Вы тут

Што можа прапанаваць пошта ў глыбінцы сучаснаму спажыўцу


Калі вам здаецца, што слова «пошта» сёння выкарыстоўваецца толькі ў спалучэнні са словам «электронная» і што дастаўляюць пошту ў наш час толькі сэрвісы ў сеціве, вы не маеце рацыю. У маленькіх гарадах класічная пошта (з жывою — «хто крайні?», а не электроннай — чаргой) — па-ранейшаму адзін з цэнтраў, вакол якога круціцца жыццё. 
А ў сельскіх населеных пунктах паштальён, як і дзесяцігоддзі таму, — жаданы госць і носьбіт добрых навін.


— Як бы ні змянялася жыццё, у ім заўсёды знойдзецца месца паштальёнам, — пераканана начальнік аддзялення сувязі Асіповічы-5 Ларыса Гранач. — Пошта запатрабаваная — яна была, ёсць і будзе.

Пагадзіцеся, не цікава ўвесь час чытаць толькі ў тэлефоне, часам хочацца ўзяць у рукі часопіс або газету, удыхнуць пах паперы і друкарскай фарбы, пашамацець старонкамі. І потым, аддзяленне сувязі — для многіх проста магчымасць пагутарыць. Асабліва для пажылых.

Асіповіцкі ўчастак паштовай сувязі — гэта 25 стацыянарных паштовых аддзяленняў (з іх толькі сем гарадскія, астатнія — сельскія) і два перасоўныя аддзяленні паштовай сувязі плюс бізнес-пошта. Працы ў паштальёнаў дастаткова і ў эпоху інтэрнэту, распавядае начальнік участка Надзея Багачова.

Яна кажа, што сёння адна з самых запатрабаваных паслуг і сярод юрыдычных асоб, і сярод фізічных (то-бок звычайных карыстальнікаў) — паскораная пошта EMS: сёння на заўтра ці сёння на сёння.

— Шматлікім фірмам, кампаніям і ўстановам трэба тэрмінова адправіць дакументы або таварныя ўкладанні. А для людзей гэтая паслуга зручная, калі, напрыклад, вам неабходна адправіць падарунак да дня нараджэння каму-небудзь з родных, якія жывуць далёка: яго даставяць на наступны дзень раніцай або ў вызначаны час. Праграма «паскораная пошта EMS» працуе не толькі па Беларусі, але і па ўсім свеце. У многіх дзеці жывуць за межамі краіны, і часам пошта — адзіная магчымасць нешта перадаць ці атрымаць ад іх.

Навошта падпісваць паштоўкі?

З самага адкрыцця ў аддзяленні паштовай сувязі Асіповічы-5 шматлюдна. Людзі прыходзяць і пакласці грошы на тэлефон, і камунальныя паслугі аплаціць, і пенсію атрымаць.

— У дзень праз наша аддзяленне праходзіць мінімум трыста чалавек, — кажа Ларыса Аляксандраўна. — І лісты пішуць, і паштоўкі падпісваюць: па Беларусі, на Расію і далёкае замежжа. Калі людзі прывыклі віншаваць блізкіх з днём нараджэння, Новым годам, юбілеем паштоўкай — яны будуць гэта рабіць, як бы ні змяняўся свет. І сапраўды прыемна яе атрымаць. Электронную паштоўку вам даслалі ў месенджар — яна згубілася, і вы на яе забыліся. А папяровая паштоўка — гэта нешта матэрыяльнае. Падпісаная ад рукі, яна захоўвае цяпло душы адпраўніка. І таму яе хочацца захаваць на доўгую памяць.
Паштоўкі на стойцы — на ўсе выпадкі жыцця. Ёсць і аўтарскія, ручной работы.

— Попытам карыстаюцца «З днём вяселля», «З юбілеем», з прафесійнымі святамі і канверты для грошай — часцей за ўсё таксама з вясельнай тэматыкай.

Час пісаць Дзеду Марозу

Дарэчы, у паштовых аддзяленнях ужо з’явілася скрыначка для лістоў Дзеду Марозу.

— Прымаем заяўкі і на падарункі, і на лісты ад Дзеда Мароза, — распавядае Ларыса Аляксандраўна. Заявак на лісты ад зімовага чараўніка і на падарункі ад яго ўжо досыць шмат. Штогод іх у аддзяленні бывае каля двухсот, а ў гэтым годзе, хутчэй за ўсё, будзе больш.

