Вы тут

Жыццё – сустрэчы і расстанні


Для мастака Вячаслава Ігнаценкі многае ўмясціла восень 2021-га: сустрэчу з Бацькаўшчынай, роднай вёскай Пярэдзелкай ды сынам на Дняпры і плэнер на Магілёўшчыне, страту любімай жонкі ў Кішынёве і пленэр у сяле Рашкаў на ўзбярэжжы Днястра


Вячаслаў і Галіна. На вернісажы "Дыханне зямлі". 2014 год.

Ён заходзіў да нас у рэдакцыю (цяпер яна непадалёк ад Плошчы Перамогі) напрыканцы лета, 24 жніўня. І ў той жа дзень ехаў на міжнародны пленэр “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве”: у Магілёў ды ягоныя ваколіцы. Пленэр праходзіў 25-ы ўжо раз і сабраў 20 майстроў з Беларусі, Егіпта, Узбекістана ды Малдовы – якую і прадстаўляў на гэта раз сябар Саюза мастакоў Малдовы і Міжнароднай асацыяцыі мастакоў беларус Вячаслаў Ігнаценка. Па-ранейшаму актыўны ў творчасці, ён ахвотна расказваў, як праводзіць заняткі ў студыі пры Беларускім культурным цэнтры Малдовы (кіраўніца Анна Бабін). “Сплочваю доўг за тое, што даў мне ў свой час у Мінску вядомы мастак-педагог Сяргей Каткоў, – удакладніў у ходзе размовы. – Заняткі з верасня раз на тыдзень, у студыі ад 12 да 20 чалавек. І, дарэчы, што прыемна: сёлета вучань мой Міхаіл Дзімітрэнка паступіў у мастацкі каледж, прычым на бюджэт”.

Да таго ж Вячаслаў два разы на тыдзень вядзе заняткі ў дзіцячай студыі выяўленчага мастацтва й дызайна ў кішынёўскім Ліцэі імя А. С. Пушкіна. Ліцэй даволі прэстыжны й вядомы: у ім у свой час выкладаў яшчэ і беларус Уладзімір Акушка, якога спецыялісты называюць заснавальнікам малдаўскага выяўленчага мастацтва. Пра яго мы пісалі: “Не згубіўся ў Кішынёве” – ГР, 14.06.2017. І яшчэ былі ў Вячаслава Ігнаценкі выхаванцы ў Дзіцячай мастацкай школе імя Шчусева. Вось якую вялікую мастацка-педагагічную працу вядзе ён у Кішынёве. “Сам паступова дайшоў да думкі: трэба выкладаць, – разважаў госць. – На пенсію ў 55 еўра не надта ў нас пражывеш, і кожны імкнецца недзе падпрацоўваць. Хоць выкладчыцкія грошы й невялікія, але ж і не лішнія”.

Гэтым разам Вячаслаў сустракаўся з сынам у роднай прыдняпроўскай вёсцы Пярэдзелцы, на Лоеўшчыне. “Я з Гомеля прыехаў, Мсціслаў– з Мінска, дзе цяпер жыве, прычым з лодкай надзімной. І мы ў суботу ранкам наведалі ў Пярэдзелцы магілы родных людзей, маіх бацькоў, падсілкаваліся ў гасцях у майго пляменніка ды потым з заплечнікамі рушылі ў дарогу. Вельмі цікавы маршрут па ваколіцах – і пешы, і водны. Кіламетраў 25 прайшлі! У Мсціслава добры досвед: ён і на байдарках з сябрамі ходзіць”.

Зайшла ў нас размова і пра тое, што не стала сёлета вядомага мастака Валерыя Шкарубы, з якім Вячаслаў сябраваў са студэнцтва. Цяжка перажыў страту: “Палатно недапісанае, палітра ў Валеравай майстэрні так і засталіся. Пайшоў ён у шпіталь – і не вярнуўся. А мне ж Саша Каткоў – сын Каткова – і Валера Шкаруба – як браты...”

І не ведаў жа Вячаслаў, ад’язджаючы пасля пленэра ў Кішынёў, што ў хуткім часе і там напаткае яго вялікае гора. Напісаў нам: “13 кастрычніка пахаваў жонку Галіну (1959 — 2021). Covid. Пражылі мы разам трынаццаць гадоў, і я быў самы шчаслівы чалавек на свеце. Як жа мне пашанцавала у жыцці!”. У той дзень, 15 кастрычніка, ён ужо ранкам пайшоў працаваць у майстэрню. І ўдакладніў, што Галіна была "наша, з Крупскага раёна". Крыху пазней па нашай просьбе напісаў: “Ад нараджэння яна – Зуёнак Галіна Сяргееўна, з вёскі Вялікае Восава. У вучобе заўсёды была зоркай. Закончыла васьмігодку, потым у Мінску політэхнічны тэхнікум, і пасля Політэхнічны інстытут у Адэсе. Працавала у Акадэміі навук Малдаўскай ССР, а ў 90-я паспрабавала сябе у бізнэсе, і ў яе тое атрымалася. Галіна заўсёды ставіла планку высока. Была дырэктарам фірмы “Energie Maxima” па вытворчасці й продажы стыльнага класічнага адзення для жанчын і дзяўчат. Расказвала, як неяк падышлі жанчыны зрабіць пакупкі ды між сабою кажуць: “Глядзі ты, ужо і нашы малдаване навучыліся добра шыць!” Галіна вывучыла, добра ведала малдаўскую мову, таму ўдакладніла: “Я грамадзянка Малдовы па пашпарце, але сама – беларуска”. Ганарылася тым, што родам з Беларусі, сама была ўзорам для іншых: сціплая, добрая, і вакол яе заўсёды была пазітыўная энергетыка. Да таго ж фінансава падтрымлівала беларускую суполку”.

У Рашкаве на вінаградніку

Каб лягчэй было справіцца з горам, Вячаслаў з’ехаў напрыканцы кастрычніка з Кішынёва – на пленэр у Рашкаў. Любіць там бываць, ёсць цэлы цыкл твораў з гэтага старадаўняга сяла на Днястры. Вярнуўшыся ў горад, напісаў: “Пленэр прайшоў. Надвор’е было цудоўнае, штосьці зрабіў з таго, што хацеў, нешта не паспеў. Трэба, каб час прайшоў, асэнсаваць усё. Можа нешта з’явіцца на вялікім палатне”. Але ж і там, вядома ж, не пакідалі яго думкі пра каханую: “Мы ў 2015-м былі з Галінай у Рашкаве. І дзе цяпер хадзіў, то ўсё нагадвала пра тое, чаго ўжо ніколі не будзе”.

Спачуваем табе, шаноўны дружа! Хай жыве светлая памяць у тваім сэрцы – і дае сілы для таго, каб далей жыць, працаваць, тварыць, дзяліцца з юнымі мастакамі назапашаным досведам.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Жыццё – сустрэчы і расстанні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?