Вы тут

Святкаванне 130-й гадавіны з дня нараджэння Максіма Багдановіча распачалі ў “Беларускай хатцы”


У першыя выходныя снежня ў філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Беларуская хатка”, што месціцца на вуліцы Рабкораўская, 19, завіталі новыя жаданыя госці. Нагодай стала 130-я гадавіна з дня нараджэння Максіма Багдановіча.


Тэатральны гурток "Жаронцы" Ракаўскага цэнтра народнай творчасці прыехаў у “Беларускую хатку” са сваёй пастаноўкай па творы паэта "Мушка-зелянушка і Камарык - насаты тварык". Вершаваная казка ўпершыню была надрукавана ў газеце “Наша Ніва” ў 1915 годзе, калі Максім Багдановіч быў ужо прызнаным паэтам. Вядома, што матыў казкі класік запазычыў з народных песень.

Спектакль стаў пачаткам святочнага мерапрыемства “Пад зоркай Максіма”, прымеркаванага да юбілею паэта, і працягам традыцыйнай зімовай акцыі музея “Калядная зорка Максіма”.

"Мы вырашылі зрабіць гэтае мерапрыемства ў незвычайным фармаце – менавіта для маленькіх гледачоў, каб дзеці паказвалі спектакль дзецям і знаёмілі з творчасцю Максіма Багдановіча”, – гаворыць загадчыца філіяла дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Беларуская хатка” Таццяна Лабада. – Таму вяліся пошукі калектыву, які змог бы нашу задуму ажыццявіць. І так сталася, што кіраўніца дзіцячага калектыву “Жаронцы” Хрысціна Лямбовіч запрасіла нас на пастаноўку – яны паказвалі сваю батлейку ў музеі тэатральнай культуры. Пазнаёміўшыся з тым, што яны паказваюць, мы вырашылі, што гэта цудоўны фармат, які менавіта ўпішацца ў сцены нашага музея”, – расказвае Таццяна Анатольеўна.

“Калядная зорка Максіма” ў першую чаргу ладзіцца для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, якія падтрымліваюцца дзяржавай, але не маюць сваіх сем’яў, для дзяцей-інвалідаў і якія знаходзяцца ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, шматдзетных сем’яў.

Гэтым разам паглядзець на беларускую батлейку прыйшлі вучні сталічнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 18 для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, іх бацькі і прыхільнікі творчасці паэта. “Сённяшнія нашы гледачы – у асноўным дзеці, якія маюць пэўныя асаблівасці ў маўленні, але яны цудоўна ўспрымаюць менавіта такі фармат – дзеці–дзецям. Перад спектаклем у іх была экскурсія. Вучні пазнаёміліся з музеем, даведаліся новае пра Максіма Багдановіча. Дарэчы, аб паэце гэтыя дзеці ведаюць шмат. Нягледзячы на свае асаблівасці, яны вельмі цікаўныя”, – заўважае загадчыца музея.

Кіраўніца тэатральнага гуртка “Жаронцы” Хрысціна Лямбовіч лічыць важным для свайго калектыву ставіць спектакль у музеі напярэдадні юбілейнай даты: “Я радуюся той магчымасці прысутнічаць тут, для нас гэта вельмі важна”.

Юныя акцёры даволі добра ўжыліся ў ролі, а з дапамогай яркіх лялек спектакль на батлеечнай сцэне выглядаў арганічна і самабытна. У пастаноўцы "Мушка-зелянушка і Камарык - насаты тварык" ракаўскія артысты цудоўна паказалі карціны народных сямейна-побытавых абрадаў з каментарыямі ад кіраўніцы калектыву. Хрысціна Лямбовіч не толькі тлумачыла дзецям, як раней адбываўся абрад сватання, змовінаў, як нашы продкі святкавалі вяселле і ў чым сутнасць дзіцячай гульні пахавання камара, але і спявала фальклорныя песні пад акампанемент скрыпачкі Алены Мялешкі і дудара Максіма Палуйчыка.

Дарэчы, гледачы атрымалі асаблівае задавальненне ад гукавога суправаджэння спектакля, якое стваралася за кошт такіх музычных інструментаў, як беларуская дуда, скрыпка, флейта, бубен, барабан, шархуны – абавязковы вясельны атрыбут, трашчотка, гліняныя свістулькі, палка дажджу і сявенька з зернем, што стваралі эфект кропляў дажджу і шуму ветру. “Некалькі гадоў таму, калі ўпершыню ставілі наш спектакль, зрабілі фанаграму. Але пасля вярнуліся да жывога гучання,бо жывая музыка мае зусім іншае ўспрыняцце”, – патлумачыла Хрысціна Лямбовіч.

Кіраўніца дзіцячага гуртка “Жаронцы” падзялілася, што ў дзяцінстве ёй патрапіла ў рукі кніжка “Мушка-зелянушка і Камарык – насаты тварык”. Гэта было цудоўнае выданне з яркімі малюнкамі. “Мне гэта было цікава. Я задавалася пытаннем: як гэта ў мух і камароў нейкі такі соцыум ёсць, што яны там і жэняцца, і пахаванні спраўляюць – для мяне гэта было незвычайна, – узгадвае Хрысціна Лямбовіч. – А пасля ўжо калі пачала цікавіцца, даведалася, што пахаванне камара – гэта старажытны абрад, і хавалі яго не проста так, каб пагуляць, гэта мела больш глыбокія карані”, – расказала яна. Гэтая вершаваная казка ўспомнілася Хрысціне ў 125-годдзе Максіма Багдановіча, але пастаноўку атрымалася ажыццявіць толькі да 130-годдзя памяці паэта, і цяпер, па словах стваральніцы, гэты спектакль вельмі запатрабаваны ў гледача.

“Беларуская хатка” – гэта музей і тэатр у адным – увасабленне мары Багдановіча і яго сяброў, бо якраз батлейка знаёміць наведвальніка з тагачасным культурным жыццём Беларусі, калі толькі зараджаўся прафесійны тэатр.

“Максімава мара пра батлейку спраўдзілася, і тое, што яго творы ставяцца ў нашай тэатральнай прасторы – гэта своеасаблівы працяг яго творчасці, ён гэтага не чакаў нават. І вось супрацоўніцтва з Ракаўскім цэнтрам народнай творчасці, думаю, не павінна ў нас скончыцца. Будзем падтрымліваць стасункі і надалей”, – гаворыць Таццяна Лабада і запрашае ўсіх на экскурсіі. – “Беларуская хатка” – гэта адзіны ацалелы будынак, дзе жыў беларускі класік. Гэтае месца і ўнікальнае, тут можна пачуць не толькі пра самога Максіма Багдановіча, але і пабачыць пакой, дзе ён жыў з кастрычніка 1916 года да канца лютага 1917-га, адчуць асаблівую атмасферу і ўтульнасць. І, вядома, пазнаёміцца з марай Максіма – старажытным лялечным тэатрам “Батлейка”, – гаворыць загадчыца музея.

Таццяна Лабада адзначыла, што ў рамках каляднай акцыі культурнай установай запланавана шэраг мерапрыемстваў – майстар-класы, батлейка, карагоды і іншае. А 9 снежня, у дзень народзінаў паэта, асноўныя мерапрыемствы адбудуцца ў музеі Максіма Багдановіча. Там будзе шмат розных цікавостак і імпрэз.

Надзея ЗУЕВА.

Фота аўтара.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.