Вы тут

Як работа на «Баркасе» дапамагае прыстасавацца да дыягназу


Аляксандр усведамляў, што без працы яму будзе цяжка. Ён бачыў як многія яго знаёмыя ў падобнай сітуацыі проста здаюцца і жывуць на дапамогу па інваліднасці. Ён так не хацеў. Яму падавалася, што гэта будзе не жыццё, а выжыванне. На прадпрыемствах, якія згаджаліся яго ўзяць, праца ў асноўным была сядзячая. Аляксандр адчуваў там сябе так, быццам яго жыццё спыняецца. І ён не вытрымліваў і звальняўся. Неўзабаве трапіў на прадпрыемства «Баркас». Там яго ўзялі на пасаду кур'ера ў офіс у цэнтры горада. Цяпер жыццё мужчыны — рух, ён адчуў, што знайшоў сябе, і ўжо восем гадоў працуе на адным месцы.


— Усвядоміць сябе значным, патрэбным і карысным важна для кожнага з нас, — гаворыць дырэктар унітарнага прадпрыемства «Баркас» грамадскага аб'яднання «БелТІ» (Беларускае таварыства інвалідаў) Барыс ШЧАРБІНІН. — Гэтыя пачуцці дадаюць чалавеку моцы жыць, нават калі з ім здарылася бяда і ён стаў інвалідам. Наогул, любое захворванне, якое прыводзіць да інваліднасці, выбівае чалавека з каляіны. Ён бачыць прадпісанне МРЭК, у якім паказваецца, што яму нельга падымаць больш за 5 кг, нельга шмат хадзіць, і губляецца. І калі чалавек не меў поўнай жыццёвай загартоўкі, то пасля траўмы ён спыняе сваю працоўную дзейнасць, страчвае прафесійныя навыкі і самае сумнае — веру ў сябе і адказнасць. Ён быццам бы становіцца зламаным псіхічна.

Некаторыя ў гэтым стане ўсё ж імкнуцца неяк знайсці працу, але, атрымліваючы адмову за адмовай, адчуваюць сябе «бескарысным» як для сям'і, так і для грамадства ў цэлым. Іншыя знаходзяць выйсце ў алакаголі і пачынаюць піць і тым самым яшчэ больш ускладняюць ужо не толькі сваё жыццё, але і жыццё родных.

Часта здаралася, што чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, які прыходзіў на сумоўе да дырэктара прадпрыемства, ужо з парога панура заяўляў, што «хутчэй за ўсё, не падыходзіць для працы». Але кіраўнік ведаў, як цяжка пераадолець сваю няўпэўненасць такім людзям, і ўсё роўна разглядаў магчымасці прэтэндэнта, імкнуўся зразумець яго інтарэсы і такім чынам падбіраў пасаду. Потым вельмі беражліва новенькага ўводзілі ў калектыў і праз працу рэабілітавалі яго псіхалагічны стан.

— У нас ёсць слесар, які шмат гадоў не працаваў па сваёй прафесіі пасля атрымання інваліднасці, — расказвае Барыс Іванавіч. — І калі ён прыйшоў да нас, дык нават не памятаў, як трымаць у руках малаток. Але паціху, пераадольваючы сябе, вярнуў свае навыкі, стаў больш упэўненым, якасць яго працы значна павысілася.

Ужо на працягу многіх гадоў прадпрыемства «Баркас» працуе ў складзе «Беларускага таварыства інвалідаў». Некаторыя нават называюць яго непатапляльным баркасам. Кіраўнік лічыць, што гэта так, бо яны робяць важную справу для ўсяго грамадства.

У аснове дзейнасці прадпрыемства была закладзена швейная вытворчасць. Пачыналі працаваць з чатырох швейных машын. Па меры развіцця выраслі да колькасці працаўнікоў у 90 чалавек, з якіх больш за 50 % маюць інваліднасць. Сёння прадпрыемства выпускае больш за 150 відаў базавых мадэляў форменнага, рабочага і спецыяльнага адзення, а таксама вырабляе камплекты сталовай, пасцельнай бялізны і іншае.

