Вы тут

У музеі ВАВ адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».


— Мы яшчэ раз пацвярджаем, што беларускі і расійскі народы разам, — падкрэсліў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый МЕЗЕНЦАЎ. — Разам на шляху эканамічнай інтэграцыі, новы этап якой адкрылі Прэзідэнты Расіі і Беларусі, разам асэнсоўваем тую Вялікую Перамогу, узіраючыся і ў дзень цяперашні, і ў дзень заўтрашні. Для нас гэта вельмі важна і каштоўна. Мы хочам, каб гэтая экспазіцыя была блізкая не толькі ветэранам, але і ўсім тым маладым людзям, якія сёння побач з намі. Сімвалічна, што ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску сабраліся ветэраны вайны, Узброеных Сіл — тыя людзі, якія памятаюць не толькі горыч выпрабаванняў і паражэнняў, але і радасць перамог.


 

Дзмітрый Мезенцаў

Як адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля КАЧАНАВА, Вялікая Айчынная вайна і ўсё, што звязана з ёй, — святое. «Памяць аб гэтай вайне мы захавалі ў нашых сэрцах, і наша задача — перадаваць яе маладому пакаленню, — перакананая спікер верхняй палаты парламента. — Гэта аснова патрыятычнага выхавання моладзі Беларусі і Расіі — у гэтым няма ніякага сумнення. Менавіта гэта можа служыць падмуркам для таго, каб маладыя людзі памяталі, якой цаной дасталася тая Перамога. Дзякуючы нашаму старэйшаму пакаленню мы сёння жывём у такіх выдатных краінах — Беларусі і Расіі: міралюбівых, добрых, прыгожых».

Наталля Качанава паведаміла, што ў праекце змяненняў у Канстытуцыю захаванню памяці аб Вялікай Айчыннай вайне ўдзяляецца асаблівая ўвага. «На жаль, гісторыю імкнуцца перакруціць, але гэта зрабіць немагчыма, — акцэнтавала ўвагу яна. — Наша старэйшае пакаленне зрабіла ўсё дзеля таго, каб разграміць немцаў пад Масквой, каб не аддаць сталіцу сваёй Радзімы ворагу. Немцы былі разгромлены, і іх непераможнасць была звергнута. Мы павінны зрабіць усё дзеля таго, каб захаваць мір у нашых краінах. Сёння сітуацыя вельмі няпростая. Вы бачыце, як спрабуюць нагнятаць канфрантацыю, як спрабуюць скажаць гісторыю. Таму мы павінны памятаць сваю гісторыю, памятаць тых людзей, якія цаной свайго жыцця адстаялі свабоду і незалежнасць нашых краін. Мы павінны зрабіць усё, каб не дапусціць гэтага надалей. Ад нас, ад людзей, якія жывуць цяпер, ад тых, хто ідзе за намі, ад маладых пакаленняў, залежыць мір і спакой у нашых краінах. І мы павінны гэтую праўду несці ўсяму свету».

Выстаўка, а таксама экспертна-медыйны семінар, якія адбыліся пасля адкрыцця экспазіцыі, прысвечаныя святкаванню 80-й гадавіны пачатку контрнаступлення савецкіх войскаў у бітве пад Масквой. Маскоўская бітва — адна з найбуйнейшых у гісторыі сусветных войнаў: як па колькасці ўдзельнікаў, так і па колькасці ваеннай тэхнікі і ўзбраення. Да гэтай гістарычнай падзеі асаблівае стаўленне яшчэ і таму, што восенню 1941 года вайна разгарнулася ў прамым сэнсе слова «каля варотаў Масквы». Бітва за сталіцу СССР — пачатак нашай Перамогі, без якой нельга зразумець і ацаніць ні нашы страты, ні дасягненні.

У экспазіцыі — каля 250 прадметаў: дакументы, фотаздымкі, пісьмы, плакаты, узнагароды, асабістыя рэчы ўдзельнікаў тых падзей, зброя, творы выяўленчага мастацтва з фондаў Дзяржаўнага музея абароны Масквы, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Музея Перамогі.

Дзяржаўны музей абароны Масквы дэманструе ўнікальныя сведчанні бессмяротнага подзвігу абаронцаў Масквы: фотаздымкі ваенных фотакарэспандэнтаў Аляксандра Усцінава, Уладзіміра Мінкевіча, Міхаіла Савіна, плакаты перыяду пачатку бітвы за Маскву і дакументальныя матэрыялы. У аповед аб абароне і контрнаступленні пад сталіцай СССР арганічна ўпісаны і прадметы з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта матэрыялы, якія расказваюць пра лёсы байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, ураджэнцаў Беларусі і Расіі, якіх у адно цэлае звязала вайна. 17-гадовым студэнтам разам з бацькам уступіў у народнае апалчэнне Масквы Пётр Бухтаяраў. Ён прайшоў усю вайну і ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі. У народным апалчэнні пачынаўся і баявы шлях заслужанага мастака РСФСР Мікалая Абрыньбы. Ён трапіў у палон пад Вязьмай, змог уцячы і далучыўся да беларускіх партызан брыгады Дубава, якая дзейнічала на Віцебшчыне. Начальнікам артылерыі Заходняга фронту ў перыяд Маскоўскай бітвы быў беларус генерал-лейтэнант артылерыі Іван Камера. Медалём «За абарону Масквы» быў узнагароджаны ўраджэнец Магілёўскай вобласці Герой Савецкага Саюза Аляксандр Рабцэвіч — камандзір батальёна асобнай мотастралковай брыгады асаблівага прызначэння НКУС СССР, байцы якой змагаліся і на перадавой, і закідваліся ў тыл праціўніка.

Такім чынам, мінулыя падзеі, у якіх шчыльна перапляліся лёсы беларусаў і расіян, сведчаць не толькі аб тым, што ў нашых народаў агульная гісторыя. Сёння мы разам павінны ў тым ліку захаваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, каб будучыня, адна на дваіх, у нас таксама была светлая і мірная.

Вераніка КАНЮТА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.