Вы тут

Правільнае харчаванне дадому: даніна модзе або клопат аб здароўі?


Калі сфера дастаўкі гатовага харчавання перажыла бурны рост з пачаткам пандэміі, калі з офісаў вельмі многія перамясціліся ў кватэры, а паход у краму ператварыўся ў небяспечнае падарожжа, то сёння адзін з вядучых напрамкаў у гэтым сегменце — дастаўка дадому здаровага харчавання. Цяпер гэты трэнд прыйшоў і ў Беларусь.


Ежа «для забавы» па-ранейшаму запатрабаваная і ў суседняй Расіі, і ў нас (зручна ж заказаць піцу або сушы на кампанію, хутка накрыць стол, калі без папярэджання завіталі госці). Але ўсё часцей сучасны спажывец звяртае ўвагу не толькі на смак і колькасць, але і на карыснасць свайго рацыёну.

Як гэта працуе

Аўтарытэтнае медыцынскае выданне The Lancet апублікавала вынік трыццацігадовага даследавання брытанскіх (зразумела!) вучоных, прысвечанае ўплыву харчавання на здароўе ўсіх органаў і сістэм чалавечага арганізма. Выснова несуцяшальная: аказваецца, сістэматычнае няправільнае харчаванне забівае хутчэй, чым нават курэнне і алкагалізм, паколькі правакуе развіццё цяжкіх хранічных захворванняў — ад сардэчна-сасудзістых да дыябету і анкалогіі. Між тым, ваду на млын няправільнага харчавання ва ўсім свеце ліюць і харчовыя звычкі (смажанае і тлустае спрадвеку любілі паўсюдна, а ідэя правільнага харчавання — дастаткова малады трэнд), і даступнасць «няправільных», але смачных і сытных страў. У той час як пераход ад «смачна, сытна і звыкла» да паравых катлетак з гарнірам з брокалі часцей за ўсё не праходзіць лёгка. Патрабуецца вызначыцца з мэтай (пахудзець, набраць мышачную масу, аздаравіць арганізм), «вывучыць матчастку» (вылучыўшы з велізарнай разнастайнасці інфармацыі па дадзеным пытанні, што сапраўды карысна, а што — не больш чым даніна модзе), распрацаваць меню, лічыць калорыі і ўзважваць прадукты (улічваючы страты пры тэрмічнай апрацоўцы), гатаваць і есці нязвыклыя стравы (і карміць імі сваіх дамашніх, якія, хутчэй за ўсё, спачатку будуць супраціўляцца). Плюс — карэкціраваць меню ў залежнасці ад атрыманых прамежкавых вынікаў. Не кожны ў стане зрабіць усё гэта, нават маючы на ўвазе такую добрую мэту, як прыгажосць і здароўе. Сэрвісы здаровага харчавання гатовыя ўзяць на сябе гэтую працу дзеля кліента — калі кліент гатовы за тое плаціць. Пакуль у нашай краіне, як і ў суседняй Расіі, сэрвісы здаровага харчавання развіваюцца толькі ў вялікіх гарадах — у маленькіх няма попыту.

Наўскідку, арганізацыя сэрвісу дастаўкі правільнага харчавання — задача больш складаная за дастаўку піцы. Па факце, так яно і ёсць, калі падыходзіць да пытання адказна. Неабходнае супрацоўніцтва з дыетолагамі плюс прафесійныя повары, здольныя зрабіць карыснае смачным, пастаянны кантроль за бялкамі-тлушчамі-вугляводамі і каларыйнасцю. Але «затлумляюцца» не ўсё: часам пад дэвізам «здаровае харчаванне» вам могуць дастаўляць звычайнае сталоўскае меню (салацік, супчык, пюрэшка, катлетка), прыблізна прыкінуўшы калараж страў. Бо наўрад ці кліент у стане нешта праверыць: тут усё пабудавана на даверы. Хоць ёсць на рынку і тыя сэрвісы, што трымаюць марку і падыходзяць да пытання скрупулёзна.

У астатнім заказ здаровага харчавання практычна не адрозніваецца ад заказу піцы. Выбіраеце праграму (на адну трапезу — «пакаштаваць», на дзень, тыдзень ці месяц), аплачваеце яе і атрымліваеце збалансаванае меню па раскладзе: кожны вечар — на наступны дзень, у пранумараваных кантэйнерах.

— Рацыёны дзеляцца па каларыйнасці — ад 900 да 2400 калорый. Гэта сутачны калараж плюс збалансаванае меню па бялках, тлушчах і вугляводах, — распавядае саўладальнік сэрвісу правільнага харчавання Oxdetox Павел Дзям'янка. — «Крок» складае 300 калорый. На 900 калорый — тры стравы, на 1200 — чатыры, на 1500 — адпаведна, пяць і г. д. Ёсць кліенты, якія заказваюць рацыён на 3500 калорый, гэта спартсмены-бодзібілдары. Але найбольш запатрабаваны калараж — 1200.

Ці наядаешся «ПХ-дастаўкай»?

— Кліенты часцей за ўсё кажуць, што з гэтым праблемы няма, — адзначае Павел. — Спачатку ўсе баяцца застацца галоднымі. Але потым аказваецца, што рацыёну цалкам хапае, каб не адчуваць голад.

