Вы тут

Бяспраўе і несправядлівасць. Куды ўлады вядуць палякаў?


Старшыня кіруючай кансерватыўнай партыі Польшчы «Права і справядлівасць» (ПіС), віцэ-прэм'ер, які курыруе сілавы блок, Яраслаў Качыньскі выказаўся наконт палітыкі Германіі. Яго словы прыводзіць выданне Wіrtualna Polska. На пасяджэнні парламенцкага клуба Качыньскі сказаў, што «Германія хоча пабудаваць Чацвёрты рэйх». Палітык дадаў, што Польшча не дапусціць гэтага. Качыньскі заклікаў дэпутатаў мабілізавацца, адзначыўшы, што палітычная сітуацыя стала напружанай. Адзначаецца, што прысутныя былі здзіўлены гучнай заявай наконт Германіі, якая прагучала ў рамках каментарыя на тэму напружаных адносін паміж Варшавай і еўрапейскімі сталіцамі. На фоне, мякка кажучы, складаных узаемаадносін Польшчы і ЕС такія дэмаршы вельмі рызыкоўныя. Як лічаць аналітыкі, заява Качыньскага — камень у агарод польскай апазіцыі, якая апошнім часам згуртавалася і канструктыўна выступае супраць правальных дзеянняў улады. У Польшчы абвастрылася ўнутрыпалітычная барацьба, паглыбляецца раскол грамадства. Куды ўлады вядуць палякаў?


«Рэанімацыя» Рэчы Паспалітай

У 2015 годзе правая кансерватыўная партыя, якая абапіраецца на нацыяналістаў і заўзятых каталікоў, «Права і справядлівасць», здолела перамагчы на ??выбарах і, стварыўшы кааліцыю «Аб'яднаныя правыя», стаць дэ-факта кіруючай. Пазней член гэтай палітычнай сілы Анджэй Дуда выйграў прэзідэнцкую гонку і ўзначаліў рэспубліку, умацаваўшы тым самым становішча правых кансерватараў. Дэкларуючы правядзенне «маральнай рэвалюцыі» ў Польшчы і нават «пераход ад Трэцяй Рэчы Паспалітай да Чацвёртай», «ПіС» адразу ўзяліся ажыццяўляць свае нацыянальна-кансерватыўныя ідэі на практыцы, заўважыла ukraіna.ru.

Спачатку новае кіраўніцтва краіны прыняло скандальны закон аб СМІ, які дазволіў яму прызначыць на галоўны ў краіне дзяржаўны тэлеканал TVP лаяльных да партыі рэдактараў. Гэта адразу выклікала хвалю абурэння ў Берліне і Бруселі. У ЕС адразу заявілі, што новы закон аб СМІ ўстанаўлівае празмерна вялікі кантроль улады над польскімі сродкамі масавай інфармацыі. Шэраг нямецкіх палітыкаў, якія прадстаўляюць у Бундэстагу Хрысціянска-дэмакратычны саюз/Хрысціянска-сацыяльны саюз (ХДС/ХСС), тады нават прыгразілі ўвядзеннем санкцый супраць Варшавы. А старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц тады падкрэсліў, што «еўрапейскае кіраўніцтва павінна аб'яднацца, каб выступіць супраць палітыкі, якую праводзіць кіраўніцтва Польшчы».

Але гэта быў толькі пачатак — праз год «ПіС» ініцыіравала яшчэ адну рэформу, гэтым разам судовую. Яе сутнасць заключаецца ў тым, што цяпер суддзяў могуць прыцягваць да дысцыплінарнай адказнасці або нават звальняць за дзеянні, калі Дысцыплінарная палата палічыць, што яны «ствараюць перашкоды функцыянаванню судовай сістэмы». Акрамя таго, Міністэрства юстыцыі атрымала паўнамоцтвы прызначаць і звальняць суддзяў Вярхоўнага суда. Еўракамісія назвала такі стан спраў прадметам «усеагульнай заклапочанасці» і звярнулася да Варшавы з просьбай адмяніць прынятыя рашэнні. Атрымаўшы ў адказ «ігнор», ведамства пазней звярнулася ў Савет ЕС з хадайніцтвам увесці санкцыі супраць Варшавы. Аднак тады гэтая прапанова так і не была выканана.

