Вы тут

Ці будзе археалагічны музей у Віцебску?


Гэтае пытанне зноў паўстала падчас навуковай канферэнцыі «Віцебскія старажытнасці». Яна сёмы раз сабрала ў сталіцы Падзвінскага краю вучоных, краязнаўцаў, работнікаў музеяў, выдаўцоў з Беларусі і Расіі і гэтым разам была прысвечана 1000-годдзю першай згадкі Віцебска ў летапісах. Канферэнцыя праводзіцца Віцебскім абласным краязнаўчым музеем з 2009 года, за гэты час яна стала аўтарытэтным форумам не толькі ў краіне, але і за яе межамі.


На па­ста­ян­най вы­стаў­цы «Ста­ра­жыт­ны Ві­цебск».

Адной з мэт, як растлумачылі журналістам арганізатары, з'яўляецца стварэнне ўмоў для навуковага прымянення вынікаў даследаванняў у розных галінах гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, гісторыі мастацтваў і музейнай справы, звязаных з Віцебскай вобласцю і тэрыторыямі, якія некалі ўваходзілі ў склад дзяржаўных і адміністрацыйных утварэнняў Падзвіння. Тэматыка канферэнцыі мае шырокія храналагічныя рамкі — ад найстаражытных часоў засялення рэгіёна да 20-х гадоў ХХ стагоддзя.

Многія гісторыкі лагічна канстатуюць, што паміж акадэмічнай навукай, рэгіянальнымі ўніверсітэтамі, архівамі, музеямі і шырокім колам краязнаўцаў існуюць пэўныя межы. Матэрыялы па гісторыі краю захоўваюцца ў розных архівах Мінска, Літвы, Расіі, Польшчы, што ўскладняе ўмовы навуковых даследаванняў. І наадварот, даследчыкі па-за межамі Віцебскай вобласці не заўсёды цікавяцца вынікамі сваёй работы на месцах. Правядзенне канферэнцый дапамагае пераадольваць такія перашкоды і садзейнічае інтэнсіфікацыі даследаванняў па рэгіянальных пытаннях, міждысцыплінарнаму дыялогу, пашырэнню сувязяў паміж даследчыкамі і навуковымі ўстановамі.

У рамках сёлетняй канферэнцыі прагучала каля трыццаці дакладаў удзельнікаў з Масквы, Мінска, Віцебскай вобласці. Работы прысвечаны найноўшым археалагічным адкрыццям, старажытнай гісторыі Віцебска, музейным калекцыям, біяграфіям даследчыкаў рэгіёна А. М. Семянтоўскага, А. П. Сапунова.

Адбылося адкрыццё выстаўкі, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння выдатнага гісторыка, археолага Л. В. Аляксеева, на якой былі прадстаўлены матэрыялы ягонай навуковай спадчыны. Гэты савецкі і расійскі гісторык і археолаг вельмі шмат зрабіў для нашай краіны, ён вядомы як пачынальнік даследаванняў тапаграфіі старажытнага Віцебска.

Адметна, што пасля заканчэння гістарычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта з 1948 да 1950 года вучоны працаваў у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, з 1953-га — у Інстытуце археалогіі АН СССР. У 1954 годзе знайшоў у
Ленінградскім архіве фотапласцінкі з выявай Крыжа Еўфрасінні Полацкай, па якіх была праведзена яго рэканструкцыя. У 1955 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Полацкая зямля ў ІX—XІІІ стст.». У 1962—1966 гадах выкладаў археалогію ў Магілёўскім педінстытуце. У 1985-м абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Смаленская зямля
ў ІX—XІІІ стст.».

Падзеяй з вялікай літары стала і прэзентацыя новай манаграфіі Л. У. Калядзінскага «Верхні замак Віцебска (ІX—XVІІІ стст.)», у якім вядомы беларускі археолаг падводзіць вынікі сваіх шматгадовых раскопак у горадзе на Заходняй Дзвіне. Ён нагадаў, дарэчы, што яшчэ ў 1980-м Савет Міністраў БССР прыняў пастанову аб стварэнні ў абласным цэнтры археалагічнага музея, які павінен быў знаходзіцца недалёка ад будынка Коласаўскага драматычнага тэатра. Над драўлянай забудовай узвялі падстрэшша, туды арганізоўвалі экскурсіі. На жаль, у 1990 годзе наземнае збудаванне разабралі, гістарычнае месца засыпалі. Але даследчык лічыць, што не ўсё так сумна, і калі добра лабіраваць пытанне стварэння археалагічнага музея ў Віцебску, можна рэалізаваць даўнюю ідэю.

У будынку ратушы ёсць пастаянна дзеючая археалагічная выстаўка «Старажытны Віцебск». Там можна даведацца гісторыю горада з дапамогай археалагічных знаходак (манеты, прылады працы, прадметы ўзбраення, шахматныя фігуркі, вырабы віцебскіх рамеснікаў, старажытныя прадметы культу) з перыяду ўзнікнення горада ў Х стагоддзі да ХІV стагоддзя — часоў далучэння да ВКЛ.

Магчымасць самім убачыць старажытныя будынкі пакідае асаблівае ўражанне. Тым больш што, як было агучана на канферэнцыі, захаванасць знойдзенага дастаткова высокая.

Аднак жыхарам Віцебска ў гэтым пакуль даводзіцца зайздросціць брастаўчанам, бо ў Брэсце вясной 1982 года быў адкрыты доступ да гарадзішча. Хочацца верыць, што падобны раскоп з'явіцца і на поўначы краіны.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.