Вы тут

Вера, надзея і любоў. Як ні банальна гэта гучыць, менавіта на іх нярэдка ўсё і трымаецца


Вось такой слатой у вечным паўзмроку, якая толькі на пачатку снежня і бывае (далей будзе весялей — Новы год хутка, снегу больш насыпле, а пасля і дзень пакрысе большаць пачне) хочацца чагосьці вельмі добрага, праўда? Нейкай такой гісторыі, хай сабе і з кнігі або з фільма, а яшчэ больш — сапраўднай, нявыдуманай, ад якой і на душы пацяплее, і людзі ў тваіх вачах як від жывых істот палепшаюць, і ты, паколькі да гэтага віду адносішся, пра сябе самога лепш думаць пачнеш... Менавіта такая гісторыя ўжо паўгода «жыве» і развіваецца ў маім смартфоне, дакладней, у вайберы, у групе з красамоўнай назвай «Малыш, жыві!». Зрэшты, гісторыя не зусім пра Малыша…


Хаця менавіта з яго, прынамсі для большасці з гэтай групы, усё пачыналася. Памятаеце, я ўвесну пісала пра сабаку, якога ў Старобіне закапалі жывым, як добрыя людзі яго праз пяць дзён дасталі з зямлі, як адна добрая жанчына не дала яго ўсыпіць, а павезла ў Мінск ратаваць. Як падключыліся іншыя добрыя людзі, як стварылі сваю суполку, як скідваліся Малышу (так назвалі выратаванага сабачку) на лячэнне і рэабілітацыю. Як Малыш пачаў зноў бачыць, а пасля і шавяліць заднімі лапамі, як усе мы радаваліся: выратавалі жывую душу! Пра гэта перад Вялікаднем паказалі сюжэт на тэлебачанні, і, здавалася, усё ідзе да хэпі-энду: Малыш хутка паправіцца і яму — з яго вядомасцю — абавязкова знойдуць клапатлівага добрага гаспадара…

Але ўсё аказалася не так проста і весела. Ішоў час, нягледзячы на рэабілітацыю з усёмагчымай фізіятэрапіяй і меркаваннем урачоў, якія гаварылі, што пазваночнік у сабакі не пашкоджаны, Малыш так і не стаў на заднія лапы. Назначылі дадатковае даследаванне — і атрымалі несуцяшальны дыягназ: дэгенератыўная міелапатыя. Калі не ўдавацца ў падрабязнасці — даволі рэдкае генетычнае захворванне, пры якім у жывёлы паступова адмаўляюць канечнасці, урэшце яна не можа рухацца ўвогуле і гіне. Хутчэй за ўсё, калі Малыш перастаў станавіцца на заднія лапы, яго «гуманныя» гаспадары (якіх, дарэчы, нібыта шукалі, каб прыцягнуць да адказнасці, але так і не знайшлі) вырашылі яго забіць, «каб не мучаўся». Стукнулі па галаве і прывезлі на пустку закопваць. Але не дабілі, і няшчасная жывёла стагнала пад зямлёй, пакуль людзі не пачулі і не выцягнулі яе з таго свету...

Карацей, ахвотных узяць сабаку-інваліда з такім дыягназам (ды яшчэ самага што ні ёсць тыповага дварняка) без перспектывы, што паправіцца, не знайшлося. Гатовыя былі дапамагаць добрым словам (на гэта ўвогуле ўсе шчодрыя), грашыма (такіх ужо значна менш), хтосьці ўвогуле пакінуў групу, каб не мець дачыненне да гэтай ужо не такой добрай і пазітыўнай гісторыі. Але ніхто не сказаў: «Я вазьму». Сабака заставаўся ў цэнтры рэабілітацыі, знаходжанне ў якім зусім нятаннае. Чым бы ўсё скончылася, калі б перастала хапаць сабраных на гэта грошай — уяўляць не хацелася. А яшчэ вось у мяне асабіста ўсякія паскудныя думкі пра мяне саму лезлі ў галаву. Шкада, канешне, сабачку да слёз, і я б узяла яго... Калі б кватэра была большая, работа з іншым графікам, калі б кошкі не было... Дый увогуле — чаму павінна менавіта я? Вунь у групе больш за паўтысячы чалавек — знойдзецца ж нехта. Падазраю, што тыя самыя больш за паўтысячы думалі прыблізна тое ж.