Глыбіня расколу

Летась у Польшчы прайшлі выбары прэзідэнта, на якіх правым на фоне пандэміі ўдалося зноў прыцягнуць свайго кандыдата. Выбар паміж дзеючым кіраўніком дзяржавы Анджэем Дудой («ПіС») і мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім («Грамадзянская кааліцыя») штабы кандыдатаў прадстаўлялі ў якасці «цывілізацыйнага супрацьстаяння». Агучаны вынік, на думку шэрага экспертаў, вельмі сумніўны, відавочна выкарыстоўваліся махінацыі і падтасоўкі, нездарма выбары прызналі «бруднымі». Невыпадкова лідар «ПіС» Яраслаў Качыньскі не з'явіўся на мітынгу Дуды пасля завяршэння галасавання. Усё гэта выклікала пратэсты і спрыяла далейшаму расколу польскага грамадства, які і так надзвычай узмацніўся ў апошнія гады.

Агучаныя вынікі вызначылі расклад палітычных сіл. Дуду падтрымалі ў першую чаргу старэйшыя ўзроставыя групы: за яго прагаласавала 59,1 % выбаршчыкаў ва ўзросце 50-59 гадоў, звыш 60 гадоў — 61,7 %. Тшаскоўскага, у сваю чаргу, хацелі ўбачыць на пасадзе прэзідэнта палякі ва ўзросце 18-29 гадоў (64,4 %), 30-39 гадоў (55,4 %) і сярэдняга ўзросту — 40-49 гадоў (55,2 %). Можна зрабіць выснову, што ў дзеючнага прэзідэнта і кіруючай партыі дэмаграфічна-электаральная праблема, адзначыў baltnews.lt. Колькасць іх выбаршчыкаў, са зразумелых прычын, наўрад ці будзе расці. Затое ў апазіцыйных сіл ёсць пэўны патэнцыял.

Палітычны выбар быў таксама прадвызначаны ўзроўнем адукацыі выбаршчыкаў. Дуда можа заручыцца падтрымкай пераважнай большасці людзей, якія маюць пачатковую (77,3 %) і пачатковую прафесійную адукацыю (74,7 %). З невялікай перавагай ён перамог сярод уладальнікаў сярэдняй адукацыі (50,3 %). Тым часам, Тшаскоўскага падтрымала 65,9 % палякаў з вышэйшай адукацыяй. Зноў можна сказаць, што больш перспектыўнай з'яўляецца выбарчая база цяперашняй апазіцыі, хоць яе складана пераканаць у неабходнасці ўдзелу ў выбарах. Аднак узровень адукацыі працягвае расці, і гэта будзе садзейнічаць падзенню рэйтынгу «ПіС».

Адметны геаграфічны расклад падтрымкі кандыдатаў. Дуда атрымаў упэўненую перамогу ў сельскіх раёнах (63,2 працэнта). Ва ўсіх астатніх перамог Тшаскоўскі. Усход і паўднёвы ўсход падтрымаў дзеючага прэзідэнта. Захад і поўнач — Тшаскоўскага. Культурныя адрозненні паміж гэтымі рэгіёнамі звязаныя з іх гісторыяй. Карта выбараў 2020 года дакладна супадае з картай падзелаў Польшчы ХІХ стагоддзя. Выключэнне — невялікія ўсходнія раёны з пераважна праваслаўным насельніцтвам.

Менавіта ў гэтым сэнсе можна казаць пра «цывілізацыйны» выбар, адзначыў baltnews.lt. Тыя пласты насельніцтва, якія традыцыйна знаходзяцца пад уздзеяннем каталіцкай царквы, галасуюць за неакансерватараў. Людзі, у якіх ёсць досвед наведвання іншых краін і кантактаў з суседзямі, схільныя да падтрымкі апазіцыі. Аналізуючы вынікі выбараў, аналітыкі заўважаюць, што глыбіня і маштаб расколу польскага грамадства нашмат большыя, чым калі-небудзь у мінулым.

