Вы тут

За 10 месяцаў гэтага года ад перадазіроўкі наркотыкамі ў краіне загінулі 123 чалавекі


Захоўваецца тэндэнцыя амаладжэння асоб, якія ўцягнуты ў незаконны абарот наркотыкаў. Аб гэтым паведаміла начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Наталля САХАРЧУК.


— Праведзены намі аналіз паказаў: колькасць непаўналетніх, якія цяпер здзяйсняюць злачынствы ў дадзенай сферы, не змяншаецца, на жаль, адзначаецца дынаміка росту, — падкрэсліла Наталля Сахарчук. — За 10 месяцаў бягучага года супрацоўнікамі наркакантролю краіны было ўстаноўлена 96 непаўналетніх, якія здзейснілі правапарушэнне ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў. Іх узрост — ад 14 да 17 гадоў. Прычым гэта не толькі навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, але і студэнты ВНУ.

Як заўважыў начальнік Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Алег СІЛЬВЕСТРОВІЧ, эпідэміялагічная абстаноўка разам з іншымі абставінамі аказалі істотны ўплыў на працэсы, якія адбываюцца ў наркаасяроддзі. «Маладыя людзі сталі больш актыўна рэагаваць на прапановы лёгкага заробку, размешчаныя на шматлікіх інтэрнэт-пляцоўках, нягледзячы на разуменне незаконнасці сваіх дзеянняў, — адзначыў Алег Сільвестровіч. — Большасць асоб, якія здзейснілі злачынствы, звязаныя са збытам наркотыкаў, з’яўляюцца членамі арганізаванай злачыннай групы. А гэта, у адпаведнасці з артыкулам 328 Крымінальнага кодэкса, прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 6 да 20 гадоў».

Пагаджаючыся на прапановы наркадылераў, падлеткі часта думаюць, што ім за гэта нічога не будзе. Аднак гэта не так. Крымінальная адказнасць за збыт наркотыкаў наступае з 14 гадоў. Алег Сільвестровіч звярнуў увагу на той факт, што непаўналетнія з шэрагу спажыўцоў наркотыкаў часта пераходзяць у склад арганізаваных злачынных груп, якія займаюцца не толькі збытам наркотыкаў, але нават і арганізацыяй наркалабараторый па іх вырабе. «Метады псіхалагічнага ўздзеяння, якія выкарыстоўваюць арганізатары інтэрнэт-пляцовак па продажы наркотыкаў, становяцца больш агрэсіўнымі і ўдасканаленымі, уплываюць на свядомасць маладых людзей, — перакананы праваахоўнік. — Асобы, якія ўцягваюць моладзь у збыт наркотыкаў, бяруць да ўвагі той факт, што моладзь усё часцей прыцягваюць лёгкія заробкі, а ў іх культуры пераважаюць карысць, ганарыстасць і самалюбства. Асаблівую занепакоенасць і трывогу выклікае тая акалічнасць, што ўжыванне наркотыкаў школьнікамі становіцца прычынай іх гібелі. Практычна штодзённа ў аддзяленні таксікалогіі ўстаноў аховы здароўя працягваюць трапляць людзі па прычыне перадазіроўкі наркотыкамі. На жаль, не ўсіх з іх удаецца выратаваць».

Вядома, што асноўным рэсурсам для распаўсюджвання наркотыкаў сёння з’яўляецца інтэрнэт. «Ніхто ніколі не бачыць тых, хто знаходзіцца па той бок камп’ютара, смартфона або іншага гаджэта, — канстатуе начальнік Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС. — Тым не менш многія вераць у іх абяцанні і па сваім глупстве, і па наіўнасці, жадаючы атрымаць лёгкія грошы, вострыя адчуванні, часам расцэньваючы гэта як які-небудзь квэст, уступаюць у небяспечную гульню. Але гэта не гульня. Гэта асабліва цяжкае злачынства, якое прадугледжвае пакаранне. Адзіная мэта наймальнікаў — асабістае абагачэнне, а лёсы, жыцці і здароўе маладых і наіўных людзей ім абыякавыя».

Алег Сільвестровіч назваў парадаксальным той факт, што большасць дарослых перакананыя, што праблема наркотыкаў закране каго заўгодна, але толькі не іх сям’ю. «Высвятляецца, што многія бацькі дагэтуль не ведаюць, што інтэрнэт і гаджэты не толькі спрыяюць развіццю дзіцяці, але і нясуць сур’ёзную пагрозу бяспецы, — канстатаваў ён. — Спрабуючы не парушыць асабістую прастору дзіцяці, не звяртаючы ўвагу на змены ў паводзінах, не ведаючы кола зносін і не ўнікаючы ў лад жыцця, таты і мамы даведваюцца аб наступствах занадта позна. Гэта не азначае, што нам неабходна засцерагчы дзіця ад інтэрнэту, ды і ў наша стагоддзе гэта наўрад ці атрымаецца. Патрэбна знайсці час на зносіны са сваімі дзецьмі, тлумачыць ім, чым небяспечныя наркотыкі, быць уважлівымі да таго, з кім кантактуе падлетак, знаходзячыся ў сацыяльных сетках. Найлепшае вырашэнне праблемы — гэта яе прадухіленне. Неабходна не шкадаваць часу для сваіх дзяцей, бо, калі адбудзецца бяда і яны трапяць у сетку наркотыку або наркадылера, спатрэбіцца значна больш часу, каб выратаваць яго».

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: pexels.com

Загаловак у газеце: За 10 месяцаў гэтага года ад перадазіроўкі наркотыкамі ў краіне загінулі 123 чалавекі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.