Вы тут

Прэм’ера спектакля «Вецер шуміць у таполях» прайшла ў РТБД


Пастаноўка расказвае пра ветэранаў вайны, якія перад тварам смерці не страцілі пачуццё гумару, веру ў лепшае і жаданне ісці да мары. Стваральнікі звярнуліся да п’есы французскага драматурга Жэральда Сіблейраса, які пазначыў жанр як «гераічная камедыя». Аднак на сцэне РТБД — камічная трагедыя з элементамі абсурду і тонкага псіхалагізму. Да ўвагі гледеча — незвычайная гісторыя, змястоўныя дыялогі і ўсімі любімы смех скрозь слёзы.


Над спектаклем у дзвюх частках працавалі рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Гарцуеў, мастак-пастаноўшчык Юрый Саламонаў, мастак па касцюмах Марына Алекна, мастак па святле Вікторыя Ангельчык, кампазітар Дзмітрый Фрыга. Стваральнікі адзначаюць, што камічная трагедыя ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра — гэта філасофская гісторыя, сабраная з успамінаў, шкадаванняў, летуценняў і жартаў, напоўненая светлым сумам, дасціпнасцю ды іроніяй: «Яна зусім не пра літасць да сябе, а пра жыццё ў імгненні, важнасць даваць сабе магчымасць быць дзіцём, дарослым і нават дарослым дзіцём. Ды і наогул, проста даваць сабе магчымасць быць».

Галоўныя ролі выконваюць заслужаны артыст Беларусі Валянцін Салаўёў (Густаў), Ігар Сідорчык (Рэнэ) і Сяргей Шымко (Фернан). Задзейнічаны і другі склад з артыстаў маладзейшага пакалення. Гэта Дзмітрый Давідовіч (Фернан), Арцём Курэнь (Рэнэ) і Максім Брагінец (Густаў). Аўтару гэтых слоў пашчасціла папрысутнічаць на прэм’еры, дзе ігралі далёка не равеснікі сваіх персанажаў, таму паразважаць ёсць пра што.

Кароткае апісанне галоўных герояў, якія знаходзяцца ў прытулку для ваенных ветэранаў: у Фернана асколак у галаве (з-за гэтага ён увесь час страчвае прытомнасць), у Рэнэ хворая нага, Густаў амаль нерухомы і не любіць кудысьці выходзіць. Апошні стаў пастаяльцам гэтай добраахвотнай турмы адносна нядаўна, таму з яго разважанняў пра свабоду і пачынаецца дзеянне, збольшага аднастайнае і не вельмі запамінальнае.

Кожны дзень гэтыя трое выпаўзаюць на сваю асобную тэрасу і, нягледзячы на тое, што іх дні злічаны, спадзяюцца, падбадзёрваюць сябе і адзін аднаго злымі і добрымі жартамі, не вельмі частымі ўспамінамі, розыгрышамі, балбатнёй аб жанчынах... Варта згадаць хаця б спрэчку аб тым, якія мужчыны больш падабаюцца жанчынам: тыя, хто здольны рассмяшыць, або тыя, хто выклікае жаданне.

У рэшце рэшт вецер у таполях навявае паступова на кожнага з іх думку аб уцёках з прытулку. Натуральна, гэтым марам не наканавана спраўдзіцца, бо нічога, акрамя смерці персанажаў, ужо здарыцца не можа. Між тым гледачу здаецца, што і ў жыцці яны бачылі не так шмат, што іх маладосць прыйшлася на невыносныя выпрабаванні, што не адчулі ўсёй радасці юнацтва. Аднак ні яны па сабе, ні пастаноўшчык па ім не плачуць. Смех — аснова першакрыніцы — захоўваецца і ў спектаклі Аляксандра Гарцуева. Мастацкаму кіраўніку тэатра ўдалося паказаць, што старыя застаюцца вечна маладымі не пасля смерці, а пры жыцці. Тут паўплывала і пераапрананне артыстаў у пачатку, і «скідванне масак» у фінале, і ўзрост кожнага акцёра гэтага складу (такі тандэм захапляе, відаць, што ім надзвычай цікава іграць ролі і заўважным было хваляванне падчас прэм’еры). Менавіта апошняе рэжысёрскае рашэнне дазваляе вельмі сарамлівай і чымсьці сцішанай публіцы смяяцца з сітуацый, некаторыя з якіх у нашым грамадстве лічацца несумяшчальнымі з гумарам. Чаго вартая адна тэма старасці, слабасці, якая акрамя трапятання і хвалявання, здаецца, больш нічога выклікаць не павінна.

Толькі ўзнікае адна праблема: якім атрымліваецца спектакль, калі іграюць Валянцін Салаўёў, Ігар Сідорчык і Сяргей Шымко? Наколькі гэта трапна альбо, наадварот, няёмка? Тут можна параіць гледачу адно: глядзець твор трэба як што заўгодна, але не як бытавую драму.

Ці змогуць галоўныя героі зберагчы жыццялюбства, каханне і адвагу перад крокам у вечнасць? Такое пытанне паўстае падчас прагляду спектакля «Вецер шуміць у таполях». І адказ на яго мяняецца на працягу ўсёй дзеі. То аднекуль узнікае аптымізм, які, здаецца, дапаможа абысці любыя жыццёвыя перашкоды, то жорсткая рэальнасць вяртае адчуванне безнайдзейнасці, абмежаванасці. Гэтыя межы можа ўтвараць што заўгодна: галоўныя тут — фізічны і псіхічны стан.

