Вы тут

Час як частка вечнасці


Яшчэ не так і даўно была прыхільна сустрэта кніга ўспамінаў пра Міхася Мушынскага «Застаецца святло», укладзеная Аленай Васілевіч і Таццянай Мушынскай. Цікавасць да яе стала невыпадковай. Міхась Іосіфавіч быў (і застаецца) постаццю знакавай у нацыянальным культурным асяродку. Вядомы даследчык літаратуры, доктар філалагічных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук…


Летапіс яго яркага, змястоўнага жыцця і дзейнасці, прасякнутых самаадданым служэннем беларускаму народу і сваёй Радзіме, зацікавіў многіх: як калег па працы, іншых навукоўцаў, так і звычайных чытачоў, якія любяць беларускую літаратуру. У немалой ступені таму, што са старонак мемарыяльных згадак не толькі ва ўсёй паўнаце паўставаў яго воблік, а, па сутнасці, выпраменьвалася і святло яго душы. Дзякуючы гэтаму шмат у чым і багатая, на дзіва плённая яго даследчыцкая, літаратуразнаўчая праца.

Кніга «Застаецца святло» выйшла ў ТАА «Ковчег» прыватным чынам. Цяпер яна ўжо ўспрымаецца першай часткай свайго роду дылогіі пра гэтага выдатнага навукоўца і чалавека. Другая — «Свайму часу і вечнасці» — пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская навука». Выхад яе па-свойму знакавы. Як вядома, 100 гадоў таму быў заснаваны Інстытут беларускай культуры. Да гэтай падзеі для Нацыянальнай акадэміі навук, ды і ўвогуле для нашай краіны, «БН» падрыхтавала шэраг выданняў, пазначаных юбілейным знакам. У шэрагу іх заканамерна і з’яўленне пад адной вокладкай артыкулаў і іншых матэрыялаў Міхася Мушынскага як аднаго з выдатных даследчыкаў нацыянальнага прыгожага пісьменства.

Адметнасць гэтага ладнага тома (звыш 30 улікова-выдавецкіх аркушаў) — тое, што ў ім сабраны творчыя набыткі апошніх васьмі-дзесяці гадоў яго жыцця. Пайшоў Міхась Іосіфавіч у вечнасць 8 чэрвеня 2018 года. У том увайшлі выступленні на «Каласавінах», «Гарэцкіх чытаннях», «Узвышаўскіх і архіўных чытаннях», а таксама на розных акадэмічных і інстытуцкіх канферэнцыях. Удзел у многіх мерапрыемствах, звязаных з імёнамі Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Міхася Зарэцкага, тлумачыцца тым, што ў яго было асаблівае стаўленне да жыцця і творчасці гэтых літаратараў. Міхась Мушынскі ў нашай краіне найлепшы знаўца іх мастакоўскай спадчыны. А яшчэ непераўзыдзены тэкстолаг, што станоўча паўплывала на перавыданне іх спадчыны, асабліва на выданне Збораў твораў.

Міхась Іосіфавіч працаваў з упэўненасцю, што «нацыянальная класіка была і па-ранейшаму застаецца адным з найболей дзейсных фактараў дабратворнага ўплыву на сучаснае грамадства, культурнае жыццё, на творчую практыку сучасных беларускіх пісьменнікаў і на практыку школьнага выкладання. Недаацэнка класікі, нігілістычнае стаўленне да літаратурнай спадчыны прыносіла і будзе прыносіць грамадству непапраўныя духоўныя страты». Таму ўкладальнікі кнігі — жонка Мушынскага Тамара Фёдараўна, на жаль, таксама ўжо нябожчыца, і яго дачка Таццяна — асноўную ўвагу надалі раз-

дзелам (яны названы часткамі) «“Збіраўся скарб, струменіўся няспынна…”.

Якуб Колас і праблемы яго творчасці» і «“…Ва ймя святога ўсім Адраджэння”. Матэрыялы пра Максіма, Гаўрыла і Галіну Гарэцкіх».

Несумненна, надрукаванае ў іх выклікае цікавасць, бо ацэнка аўтарытэтным даследчыкам літаратурнага працэсу, пэўных твораў заўсёды важная. Аднак змешчанае ў гэтых дзвюх частках усё ж дасведчанаму чытачу ў многім вядома. Але ж названымі імёнамі кола даследчыцкіх інтарэсаў Міхася Іосіфавіча нават у гэтым пасмяротным выданні не абмяжоўваецца, аб чым сведчаць раздзелы «“…Ад роднае зямлі…” Пра беларускіх пісьменнікаў» і «“Як доўг, як дар…” Пра беларускіх навукоўцаў». А гэта — Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў, Іван Шамякін, Віталь Скалабан, Алег Лойка, Іван Навуменка і іншыя. Прозвішчы згадаў у той паслядоўнасці, у якой матэрыялы пра іх прадстаўлены ў кнізе.

