Вы тут

Не дранікам адзіным. Што чакаць ад гастранамічнага турызму?


Калі раней ежа была толькі адным са складнікаў пэўных турыстычных праграм, то сёння яе навучыліся выкарыстоўваць як матывацыю для падарожжаў. Як заўважыла кансультант аддзела планавання і арганізацыі турысцкай дзейнасці Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Кацярына Нікіціна, у эпоху эканомікі ўражанняў кулінарныя традыцыі становяцца запатрабаванымі як элемент пазнання краіны. Сёння падарожнікі гатовы выпраўляцца туды, дзе традыцыі прыгатавання страў перадаюцца праз пакаленні.


Кавярня з сярэднявечным меню

Відаць, наспеў час, калі ўжо варта адыходзіць ад іміджу чаркі, шкваркі ды дранікаў. Наша кухня багатая і цікавая — праблема толькі ў тым, што гэты пласт нацыянальнай культуры пакуль застаецца невядомым нават для саміх беларусаў. А значыць, гастранамічныя сакрэты маглі б стаць шыкоўным рэсурсам для развіцця ўнутранага турызму. Тая ж бульба на беларускіх землях пачала ўжывацца толькі з сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя. Свае асаблівасці былі ў сялянскай, шляхетнай, мяшчанскай кухні. Кулінарныя традыцыі фарміраваліся стагоддзямі. Найбольш аўтэнтычныя звесткі аб харчовых звычках беларусаў захоўваюцца ў інвентарах ХVІ стагоддзя.

Гастранамічны турызм знаходзіцца на стыку экалогіі, культуры і вытворчасці. У нашай краіне гэты кірунак толькі пачынае развівацца, і, тым не менш, ужо зроблена нямала. Сёння знаёмства з нацыянальнай кухняй адбываецца не толькі ў час паходаў у рэстараны і кавярні, але і падчас шэрагу адметных мерапрыемстваў: фестываляў, майстар-класаў, дэгустацый, выставак. Горад Мінск і рэгіёны працуюць над календарамі кулінарнай накіраванасці, куды ўключаюцца значныя мерапрыемствы, падчас якіх беларусы і замежныя госці знаёмяцца з кулінарнымі традыцыямі. Рэкламуюцца айчынныя прадукты. Ствараюць мабільныя дадаткі, якія сарыентуюць, дзе можна падсілкавацца па-беларуску.

Сёння турыстычныя кампаніі, калі фарміруюць маршруты, могуць задаць такую праграму, каб удзельнікі экскурсіі не маглі ні на хвіліну засумаваць. І, натуральна, нават абеды і сняданкі імкнуцца падабраць так, каб уразіць турыстаў. У праграму ўключаюцца ўнікальныя рэчы. Так, калі ў інтэрнэце можна знайсці звесткі, напрыклад, пра тое, якія архітэктурныя, гістарычныя ці культурныя аб'екты можна наведаць, то натрапіць на інфармацыю пра міні-пякарні, сыраварні ці кавярні з сярэднявечным меню даволі складана.

З цягам часу людзі, якія шмат падарожнічаюць па Беларусі, адкрываюць для сябе мясціны, куды гатовы завітаць падчас наступнай вандроўкі, каб пад'есці ўпадабанай стравы ці набыць прадукты. Напрыклад, гэта можа быць кавярня пад Магілёвам, дзе гатуюць некалькі відаў смажанкі, карчма «Палюшкі» ў Тураве, дзе гаспадыня частуе стравамі з печы, у тым ліку ўласнай выпечкай. У Бярэзінскім біясферным запаведніку варта пакаштаваць дзічыну і журавінны морс, на Лагойшчыне аграсядзібы «Гаенскія вытокі», «Малінаўка», «Верагі» чаруюць над рэцэптамі беларускай кухні і хваляцца прадуктамі пчалярства. У экатуркомплексе «Мікалаеўскія пруды» ў Круглянскім раёне завялі ўласную гаспадарку, каб рабіць стравы з чыстых мясцовых прадуктаў, могуць прыгатаваць рыбу, злоўленую тут жа ў возеры.

