Вы тут

Бацькі і дзеці, або Тургенеў можа адпачыць


Размаўляла нядаўна з прыяцелькай, якая мае шчасце працаваць псіхатэрапеўтам. «Мае шчасце», бо ў апошнія пару-тройку гадоў праблема, як зарабіць не толькі на хлеб надзённы, але і на масла, а то й на ікру, каб на гэты хлеб намазаць, у яе не стаіць увогуле. Акрамя працы ў медустанове, у яе яшчэ прыватная практыка. Цяпер, у сувязі з пандэміяй, яна палову яе перанесла ў рэжым анлайн — праводзіць лячэбныя сеансы па тэлефоне або па відэасувязі, грошы ж на картку «капаюць» што ні ёсць рэальныя — дзевяноста рублёў за паўтары гадзіны. Кліентаў, кажа, хоць адбаўляй, нават папярэдні запіс ёсць.


Фота: pixabay.com

Яшчэ яна, спецыяліст з дваццаціпяцігадовым стажам, падзялілася вось якім назіраннем. За апошнія гадоў пяць тыповы партрэт яе пацыента змяніўся кардынальна. Раней гэта былі жанчыны трыццаці-сарака гадоў, як правіла, з праблемамі ў асабістым жыцці або мужчыны пад пяцьдзясят, якія перажылі нейкую вялікую жыццёвую драму або кінулі піць і баяліся сарвацца. Цяпер жа гэта ўсё часцей людзі маладыя — 25—30-гадовыя. «Ну, сёння модна хадзіць на ўсякія духоўныя практыкі або да псіхолага. А табе й добра», — паспрабавала пажартаваць з яе. «Не, ты ведаеш, тут не ў модзе справа. Яны абсалютна не гатовыя да жыццёвых цяжкасцяў, і калі такія цяжкасці здараюцца — няважна, дзе: у асабістым жыцці, на вучобе ці на працы, у адносінах з бацькамі — тут жа надломваюцца псіхалагічна. І гэта сур'ёзна: калі з імі не працаваць — можа скончыцца вельмі дрэнна. Але, акрамя іншага, многім даводзіцца літаральна на пальцах тлумачыць, што гэта проста жыццё...»

Я пасля доўга думала пра тое, чаму ў нас вырастаюць такія інфантыльна-бездапаможныя дзеці. Якія, нават умудрыўшыся нарадзіць сваіх дзяцей, не ўмеюць ці не хочуць станавіцца дарослымі. Можа, вінаватыя мы самі? Як вінаватыя ў заняпадзе вёскі, што цяпер вялікімі намаганнямі і сродкамі спрабуем адрадзіць, нашы вясковыя бацькі, якія паўтаралі нам з маленства: «Толькі ж ты не заставайся ў вёсцы», бо проста хацелі, каб мы мелі ванну з гарачай вадой і прыбіральню не на вуліцы? Так і мы, бацькі сённяшніх дваццаціпяцігадовых, гадавалі іх у цяплічных умовах. Каб ім было лепш, чым нам, якія ў студэнцкія 90-я, бы галодныя сабакі, бегалі па горадзе, шукаючы, дзе зарабіць і чым пракарміцца. Але ж гэта нармальна — калі бацькі хочуць, каб дзеці жылі лепш, чым яны, праўда?

