Вы тут

Наша краіна ўвяла харчовае эмбарга


Уведзены чарговы пакет санкцый супраць Беларусі не аказаў таго ўплыву, на які, мабыць, разлічвалі яго складальнікі. Наша краіна адрэагавала на гэтыя меры адэкватна. Урад павінен займацца выпрацоўкай антысанкцыйных мер без цяганіны, дакладна і па-вайсковаму. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка днямі заявіў на нарадзе па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Беларусь не ўпершыню сутыкнулася з санкцыйным націскам. Больш за тое, у краіне да гэтага рыхтаваліся як мінімум паўгода, і ва ўрадзе існуе так званы антыкрызісны штаб. У той жа час Прэзідэнт адзначыў, што пакуль у краіне здолелі захаваць эканамічны рост і не дапусціць пераносу большасці праблем на паўсядзённае жыццё людзей. Па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка заявіў, што Беларусь у найбліжэйшыя дні прыме пакет эканамічных санкцый у адказ супраць Захаду. Сказана — зроблена.


Супраць недружалюбных

Беларусь з 1 студзеня ў адказ на санкцыі ўводзіць харчовае эмбарга на шэраг тавараў з дзяржаў, якія ажыццяўляюць недружалюбныя дзеянні ў адносінах да нашай краіны. Аб гэтым паведамілі БелТА ў прэс-службе ўрада, каменціруючы пастанову Савета Міністраў ад 6 снежня «Аб прымяненні спецыяльных мер адносна асобных відаў тавараў».

Толькі за 10 месяцаў 2021 года Беларусь імпартавала з такіх краін харчовых тавараў і прадуктаў харчавання на агульную суму, большую за $530 млн. Пазіцыі, якія фарміруюць аснову гэтага імпарту, з пачатку наступнага года будуць пад забаронай.

Забарона на ўвоз распаўсюджваецца на шэраг тавараў з Еўрапейскага саюза і яго дзяржаў-членаў, Злучаных Штатаў Амерыкі, Канады, Нарвегіі, Албаніі, Ісландыі, Паўночнай Македоніі, Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Чарнагорыі, Швейцарыі.

У пераліку забароненых тавараў — свінні, мяса буйной рагатай жывёлы, свініна, шэраг субпрадуктаў, мяса салёнае, у расоле, сушанае або вэнджанае, харчовая мука з мяса або мясных субпрадуктаў, малако і малочная прадукцыя (з некаторымі выключэннямі), агародніна, акрамя прызначанай для сяўбы, фрукты і арэхі, тлушч свіны і тлушч свойскай птушкі, тлушч буйной рагатай жывёлы, авечак або коз, лярд-стэарын і іншыя жывёльныя маслы, каўбасы і аналагічныя прадукты, кандытарскія вырабы, соль і іншыя тавары.

«Найважнейшым прыярытэтам для Беларусі па-ранейшаму застаюцца інтарэсы сваіх грамадзян. Кіраўнік дзяржавы неаднаразова арыентаваў на прыняцце мер у адказ без шкоды для насельніцтва. Па гэтай прычыне пастанова Савета Міністраў змяшчае шэраг выключэнняў, і, у прыватнасці, не закране тавары, якія ўвозяцца беларусамі для асабістага спажывання, а таксама, напрыклад, прызначаныя для дзіцячага харчавання, і шэраг іншых пазіцый крытычнага імпарту», — звярнулі ўвагу ў прэс-службе.

Адначасова будуць прыняты меры па забеспячэнні збалансаванасці на спажывецкім рынку, у тым ліку за кошт яго насычэння прадукцыяй айчыннай вытворчасці. Імпарцёры, таваравытворцы і гандлёвыя сеткі будуць арыентаваны на замяшчэнне тавараў, якія не вырабляюцца ў Беларусі, пастаўкамі з дружалюбных дзяржаў.

У выпадку далейшых дэструктыўных дзеянняў адносна нашай краіны Беларусь захоўвае за сабой права пашырыць пералік забароненых таварных пазіцый. Таксама зацверджана палажэнне аб кватаванні ўвозу на нашу тэрыторыю асобных відаў тавараў.

Пакупнікі не адчуюць

Харчовае эмбарга не адчуюць пакупнікі. Такое меркаванне выказаў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч. «Прычына прыняцця названай пастановы — санкцыйны ціск на Беларусь, і, па сутнасці, гэта з'яўляецца вымушанай мерай. На жаль, нам даводзіцца рэагаваць і спрабаваць рэагаваць адэкватна. У сувязі з гэтым пасля прыняцця пятага пакета санкцый урадам было прынята такое рашэнне. Дастаткова шырока праведзены кансультацыі з дзяржаўнымі органамі аб асобных групах тавараў, якія ўвозяцца з такіх краін. Гэта больш за 20 груп тавараў. Туды ўваходзяць тавары, якія выкарыстоўваюцца як для вытворчасці, так і для рэалізацыі ў рознічнай гандлёвай сетцы», — расказаў Уладзімір Калтовіч.

Паводле яго слоў, гэтыя тавары ўмоўна можна падзяліць на тры катэгорыі. «Тавары, якія поўнасцю замяшчаюцца за кошт айчынных вытворцаў або вытворчасцяў, размешчаных у краінах, што з'яўляюцца дружалюбнымі для Беларусі. Тавары, якія вырабляюцца, але не ў дастатковай колькасці, і тавары так званага крытычнага імпарту», — адзначыў міністр.

