Вы тут

Родная зямелька — маці, а чужая...


Падзеі на беларуска-польскай граніцы хвалююць многіх, а ўжо тых, хто ведае, што такое вайна... Няхай па ўспамінах бацькоў і дзядоў, няхай па фільмах і кнігах... Нават гэтага часам дастаткова.


Наш родны край у красавіку 1986-га пацярпеў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Праўда, людзі пра гэта амаль не чулі, не ведалі: ішлі на Першамайскую дэманстрацыю, садзілі бульбу, смела гулялі па вуліцах...

І тады, і пазней многія набралі на сябе атруты, хварэлі і паміралі. Не стала і майго малодшага сына. Яму было ўсяго 14. Аднак сёння я хачу ўспомніць той час, калі наш Юра быў яшчэ жывы і калі краіны далёкага замежжа сталі запрашаць нашых дзяцей на аздараўленне, спачатку — цэлымі класамі, а пасля паасобку. Тады, дзякуючы немцы Одзе-Марыі фон Шуберт, яе запрашэнню, нават я разам з Юрам пагасціла ў Германіі, на свае вочы пабачыла замежнае жыццё. Шмат што захавалася ў памяці.

Ну, па-першае, спадарыня Ода-Марыя, у якой у 18 гадоў трагічна загінуў унук, рабіла ўсё, каб нам было камфортна і цікава. На жаль, маё валоданне нямецкай не дазваляла больш-менш свабодна гутарыць з ёй, і таму ў размовах нам калі-нікалі дапамагалі сябры гаспадыні — Уладзімір і Галіна, людзі адукаваныя, інтэлігентныя. Да пераезду ў Германію яны жылі пад Масквой, працавалі выкладчыкамі, мелі навуковыя ступені, аднак трымаліся вельмі проста. Я не пыталася, што прымусіла іх пакінуць радзіму, а тым больш Маскву, але заўважыла, што ў іх галасах пастаянна адчуваўся сум.

Неяк раз яны прыйшлі да Оды-Марыі, каб запрасіць нас з Юрам «у клубніцы». Гаспадыня дала нам па невялічкім лёгкім кошычку, і ўчацвярых мы рушылі... Я дрэнна ўяўляла, куды. Ішлі пехатой, досыць доўга. Уладзімір з Галінай усю дарогу пра нешта пыталіся, мы з Юрам адказвалі — расказвалі пра сваю Беларусь, пра наша жыццё. А вось ад спадарожнікаў пачулі зусім няшмат: хіба тое, што, дапамагаючы фермеру і збіраючы ягады, можна (і нават трэба) іх есці (асабліва калі фермер адыдзецца)...

Дабраўшыся да месца, нас вельмі ўразіла поле — велізарнае, з доўгімі, роўнымі радамі ягад самых розных сартоў — спелых, прыгожых... Праўда, я іх амаль не каштавала, бо клубніцы — гэта не маё (іншая рэч — суніцы!)... А вось іншыя зборшчыкі елі: якраз так, як вучылі і нас.

Але гэта яшчэ не ўсё. Вярнуўшыся ў горад, мы разам з нашымі спадарожнікамі зайшлі на пошту (ім трэба было). І там, адчыняючы дзверы, Уладзімір неяк няўдала зачапіўся за дыванок — упусціў свой кошычак з клубніцамі. Ягады рассыпаліся па падлозе і, вядома ж, пабіліся, ледзь не распаўзліся... Я чакала, што зараз з'явіцца хтосьці з венікам, змяце іх у шуфлік каб выкінуць. І памылілася. Нашы спадарожнікі сталі іх збіраць у той самы кошык, казаць, што дома зробяць з іх «мермеладэ». Мы з Юрам пераглянуліся і шчыра пашкадавалі, што жывём так далёка, што не можам падзяліцца — пачаставаць гэтых людзей «мармеладамі» са сваіх суніц, чарніц, вішань, маліны, сліў, ажын, парэчак, агрэсту... А потым яшчэ доўга думалі над тым, ці сталі б гэтыя людзі збіраць клубніцы — і на фермерскім полі, і на падлозе — жывучы ў Падмаскоўі. Мне здавалася, што наўрад...

Было ў нас і яшчэ адно вельмі памятнае знаёмства. Неяк у нядзелю пасля тэлефоннага званка Ода-Марыя сказала, што нас запрашаюць да сябе Ганна і Пётр Кеслеры. Юра ўжо ведаў гэтых людзей, іх дом, і мы пайшлі.

Сустракалі нас там як родных, але гэта ўразіла куды менш, чым гісторыя іх жыцця. Аказалася, што Пётр — этнічны немец, што яго сям'ю «дабравольна-прымусова» з Паволжа выселілі ў Іркуцк, што ён вырас там і з першых дзён вайны трапіў на фронт, што пасля няўдалага бою пад Смаленскам уся іх рота аказалася ў палоне і збегчы адтуль нікому не ўдалося, што дужэйшых (з тых, каго не расстралялі) адправілі на работы ў Германію. Такім чынам Пётр трапіў на хутар, стаў парабкам, бо павінен быў рабіць усё, што скажа гаспадар: даглядаць скаціну, апрацоўваць зямлю...

