Вы тут

Аб чым нашэптваюць архівы?


У даследчыцкай гісторыі Сцяпана Александровіча мноства сюжэтных ліній, спароджаных архіўнымі росшукамі, трапіла на старонкі перыядычнага друку, сабрана пад вокладкі кніжных выданняў. Па-за ўвагай застаюцца дакументы, якія на розных этапах працы выконвалі факультатыўную ролю, але з часам набылі самастойную значнасць. Яны выдатна ілюструюць культуру даследчыцкай працы, сведчаць пра міжнародны аўтарытэт і арганізацыйныя здольнасці мінскага вучонага, з цікавых ракурсаў  падсвечваюць асобу і час.


Парады навукоўца і педагога, падказаныя шматгадовым вопытам, актуальныя і сёння: «Цярплівасць і яшчэ раз цярплівасць, настойлівасць у пошуках, пільная ўвага да дробязных, на першы погляд, фактаў і звестак, уменне прачытаць матэрыялы так, каб далёкая гісторыя ажыла і загаварыла, а таксама, шчыра кажучы, шчасце і нейкае інтуітыўнае чуццё — вось якасці, без якіх не варта пераступаць парог архіва ці рукапіснага аддзела бібліятэкі».

На маім працоўным стале — часопісны («Полымя»; 1969, № 8) і кніжны («Слова — багацце», 1981) варыянты нарыса «Па слядах Францыска Скарыны». А поруч некалькі неапублікаваных лістоў Мацея Канапацкага да Сцяпана Александровіча. Пра польскага адрасата чытаем у дзённікавых запісах ад 21 верасня 1967 года:  «Вечар.

На вакзале ў Сопаце мяне чакаў Мацей Канапацкі — колішні супрацоўнік беластоцкай “Нівы”, а цяпер рэдактар інфармацыйнага выдання на Гдыньскім суднабудаўнічым заводзе. З Мацеем я перапісваўся даўно, але ні разу не бачыўся. Пазнаў адразу. Дапамагло фота, а яшчэ больш — яго ўсходняе аблічча беларускага татарына».

Ліст М. Канапацкага ад 19 жніўня 1962 года на афіцыйным бланку газеты «Ніва», напэўна, быў у ліку першых, адрасат і адрасант яшчэ на «Вы»: «…хочацца нешта напісаць, а асабліва падзяліцца сваімі ўражаннямі з пабыўкі ў Любліне. Як Вам вядома, мэтай гэтай паездкі было наведанне К. Яворскага і В. Станкевіча — швагра Я. Купалы. Інтэрв’ю з В. Станкевічам дало наогул цікавыя матэрыялы. У “Ніве” — у адным з асенніх нумароў давядзецца напісаць аб Купалу, цёці Уладзі, продках Станкевіча — удзельніках паўстанняў 1831 і 1863 гг., аб сустрэчах Станкевіча з Фр. Багушэвічам. У швагра паэта захавалася некалькі памятных фатаграфій.

У прыватнасці, Купалы і яго жонкі з 1916 года, нататнік з сярэбранай вокладкай, на якой дэдыкацыя паэта і цёці Уладзі (з 1916 г.), здымак швагеркі Станкевіча, якая была замужам за ўнукам В. Дуніна-Марцінкевіча.

І ён тут таксама. Унука пісьменніка замардавалі гітлераўцы ў 1939 годзе».

Успаміны Вікенція Станкевіча, «незвычайна гасціннага, сардэчнага чалавека» ў запісах Мацея Канапацкага і пад назвай «У швагра Янкі Купалы» былі апублікаваны ў «Ніве» 30 снежня 1962 г. У фондах мінскага музея песняра сёння захоўваецца цікавы артэфакт — нататнік з гравіроўкай на сярэбранай пласціне з дарчым надпісам (дэдыкацыяй) на польскай мове: «Найлепшаму Віцюсю ад Уладкі і Янкі. 5/ІV—16 г.».

