Вы тут

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча


Калі ў ракавіну цёмную

жамчужніцы

Упадзе пясчынка хоць адна, —-

Жомчугам патроху робіцца яна!

Калі ў дух мой западзе

і заварушыцца

Там кавалак грубага жыцця, —-

Ў жомчуг звернецца ён сілай

пачуцця!

Так у 1912 годзе Максім Багдановіч, чыё 130-годдзе мы адзначым 9 снежня, дасканала абмаляваў працэс творчасці... Усе нягоды, якія здараюцца з паэтам, пераўвасабляюцца ў вобразы ягоных твораў. Больш за тое — існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала яшчэ ў ранніх гадах перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам, праз сэрца якога прайшла расколіна часу.


«Так много рокового в его безвременно угасшей жизни, что невольно приходит на память образ древней Мойры, которая была к нему исключительно безжалостной и грубо насмеялась над всеми его мечтами и надеждами, по крайней мере, поскольку оно касалось его лично», — так пісаў пра Максіма ягоны бацька Адам Ягоравіч Багдановіч.

Але ў тым незвычайная моц беларускага Страцім-Лебедзя, што ён застаўся постаццю светлай і рамантычнай, а ягоныя творы даюць нам надзею, абуджаюць прагу да жыцця і любоў да Беларусі.

Давайце сёння ўспомнім тыя пясчынкі, якія ляглі ў аснову цудоўных перлін...

1. Страта маці

Максім быў зусім маленькі, калі асірацеў — пяць гадоў. Але занадта цесна Марыя Мякота была звязаная са сваімі дзеткамі, каб бясследна знікнуць з іх свядомасці. Выйшла замуж у дзевятнаццаць, кінуўшы жаночую настаўніцкую школу ў Санкт-Пецярбургу, бо захапілася настаўнікам Адамам Ягоравічам Багдановічам. Быў ён з простых, сын кухара... Марыя Мякота — са старажытнага шляхецкага роду герба «Курч», гісторыкі выводзяць яе радавод ад пінскага князя Міхаіла. Але Адам Ягоравіч быў прагрэсістам і, падобна, вельмі харызматычным мужчынам, а сям'я Мякотаў апынулася ў такой беднасці пасля смерці бацькі, што дзеці гадаваліся ў прытулку.

Маці Марыі, Таццяна Восіпаўна, не даравала зяцю, што не даў дачцэ давучыцца, збіў з тропу... Спадзявалася ж, што Марылька, атрымаўшы адукацыю, дапаможа з гэтым малодшым сястры і брату, але дзе там... Дзеткі ў Багдановічаў нараджаліся адзін за другім — Вадзім, Максім, Леў... Мала хто ведае, што была яшчэ і сястрычка Ніна... Менавіта яе нараджэнне, як сцвярджаў Адам Багдановіч, незваротна абвастрыла сухоты Марыі Мякоты.

Не была яна, Марылька, гэткім анёлкам бесцялесным... Курыла — нават паміраючы, хвалілася мужу, што вось, спажыла ўсяго дзве папяроскі за дзень. Прыахвоцілася да кавы. Сварылася з мужам... Знаёмыя распавядалі, што неаднаразова парывалася кінуць яго, невядома толькі, наколькі пагрозы былі сур'ёзныя.

Марыя спрабавала сябе ў літаратуры. Але галоўнае — выхаванне дзяцей. Нават выкарыстоўвала найноўшую тады фрэбелеўскую сістэму: «шарики цветной шерсти и деревянные болтались над кроваткой, кубики и пр.». Калі «разумныя» цацкі дзецям надакучвалі, Марыя прыдумляла свае
гульні...

Немагчыма спакойна чытаць успаміны Адама Ягоравіча пра смерць ягонай Марылькі: «за 4 дня до смерти, потрясаемая приступами кашля, в промежутках она силилась что-то радостное напевать тонким, как волосик, голосом». Максім у дзень яе смерці прачнуўся рана, спачатку гарэзнічаў, а потым — «как теперь, вижу склоненную фигурку с печальным выражением детского личика, с вопросительным взглядом... Маленькое подобие матери».