Гастранамічны турызм актыўна развіваецца дзякуючы разнастайным святам і мерапрыемствам. Рэгіёны ўключыліся ў распрацоўку новых кулінарных фестываляў. Спецыялізаваныя гастранамічныя туры прапануюць пабываць у этнаграфічных комплексах. Напрыклад, за час туру на выхадныя «Прыгажосць Нарачанскай прыроды і гасціннасць» можна наведаць малочны камбінат, туркомплекс «Наносы — Наваселле» з дэгустацыяй прадукцыі, папіць гарбаты з «Аптэкарскага саду».

Развіваецца прамысловы турызм, дзе можна паглядзець, як вырабляюцца беларускія прадукты, і прадэгуставаць іх. Нават карпаратыўны адпачынак ужо не абыхозіцца без кулінарнай «прапаганды» — становіцца папулярнай такая паслуга, як банкет у нацыянальным стылі.

Ніхто не адмяняў здаровы лад жыцця. У трэндзе — прадукты пад маркамі «эка» ці «бія». У Беларусі ёсць пяць экаферм, аграсядзібы і цэлыя турыстычныя кластары, здольныя прадставіць гасцям экалагічна чыстыя натуральныя прадукты. Часам кірмашы з такой прадукцыяй уключаюцца ў праграмы турыстычных тураў.

Смачна есці

Гастранамічны турызм таксама можа з'яўляцца адной з візітовак краіны, садзейнічаць сацыяльна-эканамічнаму развіццю рэгіёнаў, іх брэндынгу і прыцягненню туды турыстычных патокаў.

Трэба развіваць розныя яго віды: харчовы, дэгустацыйны, вінны, піўны, кулінарны. І распавядаць можна не толькі пра гастранамічную спадчыну рэгіёнаў, але і знаёміць з харчовымі інавацыямі.

Дарэчы, замежныя госці, якія часта бываюць у Беларусі, ужо заўважылі, што гастранамічная індустрыя ў Беларусі актыўна развіваецца. Начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міхаіл Жыгала адзначыў станоўчую тэндэнцыю пашырэння сеткі прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Так, на 1 снежня на тэрыторыі рэспублікі функцыянуе 22,8 тысячы аб'ектаў харчавання. Прычым за апошні год колькасць суб'ектаў, якія гатовы накарміць людзей, павялічылася на 722 адзінкі. І гэта пры тым, што пандэмію пакуль яшчэ не ўдалося перамагчы. Калі ў 2020 годзе ў сувязі з эпідэміяй галіна грамадскага харчавання сутыкнулася з сур'ёзнымі выпрабаваннямі, то сёлета яна адчувае сябе больш упэўнена, планамерна, паступова рэаніміруецца. Нарматыў па забяспечанасці месцамі ў агульнадаступных аб'ектах грамадскага харчавання на тысячу чалавек нават быў вышэйшы, чым задавалася ў планах. Праўда, у сувязі са змяненнем узроўню пакупніцкай здольнасці насельніцтва і пераарыентацыяй попыту развіццё інфраструктуры грамадскага харчавання сёння ідзе за кошт адкрыцця аб'ектаў хуткага абслугоўвання, якія дазваляюць кліенту сэканоміць час і грошы. Але, як заўважыў Міхаіл Жыгала, у наступным годзе будуць прымацца захады, каб пераламіць гэту тэндэнцыю і стымуляваць адкрыццё аб'ектаў, што спецыялізуюцца на традыцыйнай кухні. Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца тым з іх, якія знаёмяць з беларускімі стравамі.

На сёння ў краіне функцыянуе 368 аб'ектаў гастранамічнага турызму, з іх 166 аб'ектаў грамадскага харчавання на амаль 15 тысяч месцаў, дзе можна пакаштаваць беларускую кухню.