Вялікае няшчасце

У апошні год супярэчнасці паміж бакамі абвастрыліся, і справа ўсё ж такі дайшла да санкцый Бруселя супраць Польшчы, нават да размоў аб магчымым выхадзе краіны з ЕС. Як заўважаюць эксперты, «ПіС» паводзіць сябе так, нібыта яна таксама зацікаўлена ў тым, каб краіна апынулася ў поўнай ізаляцыі, і выбаршчыкі пачалі дзейнічаць па логіцы «акружанай крэпасці». А значыць, падтрымлівалі дзеючы ўрад не таму, што ён працуе эфектыўна, а з-за страху перад уварваннем звонку (ці проста радыкальных перамен). Падзеі, якія прымушаюць казаць пра гэта, адбываюцца літаральна адна за адной.

Нефармальны лідар апазіцыі ў Польшчы — колішні старшыня Еўрасавета Дональд Туск. Паводле яго меркавання, «мы назіраем зусім не супрацьстаянне паміж ЕС і Польшчай, але паміж польскай уладай і палякамі». На мітынгу ў Гданьску горача выступіў Лех Валенса. «Тыя людзі, якія сёння ўзначальваюць дзяржаву, — гэта вялікае няшчасце для Польшчы. У нас былі розныя кіраўнікі, але яны не адабралі маральнасці, не падзялілі нас. Ніколі ніводны з іх не падзяліў народ так моцна, як гэтая ўлада», — заявіў экс-прэзідэнт, заклікаўшы збіраць подпісы пад зваротам да звяржэння ўрада.

Партал gаzеta.pl ананімна паразмаўляў з адным з дэпутатаў «ПіС». Палітык прааналізаваў праблему, звязаную з інфляцыяй. «Сацыяльныя, а потым і палітычныя выдаткі будуць вялізныя. Настолькі вялікія, што палякі не вытрымаюць павышэння цэн на энерганосьбіты, а мы з-за гэтага можам страціць уладу». Другі суразмоўнік ацаніў пакет антыінфляцыйных мер, кошт якога ацэньваецца ў 10 мільярдаў злотых. «У мяне непераадольнае ўражанне, што захопленыя сваімі былымі поспехамі ўрадавыя піяршчыкі самі пераканалі сябе, што няма такой справы, якую яны не ў стане растлумачыць так, каб людзі яе купілі. А гэта значыць, што яны адарваліся ад рэальнасці. Бо з інфляцыяй гэта не працуе. Да іх, напэўна, не даходзіць, што ў людзей ёсць простыя спосабы праверыць тое, што адбываецца».

Дымавая заслона

Польшча выкарыстоўвае сітуацыю з бежанцамі на граніцы як дымавую заслону ад сваіх праблем, заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» грамадскі дзеяч таварыства «Польшча — Усход» Аляксандр Яцэк. «Я маю на ўвазе такія праблемы, як вялізная інфляцыя, праблемы ў энергетычным плане, праблемы з правасуддзем: штрафы, якія Еўрасаюз накладвае на наш урад. Вось гэтымі праблемамі раней жыла Польшча, і яны прыводзілі да таго, што знізіўся рэйтынг нашага ўрада. І вось якраз абстаноўка на граніцы — вельмі добры спосаб, каб памяняць зацікаўленасць польскага народа, нечым іншым яго заняць», — сказаў Аляксандр Яцэк.

Легенда польскай «Салідарнасці», былая падпольшчыца Данута Куронь звярнула ўвагу на «мілітарызацыю грамадскага жыцця», якая сістэматычна ўзмацняецца ў Польшчы, што прыводзіць да «зацягвання петляў» вакол людзей. «Сказаць, што прысутнасць сілавых структур разбурае штодзённае жыццё, нічога не сказаць... Іх прысутнасць стварае ўмовы, якія пагражаюць жыццю», — заявіла Gazeta Wyborcza Данута Куронь.

Многія палякі пагаворваюць аб тым, каб назваць «ПіС», «Бяспраўе і несправядлівасць». Рэзкае падзенне папулярнасці партыі — таму сведчанне. Інстытут рыначных і сацыяльных даследаванняў апублікаваў вынікі апытання, якія паказваюць магчымую расстаноўку палітычных сіл у Польшчы. Аб гатоўнасці аддаць свой голас за аб'яднаныя сілы апазіцыі заявілі 41,3 %, а за «Аб'яднаных правых» — 36,4 %. Такі вось расклад.

Пётр ДУНЬКО

Загаловак у газеце: Бяспраўе і несправядлівасць

Выбар рэдакцыі