Ёсць і такія, якія для некаторых стануць адкрыццём. Прынамсі, згадкі пра Віталя Скалабана «У вянок памяці незабыўнага сябра…». Віталь Уладзіміравіч, хоць і пражыў няшмат, так шмат (выбачайце за таўталогію) зрабіў для нацыянальнай літаратуры, запаўняючы многія белыя плямы, што тычацца як асобных перыядаў яе развіцця, так і пэўных момантаў з жыцця асобных пісьменнікаў. Пра яго ж самога пісалася незаслужана мала. А сёння яго імя ўвогуле згадваецца рэдка. Як ні прыслухацца да сказанага Міхасём Іосіфавічам: «Тое, што дарагога Віталя Скалабана няма з намі, вялікая незваротная страта, агульнае несуцешнае гора. Ён быў і назаўсёды застаецца ў нашых сэрцах і памяці выдатным вучоным-энцыклапедыстам, даследчыкам шырокага творчага дыяпазону, няўрымслівым шукальнікам духоўных багаццяў, створаных беларускім народам, і верным сябрам, надзейным таварышам, шчодрай душы чалавекам, гатовым заўсёды прыйсці на дапамогу. Думаю, што манаграфічнае даследаванне, прысвечанае навуковай, грамадскай дзейнасці Віталя Уладзіміравіча, чакае свайго аўтара».

А як хораша Міхась Мушынскі згадвае крытыка, літаратуразнаўцу, акадэміка Віктара Каваленку ў матэрыялах «Талент вучонага, настаўніка, арганізатара навукі. Да 80-годдзя В. А. Каваленкі» і «Акадэмік з Сакаўшчыны».

У іх даецца высокая і заслужаная ацэнка даследчыцкай творчасці Віктара Антонавіча. Не абмінаецца і тое, наколькі важкі ўклад яго як кіраўніка Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы, які ён узначальваў з 1983-га да 1997 года, у развіццё і беларускай літаратуры, і нацыянальнай культуры ў цэлым.

Каб упэўніцца, як шмат ім зроблена, дастаткова ўжо такога сведчання: «З аднаго боку, ён прадоўжыў лінію ўключэння беларускага мастацтва ва ўсесаюзны літаратурны кантэкст, а з другога — пайшоў па шляху грунтоўнага вывучэння пэўнага перыяду, а канкрэтна — літаратуры ХХ стагоддзя. У першым выпадку былі напісаны “Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей” у 4-х кнігах (1993—1995), у другім — 4-томная “Гісторыя…”у 5 кнігах». Маецца на ўвазе «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя», якая на сёння складаецца з 6 кніг.

Да яе, па словах Міхась Мушынскага, «Віктар Антонавіч як кіраўнік праекта, як каардынатар рыхтаваўся вельмі сур’ёзна ў плане выпрацоўкі агульнай канцэпцыі, у вызначэнні персанальнага складу аўтараў, творы якіх планавалася ўключыць у адпаведны том […]». Гаворыцца і пра тое, які шырокі рэзананс «атрымалі выступленні В. Каваленкі па пытаннях месца і ролі дакументалізму ў літаратуры». Нарэшце адзначаецца значнасць таго, што набывае асабліва глыбокі сэнс сёння, калі з’яўляецца шмат ахвотных перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны: «[…] завастрыў увагу на прычынах адсутнасці праўдзівых твораў пра падпольшчыкаў і разведчыкаў, якія вымушаны былі здабываць неабходны матэрыял у акупантаў і паліцэйскіх, натуральна, кантактуючы з імі. Прычынаю стаўся трагічны лёс гэтых людзей, бо іх заслугі не прымаліся ў разлік».

Дзіўна толькі, што ні слова не сказана пра раман Віктара Антонавіча «Падвышанае неба». Адсутнасць гэтай згадкі яшчэ можна вытлумачыць у першым з названых матэрыялаў. Але ж другі пісаўся для кнігі «Люблю наш край. Валожыншчына літаратурная». Хто-хто, а землякі павінны ведаць, што Віктар Каваленка — адзін з самых выдатных ураджэнцаў іх зямлі, не толькі даследчык літаратуры, але і пісьменнік.

Ды гэта, як кажуць, да слова.