Дзяўчаты і айцішнікі

Колькі трэба калорый кліенту, звычайна ён вырашае сам. Але калі вы прыходзіце ўпершыню, адміністратар пракансультуе вас і падлічыць ваш расход калорый у суткі. Хто кліенты такой дастаўкі? Спачатку прыдумана яна была ў першую чаргу для офісных работнікаў і прадстаўнікоў разумовай працы, якія, з аднаго боку, у курсе сацыяльных трэндаў і імкнуцца сачыць за сваім здароўем, з другога — не заўсёды маюць дастатковую фізічную актыўнасць. Але паколькі такую паслугу ў нашай краіне з вялікай нацяжкай можна назваць бюджэтнай, то дэмакратычная па сваёй задуме навіна ў Беларусі набыла налёт элітарнасці. У сярэднім на дзень дастаўка правільнага харчавання ў Мінску абыдзецца ў 25-35 рублёў, адна страва — 5-7 рублёў. Здаецца, няшмат, але на месяц, калі харчавацца кожны дзень, выходзіць каля 700-900 рублёў на аднаго едака.

— Затое вы не ходзіце па прадукты, не марнуеце больш ні капейкі на харчаванне і не змагаецеся са спакусамі, — падкрэслівае Павел. — Акрамя таго, як правіла, з набытых прадуктаў і прыгатаваных вамі страў частка сапсуецца, скончыцца тэрмін прыдатнасці. Нашы стравы не псуюцца, іх з'ядаюць поўнасцю. Вы атрымліваеце кожны дзень свежую смачную ежу, разнастайны рацыён і вялізную эканомію часу на закупку прадуктаў і іх прыгатаванне.

Большасць кліентаў дастаўкі правільнага харчавання — гэта жанчыны ад 25 да 45 гадоў, паспяховыя і з добрай зарплатай. Мужчынская частка кліентаў — маладыя людзі, якія працуюць у сферы ІT і мужчыны на кіруючых пасадах, не абцяжараныя сям'ёй, а таксама невялікі працэнт спартсменаў. Жанчыны, як правіла, імкнуцца пахудзець. Задача «аздаравіць арганізм» у айчыннага заказчыка правільнага харчавання часам аказваецца на другім месцы, распавядаюць супрацоўнікі дастаўкі. «Але нашы кліенты страчваюць лішнюю вагу без шкоды для здароўя», кажуць яны. Атрымаецца знізіць вагу ці не — пытанне самадысцыпліны. Калі дзяўчына «даганяецца» шакаладкамі або з'ядае па два кантэйнеры за раз, а потым яшчэ і додбра вячэрае па-за праграмай, наўрад ці яна пазбудзецца лішніх кілаграмаў. Адзін з галоўных аргументаў мужчын на карысць дастаўкі здаровай ежы — лянотна гатаваць, а фаст-фуд надакучыў і шкодны.

Плюс-мінус

У трэнду «дастаўка ПХ» ёсць безумоўныя плюсы. Так, вырашыўшы заняцца правільным харчаваннем самастойна, вы рызыкуеце трапіцца на вуду маркетолагаў, паверыць модным дыетам і «парадам зорак», падсесці на сумніўныя харчовыя дабаўкі. І, як вынік, не толькі не аздаравіцца, а, наадварот, нанесці здароўю шкоду — елі б ужо лепш бульбу з каўбасой, як прывыклі, часам кажуць урачы. Тут дарэчы прыгадаць міфалагізацыю здаровага харчавання ў свядомасці сучаснага чалавека: у «чорны спіс» трапляюць масла, бульба і хлеб, цукар, соль і гэтак далей. Але выключыўшы нешта з рацыёну, варта нешта ў яго ўключыць, падкрэсліваюць дыетолагі — тое, што прынясе ў арганізм карысныя рэчывы, якія мы недаатрымліваем (бо недахоп часам больш шкодны за лішак). Што ўключыць і ў якіх колькасцях, абывацель у курсе далёка не заўсёды. Дастаўка правільнага харчавання, прынамсі, дасць вам збалансаваны рацыён, дзе прысутнічаюць у дастатковай колькасці асноўныя неабходныя арганізму рэчывы. Акрамя таго, нават нядоўгі вопыт правільнага харчавання зменіць смакавыя звычкі і дасць уяўленне пра тое, як яшчэ можна гатаваць звыклыя прадукты. І, вядома, вы атрымліваеце вольны час. Напрыклад, некаторыя падобныя сэрвісы прапануюць у тым ліку і святочнае меню з карыснымі соусамі замест маянэзу (у навагоднім — можа прысутнічаць нават салата «Аліўе», якая не сапсуе фігуру).

Ну а галоўны мінус — гэта, вядома, кошт. Згодна з данымі Белстата, у ІV квартале 2020 года грашовыя расходы ў разліку на дамашнюю гаспадарку склалі Br1414,3 на месяц, з якіх Br1063,7 (75,2 працэнта) прыпадае на спажывецкія расходы. У прыватнасці, на харчаванне — 38,6 % названай сумы.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Калорыі падлічаны...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».