Вы тут

У Гродне будуць судзіць падлетка за забойства 81-гадовага мужчыны


Пракуратура Гродзенскай вобласці накіравала ў Гродзенскі абласны суд крымінальную справу ў дачыненні да 15-гадовага хлопца, якому інкрымінаваны забойства заведама састарэлага з асаблівай жорсткасцю, спалучанае з разбоем, а таксама замах на крадзеж, паведамляе служба інфармацыі пракуратуры.


Як устаноўлена падчас папярэдняга расследавання, падлетак 10 жніўня 2021 года з мэтай забойства і завалодання чужой маёмасцю пракраўся дадому да 81-гадовага мужчыны. Хлопец стаў біць пенсіянера, у тым ліку сякерай, качаргой, табурэтам і іншымі цвёрдымі тупымі прадметамі. Ад атрыманых траўм састарэлы мужчына памёр на месцы.

Пасля гэтага падлетак забраў металалом коштам больш як Br14,5 тыс., які быў у доме і ў двары.

Акрамя таго, абвінавачаны 12 жніўня зноў пракраўся ў двор гэтага дома і пагрузіў металалом коштам Br6 тыс. у грузавы аўтамабіль. «Злачынны намер, накіраваны на таемны крадзеж маёмасці, ён не давёў да канца па незалежных ад яго абставінах: сын пацярпелага заспеў яго на месцы здарэння», — адзначылі ў пракуратуры.

Пасля вывучэння матэрыялаў крымінальнай справы ў пракуратуры Гродзенскай вобласці прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасці абвінавачання, наяўнасці дастатковых доказаў, поўным і аб’ектыўным даследаванні акалічнасцей злачынстваў.

Выбраную раней да абвінавачанага меру стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту пракурор, накіроўваючы справу ў суд, пакінуў без змянення.

Прэв’ю: prokuratura.gov.by

Выбар рэдакцыі