Вы тут

Бульба як мера крэатыву


У сібірскай глыбінцы ўжо ў сёмы раз пад апекай Новасібірскага цэнтра беларускай культуры прайшоў восеньскі фестываль “Свята бульбы”


На выставе аўтарскіх работ. Таццяна Таццяніна і Эрна Шчарбініна са сваімі творамі

Кожную другую восень пасёлак Машкова Новасібірскай вобласці гасцінна прымае ўдзельнікаў і гасцей абласнога восеньскага фестывалю “Свята бульбы”. Мы ж, супрацоўнікі Новасібірскага цэнтра беларускай культуры, выступаем арганізатарамі фэсту й заўсёды з вялікім хваляваннем рыхтуемся да аднага з самых нашых народных і душэўных святаў.

Але чаму ж менавіта Машкова прымае “Свята бульбы”? Бо ў тым рэгіёне здаўна кампактна жывуць нашы супляменнікі, там любяць, паважаюць, зберагаюць беларускія традыцыі. Да таго ж машкаўчане вялікія аматары бульбы. Вось і на гэты раз, нягледзячы на халоднае надвор’е напрыканцы верасня, гасцей ужо на вуліцы сустракалі “жывыя бульбіны” розных сартоў: запрашалі пакаштаваць бульбяныя стравы, сагрэцца гарбатай з самавара. І першы сняжок церушыў, калі завяршаліся прыгатаванні перад пачаткам конкурсных выстаў “Арт-картафан” і “Бульба-фуд”. А былі на іх вырабы й стравы з бульбы. Не сакрэт: гэта не толькі “другі хлеб” для беларусаў – гэта важны элемент жыцця, нашай побытавай культуры. А колькі крэатыўных ідэй нарадзілася ў народзе ў змаганні з голадам, у жаданні прыўнесці ў звычны рытм жыцця й харчавання новыя фарбы! Так і стала бульба “цэнтрам” шматлікіх страў нацыянальнай беларускай кухні. (Хоць да з’яўлення гэтай заморскай культуры на нашых землях кухня беларуская была зусім з іншымі акцэнтамі. Пра тое стварылі цэлую кнігу “Старадаўняя беларуская кухня” (Мн, 1995) даследчыкі Эдвард Зайкоўскі ды Галіна Тычка. – Рэд.) Кампетэнтнае журы, ацаніўшы ўсе дэкаратыўныя й кулінарныя творы, выбрала лепшыя ў розных намінацыях.

Гасцей фестывалю чакалі яшчэ інтэрактыўныя лакацыі. З дапамогай “Бульбамера”, напрыклад, можна было даведацца пра сваю вагу і рост… у бульбінах. А на “Бульба-лекторыі” ахвочыя папоўнілі веды ў галіне бульбаводства. Кірмаш ураджаю, ці “Бульба-маркет”, парадаваў свежай гароднінай і садавінай ад мясцовых аграрыяў.

Перад пачаткам асноўнай часткі свята яго ўдзельнікі й госці прахаджваліся па “Рамесным Арбаце”: майстры-рамеснікі прадставілі там свае работы ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Народная лялька, філігрань, аўтарскія ўпрыгажэнні – і ўсё ручная праца. Да таго ж майстрыха Надзея Ніжагародава паказвала, як рабіць тыя лялькі, а Таццяна Таццяніна прыадкрывала сакрэты філіграні.

Кульмінацыяй “Свята бульбы” стала канцэртная праграма з удзелам розных творчых калектываў. Гучалі беларускія песні, былі танцы з беларускім каларытам, і самабытныя найгрышы надавалі рытму й дынамікі ў святочную атмасферу, і аўтарскія творы пра Беларусь прыйшліся гледачам даспадобы. Выступілі ансамбль беларускай песні “Завіруха” (мастацкі кіраўнік Яўген Чэрнікаў), народны  калектыў ансамбль беларускай песні “Чапурушка” (мастацкі кіраўнік Аляксандр Бакун), вакальны ансамбль “Радава” (мастацкі кіраўнік Ніна Дзмітрыева) і харэаграфічны “Любо” (мастацкі кіраўнік Барыс Сташко).

