акруг з мэтай убачыць на свае вочы, што на дадзены час робіцца на падведамаснай тэрыторыі, якія праводзяцца рамонты і г. д. Яны сустракаюцца з насельніцтвам, выслухоўваюць меркаванні жыхароў, атрымліваюць карысную інфармацыю, у тым ліку і па наяўнасці аўтахламу. І калі такія факты пацвярджаюцца, то дэпутаты даводзяць іх да адпаведных гарадскіх службаў, а тыя непасрэдна да гаспадароў кінутых машын. І такая сумесная работа дэпутацкага корпуса і мясцовай улады дае плён, — кажа Андрэй Бугроў.

Многія аўтаўласнікі пасля атрымання паведамлення аб тым, што іх транспартны сродак прызнаны непрыдатным для далейшай эксплуатацыі, імкнуцца самастойна вырашыць праблему: перавозяць машыну ў гараж ці на нейкую стаянку або ўтылізуюць. Сёлета было накіравана каля дзвюх з паловай тысяч такіх паведамленняў. Большасць аўтаўладальнікаў адгукнуліся і забралі з вуліц кінутых «жалезных коней».

Трэба адзначыць, што работа з «адпрацаванымі» аўтамабілямі ў сталіцы вядзецца ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта «Аб мерах па арганізацыі збору, захоўвання неэксплуатаваных транспартных сродкаў і іх наступнай утылізацыі». Ход спраў у дадзенай сферы рэгулярна разглядаецца на пасяджэннях рабочай групы Мінгарвыканкама па добраўпарадкаванні і ўтрыманні тэрыторый сталіцы. З пачатку гэтага года эвакуіраваны сотні аўто. Пры гэтым 250 машын уладальнікі потым забралі. А вось зусім незапатрабаваная тэхніка пасля прызнання па рашэнні суда яе безгаспадарнай утылізуецца.

Дарэчы, напярэдадні зімы члены рабочай групы абмеркавалі пытанне барацьбы са звалкамі аўтамабільнага «абутку» пасля сезоннай замены летніх шын на зімовыя ў гаражных кааператывах. Ад іх старшынь запатрабавалі захоўваць парадак.

У эвакуацыі кінутага транспарту ёсць пэўныя нюансы. Аказваецца, своечасова выявіць аўтахлам — яшчэ не значыць разабрацца з ім хутка і па правілах. На мінскіх вуліцах пакуль нямала грузавікоў і аўтобусаў, якія не эксплуатуюцца і, хутчэй за ўсё, ужо не будуць выкарыстоўвацца. Адрасы іх знаходжаня вядомыя, толькі вывезці іх не заўсёды атрымліваецца. Прычына простая: у гарадскіх службаў эвакуатары не разлічаныя на перавозку такіх габарытных машын.

Таму на сайце дзяржаб'яднання «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» размешчана запрашэнне да супрацоўніцтва юрыдычных асоб — уладальнікаў эвакуатараў (з поўнай пагрузкай транспартнага сродку) для аказання паслуг па прымусовым перамяшчэнні неэксплуатаваных аўтамабіляў.

Да кантролю за ходам выканання графікаў эвакуацыі кінутага аўтатранспарту далучаюцца таксама і дэпутаты Мінскага гарадскога Савета. У такой рабоце ўсё больш актыўна ўдзельнічаюць прадстаўнікі калегіяльных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (КОТГСаў) сталіцы, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыямі раёнаў і іх структурамі, напрыклад, службамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Мікалай ЛЮБЧАНСКІ

Фота Рамана КЛЮЧЫНА

Загаловак у газеце: Эвакуацыя па графіку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?