Уладзімір Калтовіч дадаў, што пастановай прадугледжаны шэраг выключэнняў. «Для чаго гэта зроблена? У сувязі з тым, што мы маем тавары крытычнага імпарту ў гэтым пераліку, будуць створаны кампенсацыйныя механізмы па пераарыентацыі пастаўшчыкоў на іншыя краіны або ўвозе такіх тавараў з дружалюбных краін. У сувязі з гэтым мы спадзяёмся, што такія меры не адчуюць пакупнікі. Акрамя таго, яны не распаўсюджваюцца на тавары, увезеныя для асабістага спажывання, тавары, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці лекавых сродкаў, дзіцячага харчавання, якія рэалізоўваюцца ў гандлёвай сетцы для дзіцячага харчавання і гэтак далей, — растлумачыў міністр. — Таму думаю, што гэта мера кропкавая і вельмі канкрэтная. Калі гаварыць аб суме, то Беларусь за 9 месяцаў імпартавала больш як на $2 млрд прадуктаў харчавання. Каля чвэрці тавараў у гэтым пераліку».

Унутраны рынак будзе забяспечаны харчаваннем, а прадпрыемствы — сыравінай. Аб гэтым заявіў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей Багданаў. «Беларусь ужо даўно выбудоўвала палітыку па забеспячэнні харчовай бяспекі ўласнымі сіламі. Нам удалося гэтага дабіцца ўжо больш за 10 гадоў таму. Па мяса-малочнай групе тавараў мы сябе поўнасцю забяспечваем і маем значны экспартны патэнцыял. Напрыклад, вырабляючы амаль 8 мільёнаў тон малочнай прадукцыі ў год, мы экспартуем 4,8 мільёна тон на замежныя рынкі ў 58 краін свету. Гэта значыць, двайны запас і нават больш па малочнай прадукцыі. Такая ж сітуацыя з мясам: 32 працэнты ад агульнага аб'ёму вытворчасці — гэта экспартны патэнцыял. Таму запас вельмі вялікі», — сказаў Аляксей Багданаў.

Паводле яго слоў, амаль уся мяса-малочная прадукцыя на паліцах айчыннай вытворчасці. «Гэтыя тавары нікуды не знікнуць, яны былі, ёсць і будуць. І толькі будзе пашырацца асартымент і аб'ём вырабленай прадукцыі згодна з нашым планам. Спажывец не адчуе ніякіх змяненняў з пункту гледжання насычэння паліц» , — падкрэсліў намеснік міністра.

Стаўка на імпартазамяшчэнне

Ва ўмовах санкцый трэба павялічваць лакалізацыю вытворчасці прадукцыі. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на пасяджэнні ўрада. Ён канстатаваў станоўчыя тэндэнцыі ў рабоце па імпартазамяшчэнні. «Сальда знешняга гандлю таварамі ў рамках зацверджанай схемы імпартазамяшчэння за апошнія пяць гадоў палепшылася на $412 млн. Мінэканомікі адзначае, што паляпшэнне сітуацыі з сальда ў цэлым па краіне забяспечваецца за кошт вынікаў рэалізацыі планавых мер па імпартазамяшчэнні», — адзначыў прэм'ер-міністр.

Міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў назваў некалькі прапанаваных мер. Апроч лакалізацыі, гэта развіццё тэхналагічных ланцужкоў, перапрацоўка мясцовых сыравінных рэсурсаў, прыцягненне малога і сярэдняга бізнесу. Па меркаванні міністра, імпартазамяшчэнне набывае асаблівае значэнне як інструмент процідзеяння санкцыям. Ужо прапанавана каля 170 імпартазамяшчальных праектаў на агульную суму амаль Br13 млрд інвестыцый. «З гэтага пула мы выбралі 47 найбольш значных праектаў з аб'ёмам інвестыцый каля Br8 млрд. Гэтыя 47 праектаў дадуць магчымасць нам стварыць прадукцыі больш як на $9 млрд імпартазамяшчэння», — адзначыў міністр. — Мы бачым, як неабходна развіваць імпартазамяшчэнне, і лічым, што новыя інструменты будуць матываваць работу нашых прадпрыемстваў у гэтай галіне».

Шмат сяброў

У Беларусі ёсць мабілізацыйныя планы на любы сцэнарый санкцыйнага ціску Захаду, які працягваецца. Аб гэтым у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. Ён адзначыў, што сёлета ў эканоміцы «больш ясных, сонечных дзён, цудоўныя вынікі». «Сапраўды, вельмі добрыя вынікі і ў сферы вытворчасці, і ў экспарце, і ў даходах, і ў занятасці. Таму па ўсіх ключавых базавых параметрах эканоміка сёлета працуе добра», — адзначыў Дзмітрый Крутой.

У цэлым па экспарце Дзмітрый Крутой падкрэсліў, што прыярытэт — 65 працэнтаў прыросту эканомікі ў наступным годзе — плануецца менавіта за кошт экспартных паставак. Тэмп росту экспарту павінен скласці 106,3 працэнта, або на $2,7 млрд больш, чым у гэтым годзе. Улады разлічваюць, што ў 2022 годзе таварны экспарт у Кітай вырасце на 32 працэнты або на $300 млн, у Расію — на 9,5 працэнта і ў Афрыку — на 52 працэнты.

«Так што ізаляваць нас не атрымаецца. Сяброў і партнёраў у нас шмат. Мы спадзяёмся, што ў рамках дыверсіфікацыі і пераарыентацыі экспартных патокаў нам удасца забяспечыць не толькі прырост (экспарту. — Рэд.) амаль $3 млрд, але і захаваць дадатнае сальда ў памеры $2,5 млрд. Гэта будзе пэўная стабілізацыя для нашага ўнутранага валютнага рынку», — адзначыў Дзмітрый Крутой.

Пётр ДУНЬКО

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: На галодным пайку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».