Віктар Антонавіч быў упэўнены, што літаратурай праўдзіва не раскрыта роля падпольшчыкаў і разведчыкаў ў гады Вялікай Айчыннай вайны: «[…] і ў дадзеным выпадку праўда павінна быць толькі праўдай — і больш нічым». Дарэчы, адна з кніг самога Міхася Мушынскага называецца «І нічога, апроч праўды». Гэтага прынцыпу ён прытрымліваўся і выступаючы ў сакавіку 2016 года на Міжнароднай навуковай канферэнцыі да 120-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы з дакладам «Гісторыя напісання і рэцэнзавання кінааповесці “Мстители” (1944) Кандрата Крапівы і Міхася Лынькова». Падкрэсліваючы вялікае значэнне выдання Поўных збораў пісьменнікаў, быў перакананы, што «пра кожнага пісьменніка, уключанага ў спіс на выданне яго спадчыны, павінны быць падрыхтаваны змястоўны «Летапіс жыцці і творчасці», кніга «Пісьменнік у ацэнцы літаратурных крытыкі», «Кніга ўспамінаў». Не абышоў і такі момант, як «гісторыі напісання пэўнага твораў, гісторыя яго сцэнізацыі і экранізацыі […]».

«Гісторыя напісання і рэцэнзавання кінааповесці “Мстители”…», дзякуючы багаццю сабраных звестак, хоць і не такая аб’ёмная, але па сваім змесце прэтэндуе на міні-манаграфію, настолькі шмат фактычнага матэрыялу сабрана. Па-свойму і павучальнага, бо лішні раз нагадвае пра тое, як бюракратычнае стаўленне да пэўнага твора, жаданне дыктаваць там, дзе ў гэтым няма ніякай неабходнасці, сячэ на корані добрую і важную задуму. Фільм па сцэнарыю двух слынных аўтараў мусіў расказаць пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны, дзейнасць народных мсціўцаў на чале з Канстанцінам Заслонавым. Такі фільм з’явіўся, але аўтарамі яго Кандрат Крапіва і Міхась Лынькоў не былі. Ды і пад іншай назвай ён выйшаў на экраны — «Канстанцін Заслонаў». Чытаючы пра тое, што адбывалася, лішні раз упэўніваешся, наколькі Міхась Мушынскі валодаў талентам сапраўднага даследчыка, для якога пошук — не самамэта, а прызванне. Аднолькавае жаданне — як дакапацца да ісціны, так і дамагчыся праўды.

Гэтым памкненнем напоўнены і яго чарнавыя занатоўкі, пададзеныя ў кнізе пад назвай «Дзённік пісьменніка як крыніца вывучэння яго жыцця, літаратурна-творчай і грамадска-культурнай дзейнасці». Пазнаёміўшыся з запісамі асобных пісьменнікаў, ён зрабіў шэраг высноў: «Да дзённікаў звяртацца трэба, але нельга абсалютызаваць гэтую крыніцу. У кожнага — свой падыход». У прыватнасці, адзначыў прадузятае стаўленне Пімена Панчанкі да Івана Шамякіна. Аднак нярэдка яно ў нечым розніцца, бо сведчыцца і пішацца «пад настрой». Ёсць падставы меркаваць, што гэтыя накіды маглі б ператварыцца ў грунтоўнае даследаванне аб значэнні пісьменніцкіх дзённікаў.

Шмат каму з людзей творчых трэба павучыцца ў Міхася Іосіфавіча здатнасці заўважыць чужы талент, асабліва падтрымаць на пачатку. У яго да творчасці тых, хто працаваў поруч, была патрабавальная любоў. Праяўлялася не захвальванне, а цвярозае стаўленне да зробленага імі ці да таго, што яшчэ робіцца. Доказ таму — заключная частка кнігі — «Рэцэнзіі, водзывы, экспертныя заключэнні, рэкамендацыі». Матэрыялы спецыфічныя. Толькі калі добра ўнікнуць у іх змест, то за абавязковымі ў падобных выпадках ацэнкамі, высновамі, рэкамендацыямі прасочваецца не толькі тое, без чаго ў дадзеных выпадках не абысціся, бо яно пішацца як бы паводле «рэгламенту». Праступае і чалавечае, што абавязкова хочацца сказаць.

«Свайму часу і вечнасці» — назва дакладная. За ёй бачыцца і тое, чым жыў Міхась Мушынскі, і як жыў. Аднак відавочна і дзеля чаго. Зыходзячы з гэтага, нельга не заўважыць, што, калі падсумаваць здзейсненае ім, канешне, не толькі і нават не столькі прадстаўленае ў гэтай кнізе, напрошваецца важная выснова. Праз тое, што было выказана, занатавана, асэнсавана Міхасём Іосіфавічам, сам час паўстае як частка вечнасці.

Глеб КЕНІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.