Вы тут

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна


Ці трэба здаваць тэст на антыцелы перад рэвакцынацыяй? Каму і праз які час яна паказана? Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса? Пра тое, што змянілася ў падыходах да вакцынацыі, мы паразмаўлялі з намеснікам галоўнага ўрача Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірынай Мілановіч.


— Ірына Уладзіміраўна, чацвёртая хваля каранавіруснай інфекцыі ў Беларусі ідзе на спад. Ці ёсць сэнс зараз вакцынавацца, калі можа змяніцца штам?

— Так, менавіта ў гэты перыяд адноснай эпідэміялагічнай спрыяльнасці на фоне яўнага зніжэння захваральнасці на каранавірусную інфекцыю і варта засцерагчы сябе ад гэтай інфекцыі і яе цяжкіх наступстваў, зрабіўшы выбар на карысць вакцынацыі.

Нягледзячы на зменлівасць вірусаў, існуючыя вакцыны аказваюць сваё ахоўнае дзеянне, і абараняюць ад смяротных зыходаў і цяжкага ходу захворвання.

— Колькі людзей ў Мінскай вобласці ўжо прышчэплена? Колькі плануецца прышчапіць для дасягнення калектыўнага імунітэту?

— У Мінскай вобласці першай дозай вакцыны з 2-разовай схемай вакцынацыі ўжо прышчэплена 488 508 чалавек, што складае 34,3 % ад усяго насельніцтва, у тым ліку поўны курс вакцынацыі прайшлі 360 825 чалавек, або 25,3 %. Для дасягнення калектыўнага імунітэту на ўзроўні, здольным аказваць уплыў на ход эпідэміялагічнага працэсу, да канца гэтага года неабходна прышчапіць 50 % насельніцтва. Ёсць раёны, якія набліжаюцца да гэтага — больш як 41 % насельніцтва вакцынавана ў Нясвіжскім, Пухавіцкім, Старадарожскім і Стаўбцоўскім раёнах Мінскай вобласці.

— Што робіцца, каб людзі прымалі рашэнне прышчапіцца? Наколькі я ведаю, у раёнах існуе дастатковая колькасць нестандартных мерапрыемстваў і падыходаў?

— Асноўны метад працы з насельніцтвам — інфармацыйна-тлумачальная работа, і тут усе сродкі добрыя. З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі забяспечыць вочныя сустрэчы з людзьмі цяпер даволі праблематычна, бо ўсе разумеюць, што збірацца ў абмежаванай прасторы небяспечна, да таго ж яшчэ трэба выконваць сацыяльную дыстанцыю і выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай аховы органаў дыхання.

Асноўнымі спосабамі данесці важную інфармацыю аб неабходнасці, бяспецы і мэтазгоднасці вакцынацыі сталі розныя фарматы анлайн-мерапрыемстваў, шырокае выкарыстанне друкаваных і электронных СМІ, сайтаў устаноў дзяржсаннагляду, органаў выканаўчай улады, арганізацый аховы здароўя. Інфармацыя размяшчаецца на «жыроўках», у праграмах на радыё (у тым ліку ўнутраным, на прадпрыемствах) і тэлебачанні, распаўсюджваецца з дапамогай памятак, лістовак, буклетаў. Безумоўна, лепш за ўсё працуе асабісты прыклад. Таму скажу, што я і члены маёй сям’і прайшлі імунізацыю супраць каранавіруснай інфекцыі ў вясенне-летні перыяд і цяпер ужо задумваемся аб увядзенні бустэрнай дозы, або паўторнай сезоннай вакцынацыі.

— У вялікіх гарадах прышчапіцца можна ў гандлёвых цэнтрах, а ў сталіцы — нават у метро. У раёнах прышчэпачныя пункты ёсць толькі ў паліклініках?

— Не толькі. Арганізацыямі аховы здароўя ў кожным з раёнаў і горадзе Жодзіне забяспечана работа не толькі стацыянарных, але і выязных прышчэпачных брыгад. А ў Барысаве і Мінскім раёне прышчэпачныя пункты працуюць у буйных гандлёвых цэнтрах. Такія ж пункты таксама ёсць у Вілейскім, Валожынскім, Слуцкім, Маладзечанскім, Бярэзінскім і Смалявіцкім раёнах.

— Вы закранулі тэму рэвакцынацыі. Каму яна паказана? Якой вакцынай рэкамендуецца прышчапляцца і праз які тэрмін пасля курса вакцынацыі ці хваробы?

— Праз шэсць месяцаў пасля завершанага курса вакцынацыі рэкамендуецца ўвядзенне бустэрнай дозы аднакампанентнай вакцыны «Спадарожнік Лайт». Калі пасля вакцынацыі прайшло 12 месяцаў, неабходна выкарыстоўваць двухкампанентны прэпарат — у нас у краіне гэта «Спадарожнік V» або вакцына вытворчасці КНР.

— Што варта рабіць, каб рэвакцынавацца?

— Звярнуцца ў тэрытарыяльную арганізацыю аховы здароўя, там вас сарыентуюць.

— Калі чалавек вакцынаваўся «Спадарожнікам», ці можна рэвакцынавацца кітайскай вакцынай? Ці ёсць яна зараз у раёнах?

— Так, можна. Вакцына ў раёнах маецца.

— Колькі прышчэпак у такім выпадку рабіць?

— Дзве пасля заканчэння 12 месяцаў.

— Ці трэба перад гэтым вымяраць цітр антыцелаў?

— Не, такой неабходнасці няма.

— На якім тэрміне трэба вакцынавацца цяжарным?

— Зрабіць гэта пажадана падчас планавання цяжарнасці. Цяжарным жанчынам можна вакцынавацца на любым тэрміне.

— Як вакцына супраць COVІD-19 спалучаецца з вакцынай супраць грыпу? Ці ёсць ужо выпадкі грыпу?

— Абмежаванняў для адначасовай вакцынацыі супраць каранавіруснай інфекцыі і грыпу няма. На тэрыторыі Мінскай вобласці лабараторна пацверджаны адзін выпадак грыпу. Дарэчы, летась ніводнага факта захворвання на грып лабараторна не пацверджана.

— У ЗША і некаторых краінах Заходняй Еўропы ўжо вакцынуюць дзяцей і падлеткаў. У Расіі ўжо з’явілася вакцына «Спадарожнік М» для вакцынацыі дзяцей. Ці можна ў нас вакцынавацца падлеткам?

— Цяпер у краіне афіцыйна вакцынавацца дазволена асобам, старэйшым за 18 гадоў. Адзначу, што любое выкарыстанне імунабіялагічных прэпаратаў праходзіць у строгай адпаведнасці з інструкцыяй і пасля прыняцця афіцыйнага рашэння на ўзроўні Міністэрства аховы здароўя, заснаванага на даных аб бяспецы прэпарату і магчымасці яго прымянення для той ці іншай узроставай катэгорыі.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.