Варта звярнуцца і да жанру, які выбралі стваральнікі. Усё ж у трагедыі адлюстроўваецца непрымірымы канфлікт асобы з сіламі, што ёй супрацьстаяць. Ён непазбежна вядзе да гібелі героя ці герояў, як у гэтым выпадку. Абавязковы складнік трагедыі — маштабнасць адлюстраваных падзей. Гаворка заўсёды ідзе пра высокія матэрыі. Магчыма, таму героямі твораў гэтага жанру часта станавіліся персанажы, якія займалі высокае становішча ў грамадстве, напрыклад, манархі, палкаводцы і г. д.; іх учынкі і лёсы мелі ўплыў на гісторыю, яны шукалі адказы на галоўныя пытанні. У гэтым і камічнасць гісторыі «Вецер шуміць у таполях»: асноўнымі персанажамі выбраны старыя, але ў мінулым яны — воіны, якія маглі ўладарыць, кіраваць, вырашаць лёсы соцень (і нават болей) людзей. І дзе яны цяпер? Ці варта з гэтым мірыцца? І якія сілы ім супрацьстаяць? Уласная нядужасць, немагчымасць здзейсніць хоць які-небудзь учынак на прызначанай ім тэрыторыі…

Лічыцца, што непазбежная гібель героя ў фінале не азначае песімістычнага характару трагедыі. Наадварот, імкненне супрацьстаяць наяўным абставінам, прага жыцця заклікае да ўсведамлення яго бесперапыннасці і вечнага абнаўлення. Тут нескаладна заўважыць блізкасць трагедыі з тэмай цыклічнага памірання і абнаўлення прыроды. Таму вобраз таполяў з шумам ветру нездарма выбраны і застаецца галоўным амаль два дзесяцігоддзі, на працягу якіх твор ставяць на розных сцэнах свету. Традыцыйнай трактоўкі прытрымліваўся і Аляксандр Гарцуеў, які, трэба адзначыць, амаль не адышоў ад арыгінальнага тэксту.

Вельмі радасна, што «Вецер шуміць у таполях» гучыць цяпер па-беларуску. Ды паўстае, магчыма, наіўнае, аднак адначасова справядлівае пытанне: чаму б стваральнікам не адаптаваць твор пад рэчаіснасць, больш блізкую айчыннаму гледачу? Ці то бянтэжыць згадка пра прытулак для ваенных ветэранаў (безумоўна, гэта важная акалічнасць, аднак яе няцяжка відазмяніць), ці то месца і дата дзеяння (у п’есе гэта Францыя, 1959 год), ці то самі героі — ветэраны ажно Першай сусветнай... Натуральна, у такой справе можна адшукаць вельмі шмат «але», аднак заўсёды знойдуцца сцэнарысты і рэжысёры, якія здольны пагуляць з першакрыніцай, перайначыць твор, няхай і не кардынальна, пад аўдыторыю канкрэтнага тэатра. І гэта будзе ўжо зусім іншы «вецер».

Некаторым гледачам спектакль можа падацца зацягнутым: амаль дзве з паловай гадзіны суцэльных дыялогаў не ўсе могуць успрыняць. Падчас дзеяння толькі тры акцёры знаходзяцца на сцэне. Акрамя іх «іграе» і вялікая скульптура сабакі, якой час ад часу ўдаецца яшчэ і рухацца. Імправізаваная тэраса з лесвіцай і крэслы — гэта ўсё, што бачаць прысутныя падчас гэтай дзеі. І здаецца, што пералічанае толькі на карысць пастаноўцы, інакш як бы глядач адчуў той невыносны сум, якім поўняцца дні, месяцы, гады герояў? Як бы ён зразумеў ледзь не адзінае жывое жаданне пачуць хаця б лёгкі ветрык бурлівага жыцця, што ўжо пранеслася для трох небарак? Між тым спачуванне ў гледача выклікаць удаецца, аднак атрымліваецца яно даволі абстрактным і размытым, бо ў спектаклі выяўляецца недахоп інфармацыі аб персанажах, якія набліжаюцца да скону. Разам з тым ахарактарызаваць іх, прычапіўшы ярлыкі, не атрымаецца. Няхай мы не бачым развіцця характараў — нават у гэтым плане яны статычныя (інакш быць і не можа), — героі застаюцца загадкавымі. Тут сыграла ролю гіпербалізацыя асобных рыс дзеючых асоб (зайздрасць, гарачнасць, абыякавасць, летуценнасць, далікатнасць), з-за чаго яны атрымаліся не зусім аб’ёмныя.

Так ці інакш, у спектаклі ўсе ролі галоўныя, кожны з артыстаў максімальна выразна паказаў свайго героя менавіта такім, якім яго задумваў аўтар п’есы. Сапраўды, атрымалася камічная трагедыя, дзе знойдзецца месца для засмучэння, асабліва калі загадзя ўпасці ў меланхолію, засяродзіўшыся ўжо на сімвалічнай назве твора. Верагодна, гэтага і дамагаюцца пастаноўшчыкі, якія звярталіся і працягваюць звяртацца да п’есы Жэральда Сіблейраса.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота РТБД

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».