Вы тут

У Белдзяржфілармоніі пройдзе тэматычная вечарына да юбілею Багдановіча


Сярод мерапрыемстваў, прысвечаных 130-годдзю Максіма Багдановіча, варта адзначыць канцэртную праграму ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Тут 11 снежня Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча прадставіць увазе аўдыторыі святочную вечарыну да юбілею класіка.


Фота: pixabay.com

Жыццё паэта было кароткае, але за свае 25 гадоў на зямлі ён паспеў пакінуць беларусам багатую творчую спадчыну. Сваім паэтычным словам, усёй літаратурнай дзейнасцю Максім Багдановіч паспрыяў нацыянальнаму і духоўнаму адраджэнню Беларусі і яе народа. І тое не засталося без адказу. Паэзія класіка была і застаецца запатрабаваная і актуальная, яна знаходзіць шырокае адлюстраванне ў творчасці многіх культурных дзеячаў нашай краіны. Пра Багдановіча здымаюць дакументальнае і мастацкае кіно, яго асоба і творчасць робяцца тэмай работ мастакоў і даследчыкаў. Таксама творы паэта з'яўляюцца сапраўднай крыніцай натхнення для беларускіх кампазітараў. Многія вершы Максіма Багдановіча былі пакладзеныя на музыку і сталі неад'емнай часткай айчыннай музычнай культуры.

Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча (мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор — народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец) падрыхтаваў для ўсіх прыхільнікаў прыгожай паэзіі і добрай, праніклівай песні ўрачысты канцэрт, прысвечаны 130-годдзю беларускага класіка.

— Нам важна было паказаць вершы Багдановіча ў найлепшых узорах беларускай эстраднай музыкі. А гэта, як вядома, тое, што стваралі Уладзімір Мулявін, Ігар Лучанок, Ігар Палівода. Паэзія Максіма Багдановіча вельмі музычная, там ёсць свае сакрэты, нейкія коды, якія вабяць кампазітараў. На вершы паэта створана сапраўды безліч музыкі. Майстры Ігар Палівода і Уладзімір Мулявін зрабілі музычныя праграмы, прысвечаныя Багдановічу, — дзеліцца музыказнавец Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча Белдзяржфілармоніі Вольга БРЫЛОН. — Ігар Палівода тады стварыў па заказе кіраўніка (ён у той час працаваў у канцэртным аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга) сваю поп-оперу «Максім», якая ахоплівала цыкл песень, дзе прысутнічалі і элементы тэатралізацыі. Паказалі оперу ў лютым 1992 года ў філармоніі. Я была на тым канцэрце і добра памятаю, які там адчуваўся энтузіязм. Публіка прыняла прэм'еру з вялікім імпэтам. А што датычыцца Уладзіміра Мулявіна, то яго канцэртная праграма «Вянок» з'явілася напярэдадні гастроляў «Песняроў» у Амерыку. Прымеркаваная яна таксама была да юбілею паэта. У аўтарскую праграму Уладзімір Георгіевіч уключыў таксама песні «Вераніка» Ігара Лучанка і «Зорка Венера» Сымона Рак-Міхайлоўскага. «Вянок» упершыню паказалі восенню 1991 года ў Нью-Ёрку ў бібліятэцы ААН, а пасля 9 снежня ў той жа год яе прэзентавалі ў філармоніі. Такім чынам у нас адбыліся тады дзве гучныя прэм'еры: спачатку ў Мулявіна, а потым у Фінберга. Гэта былі па-сапраўднаму значныя падзеі ў культурным жыцці Беларусі. За гэты час песні, якія тады прагучалі, сталі музычнымі візітоўкамі нашай краіны. Сярод іх — «Па-над белым пухам вішняў», «Слуцкія ткачыхі», «Зорка Венера», «Лявоніха», «Вераніка» і іншыя. А сёлета мы згадаем найлепшае з гэтых дзвюх праграм. Плюс у нашага аркестра з цягам часу назапасіўся вялікі рэпертуар з песень на вершы Максіма Багдановіча, таму да яго юбілею калектыў ініцыіраваў ідэю зрабіць такую канцэртную праграму, прысвечаную паэту.

...У святочным канцэрце ў выкананні народнага аркестра імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам заслужанага артыста, дырыжора Аляксандра Крамко і вядомых вакалістаў, сярод якіх Ян Жанчак, Вячаслаў Ісачанка і Анастасія Рачыцкая, прагучаць песні Уладзіміра Мулявіна, Ігара Паліводы і Ігара Лучанка на вершы Максіма Багдановіча. Акрамя таго, возьмуць удзел у святочнай праграме і студэнты Беларускага каледжа мастацтваў. Адсвяткуйце дзень нараджэння любімага паэта пад любімыя мелодыі!

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.