— З 27 снежня пачнём дастаўляць іх нашым маленькім кліентам на дом, — кажа яна. Дзеці (і пенсіянеры, але пра іх — пазней), напэўна, — самыя ўдзячныя кліенты пошты. Дзятва ўжо ацаніла, што цацкі тут недарагія.

— І гэта якасныя і бяспечныя цацкі ад розных вытворцаў, — распавядае мама трохгадовага Стаса.

Яна прыйшла ў аддзяленне атрымліваць тавары з «Аліэкспрэс». Кажа, па іншых падставах на пошту не ходзіць: навіны чытае ў тэлефоне, плацяжы здзяйсняе анлайн. А вось яе бацькі бываюць у гэтым паштовым аддзяленні некалькі разоў на месяц: 
і па свежую газетку прыходзяць, і камуналку аплачваць. Начальнік асіповіцкага ўчастка паштовай сувязі расказвае, што калі раней па пасылкі «Аліэкспрэс» прыходзіла ў асноўным моладзь, то сёння і пенсіянеры засвоілі шопінг анлайн.
Аддзяленне размешчана каля чыгуначнага вакзала, але нямала тут і пастаянных кліентаў — з многімі наведвальнікамі супрацоўнікі вітаюцца як з добрымі знаёмымі.

— Пошта ў невялікім горадзе — адзін з цэнтраў гарадскога жыцця. Мы ведаем практычна ўсіх у Асіповічах. Сярод нашых кліентаў — каля 300 прадпрыемстваў і юрыдычных асоб, якія працуюць у горадзе, — кажа Надзея Васільеўна. — Напрыклад, ёсць у нашым горадзе заўзяты філатэліст, які абменьваецца маркамі з калекцыянерамі па ўсім свеце. Мы спецыяльна для яго заказваем маркі, якія яму патрэбны.

Акрамя таго, аддзяленне сувязі N 5 г. Асіповічы абслугоўвае больш за 1000 пенсіянераў горада і навакольных населеных пунктаў. Калі ўлічыць, што працуе тут пяць паштальёнаў, то на кожнага прыпадае каля 200 бабуль і дзядуль. Практычна кожнага пенсіянера паштальёны ведаюць па імені і імені па бацьку.

Паштальён прыносіць радасць

Карэспандэнцыя на ўчастак паштовай сувязі прыходзіць ноччу, яе разбіраюць і ўжо раніцай адпраўляюць па маршрутах. Пасылкі да трох кілаграмаў дастаўляюцца ходам паштальёна, ад трох да пяцідзесяці — аўтатранспартам.

— Мы абслугоўваем 150 населеных пунктаў, — адзначае Надзея Васільеўна. — Вязём і прадукты харчавання, бо пажылым далекавата часам ісці да цэнтральнай сядзібы. Усё свежае, недарагое і ў вялікім асартыменце. З улікам пандэміі нашы паштальёны дастаўляюць пажылым тавары паўсядзённага попыту, каб яны менш хадзілі па крамах: прамысловыя тавары, прадукты харчавання. А яшчэ нашы бабулечкі вельмі любяць шакалад. Калі прыязджаюць унукі-праўнукі, у бабулі заўсёды ёсць запас цукерак. І паштальёнаў нашых любяць, ведаюць па імёнах і заўжды чакаюць. Калі падыходзіць час пенсіі, тэлефануюць на пошту: «Ну, калі ўжо Наташачка прыйдзе?» — усміхаецца суразмоўца.

Паштальён у невялікім горадзе, а тым больш на вёсцы — гэта ж не толькі пошта і пенсія. Сёння паштовы работнік з дапамогай дадатка «Мабільны паштальён» прыме плацяжы па картцы, дапаможа аплаціць камунальныя паслугі праз АРІП і пакласці грошы на тэлефон, аформіць падпіску (калі пенсіянер любіць нейкае выданне, то ён звычайна звычак не мяняе — застаецца верны яму, кажуць паштальёны). Ды і проста пагутарыць, выслухае, параіць.

Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў пошты ў Асіповічах — 30 гадоў, расказвае суразмоўца. Хоць ёсць і тыя, хто прапрацаваў у гэтай сферы чвэрць стагоддзя. І справа не толькі ў тым, што ў невялікім гарадку, калі казаць аб занятасці, няшмат варыянтаў.
— Прывыкаеш да гэтай працы, да сваіх пастаянных кліентаў, якія чакаюць паштальёна як носьбіта нечага добрага. Што галоўнае для паштовага работніка? Ды проста любіць сваю працу! — кажа Ларыса Гранач. — Я люблю яе за шырокае кола зносін і за тую радасць, якую мы прыносім людзям.

Дзіяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.