У асноўным шыюць для прадпрыемстваў бюджэтнай сферы — бальніц, дзіцячых устаноў, інтэрнатаў. Акрамя таго, у «Баркаса» ёсць восем аўтамабіляў, якія не толькі развозяць гатовыя заказы, але і зарабляюць у вольны час, выконваючы заказы на развоз прадукцыі іншых прадпрыемстваў. У склад «Баркаса» сёння ўваходзіць і дапаможны зборачна-мантажны цэх, у якім работнікі робяць сталы, шафкі для дакументаў, шафы-купэ.

Жаданне дырэктара прадпрыемства дапамагаць людзям звязана з яго асабістай гісторыяй. Барыс Іванавіч нарадзіўся ў Новасібірску ў 1945 годзе. Ужо ў 16 гадоў пайшоў працаваць. У маладосці здабываў алмазы ў Якуціі, потым паступіў ва Уральскі політэхнічны ўніверсітэт, а калі скончыў установу, то ўладкаваўся на Мінскі завод імя Арджанікідзэ. Інжынер-электроншчык у 1986 годзе падчас аварыі на АЭС адправіўся са сваёй брыгадай у Чарнобыль. Пасля небяспечнай камандзіроўкі захварэў і потым доўга лячыўся. Выжыў, але стаў інвалідам.

— Я бачыў, як здаровыя і моцныя людзі пасля атрымання інваліднасці згасалі на вачах. Гэта было вельмі цяжка, — успамінае Барыс Іванавіч. — Але здавацца я не хацеў. Я сабраў тых, хто тады страціў працу, і арганізаваў будаўнічую фірму. Нейкім цудам мне ўдалося знайсці і кантракты на будаўніцтва. І мы сталі зарабляць даволі добрыя грошы і годна жыць.

Але актыўнасць арганізацыі праз некалькі гадоў пачала падаць.

— Я разумеў, што надышоў час згортваць працу фірмы, — расказвае кіраўнік. — Але бяздзейнічаць не хацеў, не хацеў пакідаць магчымасць даваць людзям надзею на дастойнае жыццё. Тады я накіраваўся ў Беларускае таварыства інвалідаў і прапанаваў стварыць сумеснае прадпрыемства.

Але ў грамадскага аб'яднання ўжо было зарэгістравана прадпрыемства «Баркас», і Барысу Шчарбініну засталося толькі арганізаваць яго работу. Тады дырэктар і прыняў рашэнне ўкласці свае грошы і закупіць на іх швейнае абсталяванне.

Прадпрыемства працуе на рынку краіны ўжо 27 гадоў. Навучыць там могуць усіх, хто мае жаданне вярнуцца ў сваю прафесію ці атрымаць новую. Вядома, уладкаванне на працу праводзіцца з улікам дыягназу і нагрузкі. Само прадпрыемства, дзе працуюць людзі з абмежаванымі магчымасцямі, атрымлівае ад дзяржавы падатковыя льготы і невысокую арэндную плату на памяшканні.

— Мы ствараем людзям умовы не толькі для працы, — падкрэслівае дырэктар. — Праца ў нашым калектыве — гэта новыя знаёмствы, зносіны і развіццё сябе і сваіх навыкаў. Калі чалавек у нечым раней быў закамплексаваны, то ў нашым калектыве ён становіцца іншым.

Прадпрыемства «Баркас» выконвае важную сацыяльную функцыю па адаптацыі інвалідаў у грамадстве, а яшчэ пералічвае частку даходаў у БелТІ.

— Мой жыццёвы досвед паказвае наколькі важна такое грамадскае аб'яднанне, — гаворыць дырэктар «Баркаса». — Я ўпэўнены, што аднаму чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі цяжка нечага дабіцца, аб'яднаўшыся, людзі адчуваюць моц. На базе БелТІ праходзяць маладзёжныя форумы, злёты, навучальныя семінары, дзе падказваюць, як адшукаць шлях да сябе. З дапамогай арганізацыі людзі патроху пачынаюць узаемадзейнічаць з грамадствам і ў выніку адчуваюць сябе карыснымі. Так што на хваробе жыццё не заканчваецца.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.