Акрамя адной жанчыны. Той самай, якая прынеслася ў Старобін і забрала паўжывую жывёлу, не дазволіўшы яе ўсыпіць. Якая на сваёй машыне вазіла Малыша ў Мінск. Урэшце Малыш з усімі сваімі болькамі і несуцяшальным дыягназам пасяліўся ў яе кватэры ў Салігорску. І цяпер яна носіцца з ім — літаральна, бо даволі цяжкага сабаку на вуліцу трэба выносіць на руках. Не кажучы ўжо пра догляд жывёлы-інваліда, якая, прабачце за натуралізм, нават па-маленькаму без дапамогі не сходзіць…

Хтосьці скажа: ну, ёсць такія дзівакі. Рабіць няма чаго — хай сабе і носіцца. Але гэта не той выпадак. У Іны — так завуць нашу гераіню — цяжка хворая адзінаццацігадовая дачушка, сын-студэнт, немаладая мама. Усе яны патрабуюць часу, клопату, увагі. Пры гэтым жанчына працуе, а яшчэ дапамагае дзецям хворым на анкалогію і жывёлам, якія трапілі ў бяду. У самой у невялікай кватэры, акрамя ўжо згаданага Малыша, жыве яшчэ адзін сабака і як мінімум пяцёра катоў. Усе яны — падабраныя і выратаваныя. Аднойчы яна ў нашай віртуальнай размове расказала гісторыю іх з’яўлення. Усе падабраныя ці падкінутыя «жаласлівымі» людзьмі. Усіх забірала дамоў, бо «прападуць жа». І Малыша яна забрала да сябе, кіруючыся прынцыпам, які, напэўна, зрабіла для сябе адным з вызначальных ужо даўно: «Мы не можам дабавіць дзён у іх жыццё, але мы можам дабавіць жыцця ў іх дні»... Ва ўсіх выпадках падтрымлівалі дзеці, і старэйшыя, і малодшая, якая хварэе: «Нічога, мама, справімся!»

І яны — спраўляюцца. Нават цяпер, калі малодшая дачушка трапіла ў бальніцу, калі сама Іна даволі цяжка хварэла на ковід, яна нічога не прасіла ў людзей, якія ў групе засталіся, а значыць, гатовыя дапамагаць. Хіба што пазычыць раскладушку, каб старэйшая дачка магла пераначаваць каля малодшай у бальніцы. Хіба што каб хтосьці прыйшоў вынесці Малыша на вуліцу, пакуль у яе самой тэмпература.

Малыш цяпер не тое што ідзе на папраўку, але пачувае сябе добра. Любіць усякія прысмакі, брэша на катоў, хаця з адным, шэрым Дзімкам, нават пасябраваў. Іна сама ўжо выздаравела. Змясціла ўчора відэа: усе гадаванцы вакол яе ў пакоі, і ў кожных вачах — столькі любові, веры і ўдзячнасці. Дачакаліся яны і малодшую гаспадыню: дзяўчынцы палепшала, і ўчора яе выпісалі з бальніцы... Усё ў гэтай сям’і абавязкова будзе добра. Дабро, якое не на словах, а на справах, Там, наверсе, незаўважаным не застаецца.

Дарэчы, рэквізіты, на якія збіраем «пенсіён» для Малыша, ведаю і магу імі падзяліцца. Гэта я так, на ўсякі выпадак. Раптам хто таксама захоча — не словамі, а справай…

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pexels.com 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».