Вы тут

Айчыннай гародніны мінчанам хопіць да самага лета


Тры тысячы тон бульбы, 950 тон капусты, 400 тон буракоў, 550 тон морквы, па 800 тон цыбулі ды яблыкаў чакаюць сваёй рэалізацыі. Аб’ёмы стабілізацыйных фондаў на міжсезонны перыяд і ўмовы захоўвання і рэалізацыі гародніны, бульбы і яблыкаў ацанілі сёння Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, як упаўнаважаная Прэзідэнта па горадзе Мінску, і мэр сталіцы Уладзімір Кухараў.


Як патлумачыў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Юрый Трушчанка, аб’ём стабілізацыйнага фонду сталіцы сёлета быў павялічаны ў некалькі разоў у параўнанні з мінулым годам, бо летась усе запасы былі рэалізаваны заўчасна і нічога не засталося. 

— Аб’ёмы, даведзеныя Мінгарвыканкамам, у 4-5 разоў большыя, чым на УП «Партызанскае», — кажа ён. — Гэта звязана з тым, што частка захоўваецца ў агульнагарадскіх сховішчах стабфондаў, а частка — па дагаворах з суб’ектамі гаспадарання, рознымі рытэйлерскімі кампаніямі, буйнымі гандлёвымі сеткамі. 

Менавіта тут, на «Партызанскім» і ацанілі запасы для мінчан кіраўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады. Дарэчы, не першы год запасы плодаагародніннай прадукцыі ад вытворцаў з розных рэгіёнаў закладваюцца ў сховішчы гэтага прадпрыемства, што ў Калядзічах. Сёлета тут назапашана тры тысячы тон бульбы, 950 тон капусты, 400 тон буракоў, 550 тон морквы, па 800 тон цыбулі і яблыкаў.

Як расказалі на прадпрыемстве, у сховішчы падтрымліваюцца неабходныя ўмовы (тэмпературны рэжым і вільготнасць), каб увесь перыяд захоўвання і рэалізацыі (а гэта да канца вясны — 31 мая 2022 года) гародніна і садавіна не страчвала свае таварныя ўласцівасці, а пакупнікі (арганізацыі бюджэтнай сферы, прадпрыемствы грамадскага харчавання і гандлю сталіцы) — маглі задаволіць свае патрэбы.

Генеральны дырэктар УП «Партызанскае» Таццяна Кузаўлёва расказала, што ўжо сфармаваны адпускныя цэны на прадукцыю, якая захоўваецца. Прайсы з камерцыйнымі прапановамі ўжо адпраўлены гандлёвым сеткам. Хтосьці нават ужо паспеў імі скарыстацца і ў сталічным гандлі ўжо дзе-нідзе можна знайсці айчынную бульбу, яблычкі і іншую гародніну.

Юрый Трушчанка запэўнівае: цяпер ніякіх праблем са стабілізацыйнымі фондамі няма, сталіца будзе забяспечана плодаагародніннай прадукцыяй у міжсезонне ажно да пачатку лета. 

— Запасы размяркоўваюцца для раўнамернага расходавання да 31 мая ў адпаведнасці з графікам — у гандлёвыя сеткі і аб’екты сацыяльнай сферы — дзіцячыя садкі і школы, бальніцы, дамы-інтэрнаты, — патлумачыў ён.

Намеснік старшыні гарвыканкама адзначыў, што пакуль адгрузка ідзе пераважна ў рознічныя гандлёвыя сеткі, таму што ў сацыяльных устаноў ёсць свае пастаўшчыкі, якія выйгралі таргі. Таксама ён звярнуў увагу, што на дадзены момант павышанага попыту на нейкія пазіцыі не назіраецца, бо ў Мінску толькі нядаўна скончыліся сельскагаспадарчыя кірмашы і гандаль плодаагародніннай прадукцыяй фермерамі, якія яны самастойна арганізоўвалі ў дварах. У прыватнасці, ля «Чыжоўка-Арэны» дзейнічаў самы вялікі сталічны кірмаш, які працаваў на працягу некалькіх тыдняў. З гэтага вынікае, што попыт пакупнікоў быў задаволены ў поўнай меры.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?