Для Максіма памяць пра маці была святой. Рысы яе бачыў у рэпрадукцыі Сіксцінскай мадонны, якую Багдановічам падарыў Максім Горкі. Меў агульны з маці любімы музычны твор — «Элегію» Маснэ. У многіх яго вершах можна ўгледзець вобраз Марыі Мякоты.

Белы крыж, пліта, пад ёй — магіла;

Мілым кветам рожа зацвіла.

Тут калісьці ты, мой друг, спачыла, —

Спарадзіла ў муках і лягла.

Ўсё мінулася — і боль, і гора, —

Ўсё кудысь далёка адышло;

Але строгі надпіс: «Dіsce morі»

Нагадае, што з табой было.

«Dіsce morі» — «вучыся паміраць». Безумоўна, Максім чуў ад бацькі пра апошнія дні Марыі Мякоты.

2. Смерць добрай мачахі

Пасля смерці Марылі Адам Багдановіч застаўся ўдаўцом з трыма маленькімі дзецьмі на руках. Пакінуў іх у сваякоў і паехаў на работу ў Ніжні Ноўгарад. А там пазнаёміўся з маладзенькай сястрой жонкі свайго сябра Максіма Горкага, Аляксандрай Волжынай. І тая... закахалася без памяці ў змрочнага, але харызматычнага ўдаўца. І ў хуткім часе стала ягонай жонкай. Пра дзяцей мужа адразу заявіла: у сваякоў могуць гасцяваць, а жыць павінны з імі, у сям'і! А яна пастараецца іх шчыра палюбіць...

Відаць па ўсім, Аляксандра была сапраўды светлым чалавекам — недарэмна Адам Ягоравіч называў яе «сонейкам». Нават угневаная Таццяна Восіпаўна, прыехаўшы паглядзець, як жывуць унукі з мачахай, была расчуленая. Аляксандра пры сустрэчы кінулася ёй на шыю, назвала «мамачкай». Таццяна Восіпаўна ўсім хваліла нявестку, сцвярджала, што дзеці яе палюбілі, асабліва Максім...

Але сямейнае шчасце было нядоўгім. Не прайшло года — Аляксандра памерла пры родах. Яе смерць зрабіла вялікае ўражанне на Максіма. Менавіта пра мачаху — яго вершы «Смертию смерть поправ» і «Тым вянкі суровай славы».

Слава тым, хто сілу мае

Смерць, не дрогнуўшы, спаткаць,

Хто ў мучэннях пaміpae,

Каб жыццё дзіцёнку даць!

3. Смерць брата Вадзіма

Асірацелыя браты Багдановічы ў дзяцінстве жылі, па водгуках знаёмай, «як беспрытульнікі»: Адам Ягоравіч на быт звяртаў мала ўвагі, сынам даваў волю... Ці не таму ўсе выраслі дужа таленавітыя? Малодшы, Леў, быў геніяльна адораны матэматык, старэйшы, Вадзім, пусціўся ў палітыку. Сябраваў з Якавам Свярдловым, займаўся публіцыстыкай... У віхурным 1905 годзе стаў правадыром рэвалюцыйнага руху ў сваёй ніжагародскай школе. Ягоныя гарачыя прамовы на гімназічных сходах запомнілі ўсе.

Максім, які вучыўся ў той жа школе, захапляўся старэйшым братам, марыў стаць гэткім жа смелым і ўчыняў выбрыкі на рэвалюцыйны манер. Як успамінаў Адам Ягоравіч, «Его лавры и Максиму спать не давали... Он не только забросил учебные занятия, но отчасти забросил свою любимую белоруссику. На столе у него появились Бакунин, Прудон, Эльцбахер, Малатеста, Штимлер, Черкезов и пр. Я, конечно, с улыбкой глядел на это молодое увлечение, серьезного значения этому не придавал, но и увлекаться не мешал».