Ганна — родам з-пад Ленінграда. Настаўніца. У рукі фашыстаў трапіла ў час аблавы. У Германіі апынулася разам з іншай моладдзю, з ёй жа працавала на заводзе. Умовы, як расказвала, былі страшэнныя: людзей трымалі горш, чым скаціну, — у халодных буданах. І кармілі — абы ногі цягалі ды працавалі... За марудлівасць і брак білі, знясіленых дабівалі...

Вось аднойчы і яе забралі ад іншых, некуды павялі... Думала, на расстрэл, бо пасадзілі ў кузаў, прывезлі ў нейкі хлеў... А раніцай паказалі статак кароў і цялят, які яна павінна была даглядаць. Спраў, як расказвала, было з галавой, і яна ўсё рабіла подбегам — яшчэ і таму, што вопраткі не мела ніякай — баялася захварэць. Ведала, што парабкаў лячыць тут ніхто не будзе. А памрэш — прывязуць новага ці новую...

Адно добра, што кармілі хоць трохі лепш... А другое — лёс звёў з Пятром, які ведаў нямецкую мову, чуў сам і Ганне пераказваў, што гоняць немцаў з роднай зямлі, што вызваленне ўжо блізка і яны змогуць вярнуцца дамоў.

Надзея на гэта надавала сіл, і таму не дзіва, што, пачуўшы пра перамогу, Ганна і Пётр на веласіпедах былых гаспадароў паехалі ў бок роднага краю.

У Польшчы на адным з прыпынкаў разгаварыліся з савецкімі салдатамі, і тыя, пачуўшы, што з імі было, сказалі, што на радзіме іх чакае калі не расстрэл, то зняволенне — дакладна, прычым пажыццёвае, недзе на Калыме...

І ўсё, як расказвалі гэтыя сужэнцы: схавалася сонца, на зямлю апусцілася неба. Яны плакалі ўголас і баяліся глядзець адно на аднаго — думаць, хто з іх большы здраднік Радзімы.

Каля сутак яны прасядзелі ў Польшчы, а потым вярнуліся назад у Германію, сталі жыць разам і працаваць ад цямна да цямна, абое былі голыя і босыя, не мелі жытла, потым з'явіліся дзеці.

Каб хоць неяк абжыцца, павялічыць свае даходы, Пётр з Ганнай пераехалі ў Аргенціну, дзе ўвесь час цёпла. Трымалі кароў, авечак, коней, якія самі, можна сказаць, карміліся, збіралі добрыя ўраджаі. Старэйшыя дзеці (а ў сям'і іх стала 17) ва ўсім дапамагалі... Аднак бацькі цудоўна разумелі, што без добрай адукацыі ім прыйдзецца цяжка, і таму зноў вярнуліся ў Германію... Хоць хацелася ў Расію. Дзеля гэтага, як казалі, згодны былі б нават панесці пакаранні!

...Калі Саюз распаўся, у сужэнцаў з'явілася магчымасць праведаць родных — яны паляцелі ў Іркуцк.

Бацька Пятра не дажыў да гэтай сустрэчы, на вайне загінуў і брат. А вось старэнькая маці і сёстры не ведалі, як славіць Госпада за магчымасць абняць сына і брата...

З тых самых часоў Ганна і Пётр сталі марыць аб паездцы ў Ленінград. Ужо нават былі сабраліся, але Ганна трапіла ў бальніцу, перанесла складаную аперацыю, пасля якой зусім не стала здароўя: адбіліся на ім і аблава, і холад з голадам, і шматгадовая непасільная праца.

...Што здзівіла тады — у доме Пятра і Ганны панавала руская мова. На ёй размаўлялі гаспадары, іх дзеці і ўнукі, якія ў той час займалі розныя пасады, але вельмі любілі бацькоў і свой «рускі дом».

Наведаўшы яго другі раз, мы гаспадара не заспелі: ён збіраў дакументы, каб зноў паляцець у Расію да родзічаў. А яго жонка Ганна, страціўшы на гэта надзею, усё распытвала мяне пра Беларусь і ўрэшце пацікавілася, ці не магла б я зрабіць ёй падарунак — даслаць духі «Красная Москва» і мыла «Сирень». Казала, што іх водар помніцца з тых часоў, калі жыла на радзіме, і што гэтыя ўспаміны дапамагалі ёй выстаяць: не страчваць прытомнасць каля станка на заводзе, у чаканні расстрэлу, на чужой ферме...

Перад ад'ездам мы зайшлі ў дом Кеслераў, каб развітацца, і Ганна, не хаваючы слёз, сказала, што паехала б з намі ў Беларусь... А на сваю радзіму дык пайшла б нават пешкі!

...Людзі, мусіць, праўду кажуць, што родная зямелька — маці, а чужая — мачаха.

Ларыса КУПРЫЯНЧУК,

Рагачоўскі раён

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.