Сярод традыцыйных ужо складнікаў фэсту сёлета з’явіліся й новыя. Прыкладам, фотаконкурс “Сэлфі з бульбай” праходзіў у анлайн-фармаце ды меў розгалас. (Пра тое, пра іншыя справы Цэнтра ёсць шмат цікавай інфармацыі на ягонай старонцы ў сацсетцы Вконтакте https://vk.com/ncbkcentr – Рэд.) Умовы ўдзелу былі простымі: адпраўляйце нам фота, на якім вы самі і бульба. Плюс палёт фантазіі. Наша ўдзячнасць сябрам НЦБК за творчы падыход і крэатыў! Цікавых фотаздымкаў атрымалі нямала. У выніку народнага галасавання ў нашай групе “ВКонтакте” было выбрана лепшае сэлфі. Прычым сорт бульбы, што вывеў Таццяну Пад’яву (з сяла Бяргуль Севернага раёна) у пераможцы, быў прывезены ў Сібір яе продкамі з Беларусі. Яна пісала: “Бергульская картошка, привезённая из Белоруссии моими предками, самая лучшая”. Вось дык сюрпрыз! Падрабязнасці пра тых перасяленцаў мы плануем дазнацца.

Мы ладзім фестываль “Свята бульбы” не толькі для таго, каб ушанаваць “другі хлеб” нашай гістарычнай Бацькаўшчыны. Мы такім чынам зберагаем і прадаўжаем нацыянальна-культурныя традыцыі беларусаў Сібіры. І сучасныя матывы, і забаўляльныя элементы прыўносім у традыцыйную канву свята, якое ўмацоўвае нашы повязі з Беларуссю.

Таццяна Нялюбіна, метадыстка Новасібірскага цэнтра беларускай культуры Дома нацыянальных культур імя Г. Дз. Завалокіна

Нумар у фармаце PDF

Ад рэдакцыі. Калі газета рыхтуецца да друку, НЦБК праводзіць вялікі ды традыцыйны ўжо міжрэгіянальны фестываль беларускай творчасці “У гасцях у Лявоніхі”. Сёлета праект падтрымліваюць упраўленне культуры райцэнтра Іскітым (пры шляху ад Новасібірска ў бок Барнаула) і Мінкультуры вобласці. Адборачны тур фэсту праходзіць дыстанцыйна, і 27 лістапада ў іскітымскім Доме культуры “Октябрь” запланаваны гала-канцэрт.

Звяртаем увагу на плённую супрацу НЦБК з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі ў Беларусі. На старонцы Цэнтра “Вконтакте” ёсць нататка пра сустрэчу й паказ калекцыі адзення ў Новасібірску дызайнера-мадэльера Мікіты Захарчука, спецыяліста кафедры дызайна й моды Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. І там жа – вялікая ўдзячнасць за супрацу кіраўніцтву Беларуска-Расійскага ўніверсітэта (Віцебск) ды Валянціне Панежы, адной з яго выкладчыц. Мы пісалі: Валянціна Васілеўна неаднаразова праводзіла ў Новасібірску (4000 км ад Віцебска!) семінары-практыкумы па беларускай мове. Цяпер яе аўтарскі праект “Гавары са мной па-беларуску” размешчаны ў ПДФ-фармаце на старонцы НЦБК. Гэта каштоўная метадычная распрацоўка можа быць карыснай у нядзельных школах, класах, гуртках беларускіх суполак замежжа. У праект увайшлі матэрыялы, прысвечаныя творчасці Уладзіміра Караткевіча і Кандрата Крапівы, распрацоўкі семінараў “Гавары са мной па-беларуску”, “Дык шануй, беларус, сваю мову!”, віктарына “Што я ведаю пра Беларусь?”.

Загаловак у газеце: Бульба як мера крэатыву

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».