Вы тут

Што можа зрабіць кожны з нас каб прадухіліць самую частую прычыну пажараў


Сёлета сітуацыя з пажарамі пагоршылася на тэрыторыі ўсёй краіны. За 10 месяцаў гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага гібель людзей павялічылася на 8 %, загінула 513 чалавек (475 летась). Такія смерці абумоўлены тымі ж абставінамі, што і ад іншых знешніх прычын. Загінулыя, як правіла, нідзе не працавалі, вялі асацыяльны лад жыцця і злоўжывалі спіртным.


Рост сёлета назіраецца амаль ва ўсіх рэгіёнах краіны: колькасць загінулых у Брэсцкай вобласці павялічылася на 17 %, у Гомельскай — на 22 %, у Гродзенскай на — 18 %, у Магілёўскай — на 15 %, у Мінску — на 12 %. Па віне асоб, якія знаходзіліся ў алкагольным ап'яненні, у 2021-м загінула 276 чалавек — больш за палову ад агульнай колькасці. Прычым па Віцебскай вобласці гэты паказчык складае больш за 59 %, Гродзенскай — 61 %, Магілёўскай — 56 %.

Лічба пажараў за апошнія 10 гадоў па віне людзей у алкагольным ап'яненні ашаламляе — больш за 11 тысяч. У іх загінула 4579 чалавек, траўміравана 1611 чалавек. Найбольш частая прычына пажараў па віне п'яных адбылася з-за неасцярожнага абыходжання з агнём — больш за 80 %. У 84 % крыніцай агню стала непатушаная цыгарэта.

— Цяпер холадна на вуліцы, многія курцы не жадаюць выходзіць на ганак ці з пад'зда свайго дома, таму ў асенне-зімовы перыяд павялічваецца колькасць пажараў, — тлумачыць памочнік міністра — прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі. — У краіне праводзіцца вялікая прафілактычная работа па недапушчэнні такіх трагедый. Найбольш эфектыўныя прамыя кантакты і размовы з такімі людзьмі. Што можа зрабіць кожны з нас? Калі ў вас ёсць такі сусед ці такі сваяк і вы ведаеце, што ён злоўжывае алкаголем, курыць у ложку, не будзе лішнім паразмаўляць з ім, звярнуць увагу на пытанні бяспекі. Канешне, мы не адабраем курэнне, але калі гэту звычку нельга перамагчы, падумайце разам, як гэта зрабіць бяспечна. Калі людзі вядуць асацыяльны лад жыцця, пра гэта павінны ведаць супрацоўнікі МНС, праваахоўных органаў, выканкамаў, мясцовых органаў улады, каб у кожнай сітуацыі камісія разабралася і змагла знайсці падыход да канкрэтнага чалавека. Камусьці патрэбна дапамога, хтосьці пагодзіцца пераехаць на зіму ў дом-інтэрнат. Вельмі важна не быць раўнадушнымі, звяртаць увагу на такіх суседзяў.

З наступленнем халадоў закінутыя дамы і будынкі нярэдка становяцца прыстанішчам для людзей, якія злоўжываюць спіртным і вядуць асацыяльны лад жыцця. Тут таксама спецыялісты заклікаюць суседзяў не быць раўнадушнымі: калі вы ведаеце, што ёсць такое месца, дзе збіраюцца гэтыя людзі, паведаміце супрацоўнікам МНС або міліцыі. З імі працуюць у тым ліку і ўчастковыя міліцыянеры.

Дарэчы, колькасць злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап'янення, апошнім часам, наадварот, знізілася. За апошнія 10 гадоў іх колькасць памешылася ўдвая: калі ў 2011 годзе іх зарэгістравалі амаль 27 тысяч, то сёлета — 13 тысяч. У прыватнасці, зменшылася колькасць наўмысных цялесных пашкоджанняў, злачынстваў сексуальнага характару, крадзяжоў, рабаўніцтваў, крадзяжу транспартных сродкаў.

Аднак пры гэтым алкаголь застаецца асноўнай «рухальнай сілай» злачынстваў: у стане ап'янення здзяйсняецца большасць забойстваў і наўмыснага нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Пры гэтым колькасць злачынстваў на 100 тысяч насельніцтва ў сельскай мясцовасці перавышае такі паказчык у гарадах. Амаль 90 % крымінальных дзеянняў у дачыненні да членаў сям'і таксама здзейснены ў стане алкагольнага ап'янення.

Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Канстанцін РУЦ, на прафілактычным уліку МУС знаходзіцца 16 тысяч асоб, якія злоўжываюць спіртным. Па ініцыятыве праваахоўнікаў суды прынялі больш за 300 рашэнняў аб абмежаванні дзеяздольнасці такіх асоб, якія ставяць сям'ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча. За 10 месяцаў гэтага года ў ЛПП змешчана больш за чатыры тысячы п'яніц (на 25 % больш, чым летась). Пасля вяртання з ЛПП з імі праводзіцца работа па вяртанні да сацыяльнага жыцця, ім садзейнічаюць у працаўладкаванні, ідзе далейшая медыцынская рэабілітацыя, аднаўленне дакументаў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.