Вы тут

Першы конкурс грамадзянскіх ініцыятыў у Гродне выклікаў шырокі рэзананс


З ідэяй спаборніцтва выступіла Гродзенская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў і абласны Савет дэпутатаў. Сэнс такі: стварыць спецыяльны фонд для падтрымкі праектаў, якія будуць рэалізоўваць самі жыхары. Прапанова знайшла шырокі водгук. На першы конкурс было пададзена больш за 100 заявак. Днямі падведзены вынікі. Пакуль вызначылі 14 самых яскравых праектаў. У далейшых конкурсах, мяркуецца, пераможцаў можа быць значна больш.


Гаворка аб стварэнні фонду вялася яшчэ летась, тэма шырока абмяркоўвалася. І гэта зразумела, бо ў Беларусі такога вопыту пакуль няма. Паступова вызначыўся кірунак праектаў. Акцэнт быў зроблены на вырашэнне сацыяльна значных пытанняў, рэалізаваць якія бяруцца самі грамадзяне. І ў гэтым галоўны сэнс конкурсу.

— Людзі хочуць бачыць вакол сябе прыгожае асяроддзе і гатовы ўключыцца ў работу, каб яго стварыць, — упэўнены старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук. — Гэта работа дазволіць актывізаваць грамадства, а наш фонд — матэрыяльна падтрымаць ініцыятывы і скіраваць актыўнасць людзей у пазітыўнае рэчышча. Таму наша мэта — прыцягнуць грамадзян да шырокага ўдзелу ў справах сваёй тэрыторыі.

Тэматыка заявак першага конкурсу датычылася сацыяльнага, эканамічнага і экалагічнага напрамкаў. Людзі клапаціліся аб тым, як добраўпарадкаваць населеныя пункты, стварыць зоны адпачынку, палепшыць інклюзіўныя зносіны. Напрыклад, праект «Экалагічная сцежка — шлях да пазнання прыроды» скіраваны на дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

З экалогіяй цесна звязаны праект творчага калектыву «Крыніца». Ён даволі доўгі час займаецца вывучэннем і добраўпарадкаваннем крыніц на тэрыторыі ландшафтнага заказніка Гродзенская пушча. Як расказала кіраўнік творчага калектыву Тэрэза Белавусава, за сродкі фонду прадугледжваецца правесці мерапрыемствы па ахове крыніц ад забруджвання, добраўпарадкаваць тэрыторыі, размясціць інфармацыйныя стэнды, указальнікі, творы рамеснікаў і народных майстроў. Увогуле, ёсць планы па арганізацыі турыстычных і краязнаўчых сцежак, веладарожак, аглядальных пляцовак і зон адпачынку.

Аб добраўпарадкаванні дбаюць і жыхары аграгарадка Дзярэчын Зэльвенскага раёна. Іх мэта — адрадзіць старажытны парк Сапегаў. Тут захавалася нямала старых дрэў, але парку патрэбна пэўная ўвага, каб ён набыў утульнасць і прывабнасць. Па словах старшыні Дзярэчынскага сельвыканкама Аляксандра Белякалы, месцічы выйшлі са сваім праектам на конкурс ініцыятыў і ў хуткім часе атрымаюць фінансавую падтрымку. Па задумцы жыхароў, у парку з'явіцца некалькі зон: дзіцячая пляцоўка, зона правядзення вольнага часу, а яшчэ музей пад адкрытым небам і садова-паркавыя кампазіцыі. На пляцоўцы сямейных каштоўнасцяў будзе закладзены сімвалічны сад, да якога можа далучыцца кожная сям'я аграгарадка. Дрэвы займеюць імянныя шыльды, і сем'і будуць самі даглядаць свае саджанцы.

— Нам важна, каб людзі ўзаемадзейнічалі з мясцовымі органамі ўлады, — зазначыў Ігар Жук. — Тым самым яны выказваюць сваю пазіцыю, клапоцяцца аб малой радзіме. Лічу, што конкурс грамадзянскіх і маладзёжных ініцыятыў — важны крок, дзякуючы якому прапановы грамадзян могуць увасобіцца ў жыццё.

Добрую падтрымку ў гэтым плане атрымаюць жыхары аграгарадка Варняны Астравецкага раёна. Яны накіруюць сродкі на захаванне вежы на востраве, якая лічыцца аб'ектам гісторыка-культурнай спадчыны, але патрабуе аднаўлення. Перамога ў конкурсе павінна палепшыць стан вежы і навакольнай тэрыторыі.

Падобную мэту ставяць перад сабой і актывісты з Лідчыны. Яны мяркуюць прывесці ў парадак вадаём у аграгарадку Мажэйкава. Возера даўно патрабуе ўвагі і пры дбайным падыходзе можа стаць добрай зонай адпачынку. Жыхары гатовы прыступіць да работы ўжо гэтай вясной.

Шмат праектаў скіраваны на здаровы лад жыцця. Адзін з іх так і называецца — «Здаровыя дзеці — шчаслівы горад». У рамках гэтага праекта мяркуецца стварэнне спартыўнай пляцоўкі з трэнажорамі для дзяцей ад 7 да 14 гадоў.

А ў аграгарадку Гожа з'явіцца «Дворык дзяцінства». Паколькі тут няма дзіцячай пляцоўкі, месцічы выйшлі на конкурс менавіта з такой прапановай і атрымалі падтрымку. Жыхары Шчучына прадставілі праект «Праз рух — да актыўнага даўгалецця». Да гэтага людзі і самі папрацавалі, зрабілі спартыўную пляцоўку, але маюць намер папоўніць яе новым абсталяваннем. Выхад у фінал конкурсу дасць такую магчымасць.

Па словах Ігара Жука, падобныя конкурсы мяркуецца праводзіць штогод, а да іх удзелу прыцягваць яшчэ больш людзей, каб вызначыць найлепшых. Колькасць праектаў будзе залежаць ад памераў фонду, магчыма, іх будзе больш, бо прыцягваюцца і сродкі спонсараў. Ігар Жук лічыць, што такая ініцыятыва павінна атрымаць распаўсюджанне ў краіне. Вопыт паказвае, што ў нас нямала людзей, якія гатовы прыняць удзел у канкрэтных справах.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Востраў здароўя і дворык дзяцінства

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.