З ліста М. Канапацкага таксама даведваемся, што адным з напрамкаў пошукаў і, адпаведна, запытаў С. Александровіча было месца гібелі 27 лютага 1945 г. на тэрыторыі былой Усходняй Прусіі беларускага паэта Аляксея Коршака. Калега з Польшчы імкнуўся дапамагчы. З ліста ад 9 верасня  1969 года: «Я пасля выхаду са шпіталя адразу наведаў бібліятэку ПАН у Гданьску. У ёй ёсць спецыяльныя выданні, тоўстыя кнігі, у якіх усе названні мясцовасцей у нямецкай мове, якія зараз у межах ПНР. І я шукаў, і працаўнік бібліятэкі, з яе дырэктарам гаварыў, а Лайслейндорфа як няма так няма. Ахопліваюць мною сумненні, ці ўвогуле ўласцівае названне гэтай мясцовасці, дзе загінуў паэт. Загляні ў першакрыніцы, мо ёсць нейкія варыянты названня гэтай мясцовасці? Перада мною ляжала вялікая карта — яшчэ нямецкая — пераглядалі яе, яшчэ раз заглядалі ў том і абсалютна няма Лайслейндорфа. Гэта, мабыць, названне нейкага малога хутара, дзе некалькі хат — проста не ведаю, што ўжо і думаць. Вось, ізноў наведаеш мяне (як добра было б!), заглянем у бібліятэку, пераканаемся».

Адным з прыпынкаў у даследчыцкім маршруце 1967 г. была сталіца Славакіі. Пасля многіх сустрэч і эмацыянальных узрушэнняў вечаровая заціш гатэльнага нумара настройвала на роздумы: «Не ведаю, ці давялося Уладзіміру Жылку, калі ён вучыўся ў Празе, бываць у Браціславе. Сёння ж аўтар “Уяўленняў” прыйшоў у мой ціхі пакойчык і размаўляе са мною. Я чую яго задушэўны голас, адчуваю трывогі і парыванні сэрца, якімі ён жыў… сорак пяць гадоў таму назад».

Падставай для своеасаблівых медытацый вучонага стаў каштоўны набытак: «Учора Л. Краскоўская — колішняя аднакласніца і прыяцелька Ул. Жылкі па Дзвінскай беларускай гімназіі (яна цяпер працуе ў Славацкім народным музеі) — перадала мне архіў паэта, каб я, у сваю чаргу, пераслаў гэтыя матэрыялы яго дачцэ. Сёння мне не спіцца (ці не перагрэўся без прывычкі на спякотлівым тутэйшым сонцы?), і я перабіраю рукапісы. Многа чарнавых накідаў вершаў:

Ну і халодна, халодна на свеце,

Калі сэрца астыне гарэць…

А калісь было неяк іначай

І хапала цяпла без таго.

Горкай памяці дробнай астачай

Да дзяцінства кульгаю свайго».

Уважліва прачытваліся і асэнсоўваліся радкі з дзённіка Уладзіміра Жылкі, праводзіліся паралелі з літаратурнай класікай: «І апошняе: “Хто кажа, што ноч чорная? Ноч сіняя, як Мудрасць і Адвечнасць. Ноч мудрэй дня. Ноч — глыбіня. Кожная жанчына стае цяжарнай ноччу. Мы ўсе пачатыя ўначы…” Што ні кажы, а ў гэтым роздуме ёсць штосьці ад Максіма Багдановіча…»

Перададзены пры пасрэдніцтве С. Александровіча рукапісны збор У. Жылкі перажыў сваю шматгадовую адысею. Цяпер ён займеў трывалую прапіску ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Найбольш каштоўная яго частка пабачыла свет у пачатку 1990-х: у “палымянскай” публікацыі, а потым і ў кнізе У. Калесніка «Усё чалавечае: літаратурныя партрэты, артыкулы, нарысы» (1993). У анатацыі да выдання чытаем: «Асаблівую цікавасць уяўляе нарыс “Пражскі эпісталярый”, у якім аўтар дае шырокую панараму літаратурнага, культурнага і палітычнага жыцця Беларусі 20—30-х гг. і ўдзелу ў ім літаратараў, асветнікаў, палітыкаў, такіх, як У. Жылка, А. Луцкевіч, І. Дварчанін, Т. Грыб і інш.».

Аўтар гэтых радкоў мае гонар прадоўжыць даследчыцкую працу ў рэчышчы, пракладзеным славутымі папярэднікамі. Фактаграфічна пабагацеў «Пражскі эпісталярый». Вызначаны і манаграфічна аформлены ўласны напрамак — «Браціслаўскі эпісталярый: славацка-беларускі архіўны дыскурс ХХ стагоддзя» (2019). Пасля шматлікіх паездак і публікацый у галаве ўсё адно заўсёды тахкае апошні радок з нарыса «Па слядах Францыска Скарыны” Сцяпана Александровіча: «Патрэбны далейшыя пошукі…»

Мікола ТРУС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?