А ў 1906 годзе бацька паведаміў у школу, што Вадзім не можа вучыцца далей з-за цяжкой хваробы. Той самай, што звяла ў магілу маці.

9 красавіка 1908 года Вадзім памёр і быў пахаваны там жа, у Ніжнім Ноўгарадзе. Зводны брат Павел успамінаў: «Когда Вадим умер, полиция, боясь волнений, приказала отцу хоронить брата ночью. День похорон хорошо сохранился в моей памяти. Перед домом собралась огромная толпа, много учащихся в гимназических шинелях».

Думаецца, у многіх вершах Максіма пра змаганне ёсць успамін пра брата...

Ўстань, навальніца, мкні нанова,

Ўзвый, вецер, з ёю заадно!

У віхры уляціць палова,

Пакіне чыстае зярно.

Удар, цыклон, удар на мора,

Цалуй яго ў глухое дно,

Ўсплясні ваду — і перлаў горы

На бераг выкіне яно.

4. Неразуменне бацькі

Здавалася б, дзе яшчэ мог знайсці Максім падтрымку ў сваіх літаратурных спробах, як не ў этнографа, які збіраў беларускі фальклор... Але Адам Ягоравіч не падзяляў захопленасць сына беларускай мовай. Нават у сваіх даследаваннях, якімі карыстаўся як крыніцай натхнення яго сын, скептычна ацэньвае беларускую культуру. Просты хлопец з Халапеніч, Адам Багдановіч з такой цяжкасцю здабываў месца ў жыцці, убудоўваўся ў адукаваны асяродак, што беларускае ў яго, падобна, назаўсёды асацыіравалася з бяспраўным і цёмным становішчам, з якога ледзь выкараскаўся, а руская культура ўяўлялася нейкім Алімпам, дзе імкнуўся стаць сваім. «Создается язык ужасающе однообразный, что-то вроде гербаризированных растений, потерявших живые краски и аромат. В свое время я говорил покойному сыну: напиши им, т. е. вам,
нашенивцы, — почему они не черпают от общерусского источника, древней литературы, как это делали Пушкин, Гоголь и проч. Вы этот источник проморгали, очевидно, исходя из ложного мнения, что это чуждый белорусам язык».

Так што Максім не знаходзіў падтрымкі... Падкасіла вядомая гісторыя, калі бацька не адпусціў вучыцца ў Санкт-Пецярбург да прафесара Шахматава, які шукаў здольных вучняў якраз займацца беларусістыкай. Адам Ягоравіч апраўдваўся, што клімат для Максіма на берагах Нявы не падыходзіць... Ну і грошай на навучанне там дваіх сыноў у яго не мелася. Зрабіў выбар на карысць матэматыка-Льва, які ў хуткім часе загінуў на фронце. Максім мусіў паступіць у юрыдычны ліцэй. Уладзімір Караткевіч дужа абураўся адносінамі Адама Ягоравіча да сына — не змог ацаніць і да паміраючага ў Ялту не паехаў.

Праўда, зводны брат успамінаў пра Максіма, як «Пришел из своей комнаты Адам Егорович и, ласково погладив его густые, тогда длинные, каштановые волосы, зачесанные назад, любовно и шутливо сказал: «белорусский Гомер».

Былі і яшчэ падставы для расколіны. Калі пасля смерці Аляксандры Волжынай дапамагаць даглядаць пляменнікаў прыехала сястра Марыі Мякоты, то ў хуткім часе зрабілася грамадзянскай жонкай удаўца... Нарадзіла па-за шлюбам дзіця...

Максім цётку ў якасці мачахі не прымаў. Так што ў паэзіі Максіма ёсць шмат жаночых вобразаў, а дзе там вобраз бацькі? Хіба што згадка пра дзяцей Беларусі, якія яе забылі, «адракліся, прадалі і аддалі ў палон».