Толькі ў гэтым сваім жаданні мы забыліся, мне здаецца, аб вельмі важным моманце — выбудаваць шкалу аўтарытэтаў. Тое, на чым спрадвеку трымаліся папярэднія пакаленні. Жыццёвы вопыт дзядулі, бабулі, а тым больш уласных бацькоў знівеліраваўся да «вы нічога не разумееце, вы ўсё рабілі няправільна». Яны сёння не перарастаюць гэта абсалютна падлеткавае сцвярджэнне. Пераходны ўзрост мінае, а яно застаецца дэвізам іх адносін з намі. Жыццёвы досвед — нішто, калі ты не валодаеш камп'ютарнай граматай ці не ведаеш слоўцаў кшталту «хейт» або «оверсайз». Мы маўкліва з гэтым пагаджаемся, употай шукаючы ў сеціве той няшчасны «оверсайз», нам здаецца, што так мы станем да іх бліжэй. Але пры гэтым не асабліва стараемся рабіць іх бліжэй да нас. Ведаю адну маладую жанчыну, якая да трыццаці гадоў не ведала, хто быў па прафесіі яе... родны дзед. Які жыў не недзе там на Камчатцы, а ў суседнім раёне. Яшчэ адна маладая знаёмая, ужо пайшоўшы з-за разрыву з хлопцам да псіхолага, пачала раптам цікавіцца ў бабулі пра лёс жанчын у сям'і. Па рэкамендацыі псіхолага (!) — дагэтуль (да дваццаці сямі гадоў) ёй гэта было непатрэбна і нецікава, а старэйшыя і не спрабавалі расказваць (а навошта дзіцяці ўсе гэтыя драмы і хітраспляценні ведаць?)

Я ўжо аднойчы пісала пра гэта: нашы дзеці, дажываючы да дваццаці пяці гадоў, нярэдка не бачаць... смерці. Не таму, што ў сям'і, у радні яе не здараецца, — таму, што мы яе ім не паказваем. Апошнім часам нярэдка даводзіцца чуць, што нават на пахаванне бабулі-дзядулі, не кажучы ўжо пра больш далёкіх сваякоў, бацькі не лічаць патрэбным браць даволі вялікіх дзяцей — тых, якія не спалохаюцца, якім можна ўсё патлумачыць. Але ж рана ці позна ім давядзецца з гэтым сутыкнуцца наўпрост і, лічы, без падрыхтоўкі. Тая мая знаёмая ўрач расказвала пра дваццацігадовую дзяўчыну, якую выводзіла з цяжкай дэпрэсіі пасля таго, як у той памерла бабуля. Пацыентка была ў шоку не таму, што вельмі любіла нябожчыцу, а таму, што ніколі дагэтуль не бачыла ў рэальным жыцці чалавека ў труне... Неяк пасля пахавання мамы я дзялілася з сяброўкай, што часта дома плачу. «Цётка Лена, можа, вам трэба да псіхолага звярнуцца», — параіла мне яе дваццацідвухгадовая дачка, якая чула нашу размову. «Увогуле, Маша, гэта нармальна, калі па першым часе дзеці аплакваюць сваіх бацькоў»... У адказ — вялікія вочы і абсалютнае неразуменне.

А яшчэ — кнігі. Яны не чытаюць кніг, якія дапамагалі выжыць нам, якія былі падтрымкай у самыя цяжкія моманты ў жыцці. Нядаўна адну такую маладую асобу, якая разраўлася прама ў мяне на кухні (пасварылася з кавалерам) я спрабавала прывесці да розуму радкамі Цвятаевай. Тымі, якімі ў яе ўзросце ратавалася сама: «Зубы втиснула в губы. Плакать не буду. Самую крепость — в самую мякоть. Только не плакать»... «Крута! Ты напісала?» (За плячыма ў чалавека — дваццаць чатыры гады жыцця, універсітэт і магістратура). «Цвятаева? Так, чула, але не чытала»... Хацела ёй яшчэ Караткевіча працытаваць, але падумала, што для аднаго разу занадта. Не хацела дабаўляць яшчэ аднаго пацыента сваёй прыяцельцы.

Не ведаю, можа, усё гэта проста вечны, як свет, сюжэт «Бацькі і дзеці», толькі на новы лад. І проста жыццё працягваецца. Каб не тлуміць гэтым і без таго затлумленую галаву, вазьму і сама запішуся на прыём да сваёй знаёмай, і яна ўсё мне патлумачыць. Але гэта наўрад ці. Бо хто сказаў, што павінна быць лёгка?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.