І з хлебам, і з відовішчамі

Праводзіцца работа па стварэнні айчынных брэндаў у сетцы грамадскага харчавання. Многія з іх спецыялізуюцца на беларускай нацыянальнай кухні. Таксама шмат намаганняў прыкладаецца для па прасоўвання нацыянальнага гастранамічнага каларыту аграсядзібамі, гатэлямі і ўстановамі культуры. Ствараюцца турмаршруты з гастранамічным складнікам. На першае верасня іх у краіне было ўжо 62.

На сёння з трох тысяч сталічных аб'ектаў харчавання каля двухсот спецыялізуецца на нацыянальнай кухні. Турыстычныя кампаніі горада актыўна працуюць над распрацоўкай маршрутаў, у якія ўключаны дэгустацыі ці традыцыйныя абеды. Для дзяцей і дарослых ладзяцца кулінарныя майстар-класы, напрыклад, па прыгатаванні дранікаў і выпечцы хлеба.

Як паведаміў дырэктар інфармацыйна-турыстычнага цэнтра «Мінск» Аляксей Русакевіч, у сталіцы распрацоўваецца інавацыйная стратэгія па фарміраванні ўласнага стылю, у межах якой плануецца стварыць беларускі фальклорны цэнтр, дзе можна будзе пачаставацца беларускімі стравамі і паглядзець тэатралізаваныя праграмы.

У рэстаране пры Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе таксама плануюць запусціць праект «Беларускія вячоркі», дзе дэгустацыю нацыянальных страў можна спалучаць з відовішчамі.

Гаспадары аргасядзіб даказваюць, што гастранамія можа стаць добрай падставай для таго, каб распавесці пра традыцыі продкаў і запусціць цікавыя праграмы для турыстаў. Так, у аграсядзібе «Ганка» гасцям, каб спячы хлеб, давядзецца нават малоць зерне. У аграсядзібе «Коні-поні» можна паглядзець, як вырабляюцца сыры, а гаспадары з «Мядовай каралевы» пачастуюць старажытным напоем «пітны мёд». Майстар-класы па прыгатаванні рэгіянальных далікатэсаў (кішкі, кілбас, бабкі і іншых) праводзяцца ў «Засценку Скрыплеў». Гаспадар аграсядзібы аднавіў мясцовую традыцыю «Капыцікаў» — своесаблівай гастранамічнай талакі. Традыцыйна суседзі і сваякі дапамагалі гаспадару рэзаць свойскую жывёлу, разбіраць тушу і рабіць стравы з мяса і субпрадуктаў, а пасля збіраліся за агульным сталом з песнямі, зычэннямі гаспадару.

На Валожыншчыне распрацаваны турыстычны маршрут «Хлеба і відовішчаў: вытокі беларускай оперы, літаратуры і кухні», які пераносіць турыста ў ХІХ стагоддзе, знаёміць з побытам шляхецкай сядзібы, з беларускай культурай і сакрэтамі прыгатавання традыцыйных страў.

Магчыма, будучыня гастранамічнага турызму якраз за такімі пошукамі ў нашым мінулым ідэй, рэцэптаў і нават рытуалаў прыгатавання і спажывання прадуктаў. Прынамсі даследчыкамі ўжо знойдзена багата самабытных рэцэптаў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Як палескі творца ажыўляе дрэва. Іван Супрунчык і яго жывая гісторыя

Як палескі творца ажыўляе дрэва. Іван Супрунчык і яго жывая гісторыя

Немагчыма злічыць, колькі таленавітых людзей жыве ў Беларусі. Часам вялізны талент можна знайсці нават у невялікай вёсачцы.

Культура

Аляксандр Радзькоў: Аб людзях пісаць складана

Аляксандр Радзькоў: Аб людзях пісаць складана

«Кожны чалавек — гэта космас!»

Грамадства

Да плюс 32! З нядзелі да нас ідзе новая хваля спякоты

Да плюс 32! З нядзелі да нас ідзе новая хваля спякоты

Калі 23 чэрвеня тэмпература паветра была блізкай да кліматычнай нормы.