Але стаўленне бацькі змушала Максіма даказваць зноў і зноў, што беларуская мова — паўнавартасная і мае ўсе магчымасці для прыгожага пісьменства. Тое ж, што ён выкрыкнуў у спрэчцы стрыечнаму брату:

«Няпраўда! На беларускай мове можна ствараць усе жанры і пісаць творы рознай формы, рытмікі... Я дакажу гэта. Зраблю, калі хочаш, эксперымент і напішу ронда, трыялет, санет, актаву, тэрцыны»

5. Няўдалыя каханні

Пра драматычныя каханні Максіма Багдановіча напісана шмат... Нездарма Уладзімір Караткевіч зрабіў яго заўсёднікам «Клуба адрынутых» у сваім вершы разам з Дантэ, Петраркам і Катулам. Тут і каханне да Ганны Какуевай, сястры аднакласніка — («Ах, как умеете вы, Анна, не замечать, что я влюблён»). А падчас першай сваёй паездкі ў Крым у 1909 годзе Максім сустрэўся з містычна настроенай дзяўчынай па прозвішчы Кіціцына, якой прысвяціў верш «Цемень»: «Я сяджу без агню. Я стаміўся, прамок. Над зямлёю — імгла, у душы маёй змрок...»

Ванда Лявіцкая.

І ў сваю апошнюю паездку на Беларусь, у прыфрантавы, галодны Мінск Максім Багдановіч таксама ехаў не проста так: імкнуўся сустрэцца з дзяўчынай, з якой праз перапіску завязалася сардэчнае знаёмства. Роднай душой аказалася Ванда Лявіцкая, дачка пісьменніка Ядвігіна Ш.

«Праглядаю гэтымі днямі свой «Вянок». Недахватаў рожных — гібель, ды і кніжка гэта зусім маладая: вершы яе пісаліся з паловы 1909 да паловы 1912 г., калі мне было 17—20 год. Але ў ёй усё ж такі ёсць і творчасць, і натхненне, і сур'ёзная праца. Узяў я карандаш, палавіну вершаў выкасаваў зусім, другую прабую абгладзіць. Дадам да гэтай другой палавіны лепшыя з вершаў 1912—15 гг., і выйдзе зборнік «Маладзік» або «Красавік», — гэтак шчыра піша Вандзе Лявіцкай з Яраслаўля Максім у верасні 1916-га.

І Максім, і Ванда з нецярплівасцю чакалі сустрэчы... Тым больш Максім, цяжка хворы на сухоты, асабліва востра марыць стварыць сям'ю, мець дзіця...

Не ведаю, наколькі спадабаўся госць Вандзе, а вось Максім моцна расчараваўся. Калі паглядзець на фотаздымкі Ванды, гэта можна зразумець: не самая прыгожая, да таго ж моцна скошанае вока... А ў Максіма стандарт прыгажосці — Сіксцінская мадонна!

«Маю толькі адно прыкрае перажыванне, якое адбірае мне спакой. Можа, вы чулі, што я ўжо даўжэйшы час перапісваўся з адной асобай з Менску (назавём яе N). Завязалася лістоўная прыязнь, шчырасць. Вось, прыехаўшы і пазнаёміўшыся асабіста, уся мая прыязнь да яе развеялася. Не магу ёй адказаць тым самым, не магу... і гэта так мучыць! Раблю чалавеку прыкрасць... Ці ж гэта можа не балець?» — так прызнаваўся Максім сяброўцы Ванды Зосьцы Верас.

Застаецца толькі шкадаваць аб тых жамчужынах, у якія пераўвасобіліся б гэтыя перажыванні, бо з Мінска Максім адправіўся ў апошняе сваё падарожжа, у Ялту.

Больш за ўсё на свеце

жадаю я,

Каб у мяне быў свой

дзіцёнак —

Маленькая дачушка-немаўляшка,

Аня Максімаўна, такая прыгожанькая,

Цёпленькая, мокранькая,

3 чорнымі валосікамі

і броўкамі,

3 цёмна-карымі вочкамі,

А ручкі, як перацянутыя

ніткамі.

Зусім такая, як Вы,

Калі Вы былі маленькай

дзяўчынкай.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.