Вы тут

Ромін чаўнок і адроджаная закладная тэхніка


Гаварыць могуць не толькі кнігі, бо вышыўка — гэта зашыфраванае пасланне нашых продкаў. У кожнага сімвала сваё асаблівае значэнне. Так, азбуку беларускага арнаменту стварылі ткачы з аграгарадка Семежава. Усяго 25 кіламетраў ад Капыля, і ў нас з'явілася магчымасць пазнаёміцца з унікальным рамяством, якім славяцца мясцовыя майстры.


Традыцыям ткацтва ў Семежаве больш за 400 гадоў. Уладальнікі гэтых зямель Радзівілы заахвочвалі развіццё рамяства, тут дзейнічалі мануфактуры. А ткалі ў складанай закладной тэхніцы. І паколькі ткацкі станок у той час быў у кожнай хаце, мясцовыя жыхары перанялі спосаб ткацтва, які сапраўды спадабаўся кожнаму.

— Ад самага заснавання гэтага мястэчка Радзівіламі ў 1582 годзе тут развіваецца ткацтва. І такі адметны яго від, як закладная тэхніка, амаль нідзе больш не сустракаецца. А менавіта ў вёсцы Семежава яна захавалася. Мы ў свой час спахапіліся: адрадзіць, каб яна не знікла. Гэта нашы традыцыі, якімі мы ганарымся, адрозніваемся ад іншых рэгіёнаў, — упэўнена Таццяна Волкава, народны майстар Беларусі па ткацтве, загадчыца Семежаўскага раённага цэнтра ткацтва.

У мясцовым цэнтры ткацтва сёння займаюцца нават хлопчыкі. Уседлівасці ім не займаць. У кожнага свая любімая тэхніка. Зараз мы раскажам пра аднаго з іх.

Раман Волкаў, вучань 8 класа Семежаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу «дзіцячы садок — сярэдняя школа» імя М. С. Высоцкага, выдатнік вучобы, удзельнік і неаднаразовы пераможца агульнашкольных і раённых творчых конкурсаў, з асаблівым задавальненнем займаецца ў раённым цэнтры ткацтва. З такім вельмі карпатлівым заняткам хлопец знаёмы яшчэ з малых гадоў, тут працуе яго мама — Таццяна Волкава, якая і прывіла любоў сыну да ткацтва.

Пачалося ўсё з дзяцінства. Маці брала яго з сабою на працу. Там было шмат цікавых рэчаў, якія вельмі вабілі хлопчыка, асабліва прыцягваў ткацкі станок. Хлопчыку было ўсяго тры гады і ён не даставаў нават да панажоў. Сядзеў на маміных каленях, яна «хадзіла» па прыладзе, а Рома «ганяў» чаўнок туды-сюды. Вось так і склаўся іх творчы дуэт. З таго часу хлопец пастаянна займаецца ў цэнтры ткацтва.

Настаўніцай з'яўляецца матуля. Яна вучыць сына ткаць на кроснах розныя рэчы, паясы «на ніту», «на дошчачках», «на бердзечку». Таксама Таццяна Мікалаеўна навучыла плесці саламяных павукоў, ляпіць пано з салёнага цеста. Кожны год дуэт удзельнічае ў розных святах і фестывалях. Свой першы дыплом Рома атрымаў у пяць гадоў як самы малодшы ўдзельнік абласнога свята конкурсу па ткацтве «Матчыны кросны».

У крамах зараз ёсць усё, што захочаш. Але да таго, што зроблена сваімі рукамі, ставішся зусім па-іншаму. У свой выраб Рома ўкладвае душу, настрой, думкі. І заўсёды вельмі прыемна глядзець на тое, што атрымалася ў выніку. Хлопец лічыць, што вельмі важна карыстацца рэчамі ручной работы, бо яны нясуць цеплыню і ўтульнасць. Гэтыя рэчы ўнікальныя.

Раман часта ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах. Нават праводзіць майстар-класы! Напрыклад, прэзентаваў ручнік, сатканы ўласнымі рукамі, у Мінску падчас фінальных мерапрыемстваў рэспубліканскай міжканфесіянальнай акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі — 2021». Той стаў яе сімвалам. «Вельмі прыемна, калі людзі цікавяцца і ім гэта падабаецца. Купляюць тканыя рэчы, карыстаюцца імі. Я спрабую развівацца ў ткацкай справе. Пакуль добра не навучышся, то здаецца, што гэта вельмі складана. А як усё зразумееш — нічога складанага няма. Падчас ткацтва заўсёды з'яўляецца жаданне хутчэй выткаць выраб, каб убачыць, што атрымалася. Бо бывае і такое, што задумваеш адно, а атрымліваецца крышку па-іншаму», — прызнаецца Рома.

Што будзе ў будучыні, пакажа час. Хлопец марыць шмат аб чым. Але галоўнае, каб былі шчаслівыя родныя і наогул усе людзі. Ён яшчэ не вырашыў, якую прафесію абярэ, куды паступіць. Пакуль жа юны майстар проста стараецца добра вучыцца.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прыгажосць і трагедыя Краснага Берага

Прыгажосць і трагедыя Краснага Берага

З'ядноўваюцца супрацьлеглыя рэчы: вялікая прыгажосць і вялікі боль...

Грамадства

«Таблетка» шчасця ад мадэлі з Барысава Наталлі Клачко. На пенсіі жыццё не спыняецца

«Таблетка» шчасця ад мадэлі з Барысава Наталлі Клачко. На пенсіі жыццё не спыняецца

На пенсіі жыццё не спыняецца. А вось якім яно будзе — залежыць ад кожнага з нас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на тыдзень

Усходні гараскоп на тыдзень

ЛЕЎ. У вашым жыцці надыходзіць добры перыяд, можна нават сказаць, новы этап.