Вы тут

Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатоль Ісачанка правёў асабісты прыём грамадзян у Скідзелі


Такой магчымасцю скарысталіся пяцёра жыхароў горада-спадарожніка абласнога цэнтра. Спектр пытанняў, якія агучылі заяўнікі, традыцыйны: добраўпарадкаванне вуліц дарог, пенсіённыя налічэнні, праблемы з электразабеспячэннем. 


Аб неабходнасці аднаўляць дарожнае пакрыццё ў раёне аўтавакзала віцэ-спікеру Савета Рэспублікі расказала мясцовая жыхарка, яна звярнула ўвагу на тое, што горад паціху прыводзяць да ладу, а тут нічога не мяняецца гадамі. Аналагічную праблему агучылі і сужэнцы з вёскі Гліняны, маўляў, дарожнае палатно размывае так, што дабрацца на працу жонцы ў бальніцу немагчыма нават на «ВАЗе», які мужчына адмыслова для яе купіў. Трэба сказаць, што дарожнікі не адмаўляюць у бягучым абслугоўванні пад’язных шляхоў, але патрэбных капітальных ўкладанняў нават на невялікі кавалак з кіламетр (аб якім ішла гаворка), пакуль няма. 

Анатоль Ісачанка паабяцаў разабрацца ў гэтым пытанні і накіраваць профільных спецыялістаў, якія змогуць даць рэальную ацэнку ўзнятай дарожнай праблеме. 

Калектыўную просьбу агучылі жыхары вуліцы Меліяратараў у Скідзелі, якія ўвесь час сутыкаюцца з праблемамі электразабеспячэння: то вулічнае асвятленне знікне, то ў дамах перабоі са святлом, то электрыкі не прыязджаюць на выклік. Яны патлумачылі, што такая сітуацыя ўзнікла пасля расфармавання прадпрыемства меліяратыўных сістэм два гады таму і непрыняцця на баланс электрасетак ніводнай з арганізацый горада. Атрымліваецца, што сеткі да гэтага часу нічыйныя. Людзі спраўна плацяць грошы за выкарыстаную электраэнергію, але вымушаны суіснаваць з такім становішчам спраў да гэтага часу.

Анатоль Ісачанка перакананы: людзі маюць рацыю. 

— За два гады гэтую праблему маглі вырашыць, — падкрэслівае парламентарый. — Таму да канца студзеня людзі павінны плаціць каму трэба, і іх павінны абслугоўваць так, як трэба. Калі патрабуецца падключыць Міністэрства энергетыкі — гэта будзе зроблена, аднак перакананы, што пытанне можа быць вырашана на мясцовым узроўні без якіх-небудзь затрымак. 
Вырашэнне гэтага пытання сенатар узяў пад уласны кантроль.

Яшчэ адна заяўніца прыйшла да віцэ-спікера Савета Рэспублікі з праблемай неналічэння стажу, калі яна працавала ва Украіне, пры разліку яе пенсіі. Як патлумачылі спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнага забеспячэння Гродзенскага райвыканкама, што калісьці жанчына працавала ў сакрэтным абаронным НДІ, яны адпраўлялі тры запыты ў Львоў і Кіеў, але станоўчага адказу не атрымалі. Паколькі для разліку патрабуюцца дакументы (аднаго толькі запыту ў працоўнай кніжцы недастаткова), то пацвердзіць суму заробку ў арганізацыі з пакуль немагчыма. 
Анатоль Ісачанка даручыў профільным прафсаюзам узяць гэтае пытанне пад кантроль, бо падобныя звароты не рэдкасць.
Каментуючы журналістам вынікі прыёму, намеснік старшыні Савета Рэспублікі адзначыў, што такія стасункі даюць магчымасць атрымаць яшчэ адзін канал камунікацыі з прадстаўнікамі розных узроўняў улады, а таксама пачуць адказы на многія пытанні. 

На яго думку, практыка асабістых прыёмаў грамадзян рознымі службовымі асобамі ўжо не адзін год даказвае сваю эфектыўнасць.

— Дзякуючы прыёмам грамадзян, вызначаем, куды накіраваць рэсурсы, каб максімальна задаволіць патрэбы людзей. Мясцовая ўлада вырашыць, на што ў першую чаргу іх накіраваць. Пры гэтым трэба вызначыць найбольш балючыя пытанні. Як правіла, людзей хвалююць праблемы асабістага характару, а таксама грамадскія, звязаныя з добраўпарадкаваннем таго населенага пункта, дзе яны пражываюць, — звяртае ўвагу Анатоль Ісачанка.
Ён перакананы, што шэраг прыватных праблем, з якімі звяртаюцца людзі, не патрабуе выдзялення дадатковага фінансавання і можа быць вырашана на месцы.

— Аднак у цэлым падобны комплексны падыход да работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб дазваляе прымаць своечасовыя заканадаўчыя рашэнні, накіраваныя на развіццё рэгіёнаў Беларусі, — падсумаваў парламентарый. 
Асобныя пытанні, з якімі звярталіся грамадзяне, аператыўна вырашаныя, іншыя, якія патрабуюць дадатковага вывучэння, узяты на кантроль. 

Пасля сустрэчы са скідзяльчанамі Анатоль Ісачанка наведаў горадаўтваральнае прадпрыемства горада-спадарожніка-ААТ «Скідзельскі сахкамбінат», дзе поўным ходам ідзе перапрацоўка новага ўраджаю.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».