Вы тут

Ці павышаюцца кошты на тавары і лекі ў Гомельскай вобласці?


На Гомельшчыне парламентарыі і прафсаюзы працягваюць маніторынг цэн на сацыяльна значныя тавары і лекавыя прэпараты. Асноўная задача — спрацаваць на «прафілактыку» спажывецкага ажыятажу і дэфіцыту. У зоне ўвагі — буйныя гарадскія і маленькія сельскія крамы, а таксама рыначныя гандлёвыя рады. Кантралююцца цэны, устаноўленыя «сецівікамі» і вытворцамі. Пры выяўленні фактаў завышэння цаны для прыняцця мер рэагавання інфармацыя перадаецца ў МАРГ.


Фота: pixabay.com

На пачатку месяца ў рэгіёне падобную работу актыўна распачалі сенатары. Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве старшыня абласнога аб'яднання прафсаюзаў Аляксей Нявераў вывучыў цэны на сацыяльна значныя тавары ў крамах Гомеля.

Як падкрэсліў парламентарый, галоўная задача маніторынгу — супаставіць атрыманыя даныя з узроўнем даходаў жыхароў рэгіёна, каб вызначыць: наколькі рост цэн адпавядае росту даходаў грамадзян, ці дазваляе заработная плата ў канкрэтным рэгіёне набываць неабходныя прадукты харчавання, тавары і аплачваць паслугі.

На мінулым тыдні на тэрыторыі Ельскага раёна Гомельшчыны маніторынг цэн на прадукты і лекі правёў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Фелікс Яшкоў. Парламентарый разам з прадстаўнікамі райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў наведаў крамы і аптэкі райцэнтра. На асаблівым кантролі сенатара — цэны ў крамах на крупы, мясныя вырабы, кансервы, малочныя прадукты і гародніну. Падчас маніторынгу цэн на прадукты харчавання член верхняй палаты парламента парушэнняў парадку цэнаўтварэння не зафіксаваў. Некаторыя тавары дадалі ў кошце нязначна, асобныя прадукты нават патаннелі.

— Выраслі цэны на мяса, але не больш чым на 0,2 %, устаноўленыя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, — падкрэсліў у размове з журналістамі Фелікс Яшкоў. — Важна, каб пры фарміраванні цаны ўлічваліся інтарэсы ўсіх: і вытворцаў, і арганізацый, што рэалізоўваюць прадукцыю і, галоўным чынам, спажыўцоў.

Маніторынг цэн на лекавыя прэпараты ў аптэках Ельска таксама паказаў, што цэнаўтварэнне на медыкаменты ў межах дапушчальных норм. На Гомельшчыне да маніторынгу цэн на лекі ў аптэках сельскай мясцовасці актыўна далучыліся дэпутаты базавага ўзроўню і лідары раённых аб'яднанняў прафсаюзаў.

Па словах старшыні Гомельскага раённага аб'яднання прафсаюзаў Ларысы Леглік, праводзіцца выбарачнае назіранне за асартыментам і цэнамі на асобныя віды лекавых сродкаў у аптэках сеткі «Фармацыя». На кантролі — наяўнасць абавязковага пераліку лекавых прэпаратаў беларускай і расійскай вытворчасці. Лідар раённага аб'яднання прафсаюзаў патлумачыла, што цэны фіксуюцца на пэўную дату, а затым параўноўваюцца з тымі, якія былі раней. Кіраўнік Гомельскага раённага аб'яднання прафсаюзаў прывяла вынікі апошняга маніторынгу цэн на лекі ў аптэцы аграгарадка Яроміна Гомельскага раёна:

— Цэны на лекавыя прэпараты, якія мы маніторым, застаюцца адносна стабільнымі. Напрыклад, цана прэпарата «Азітраміцын Фармлэнд» (500 мг) сёння складае 17,25 рубля. Такая ж цана была зафіксавана і пры маніторынгу, які праводзіўся ў маі—чэрвені. «Анальгін» (500 мг) таксама не павысіўся ў цане — яна складае 1,4 рубля. Тая ж сітуацыя і з «Парацэтамолам» (500 мг), цана з красавіка не памянялася — 1,97. Варта адзначыць, што на некаторыя групы лекавых прэпаратаў цана нават панізілася. Пры маніторынгу ў аптэцы адсутнічаў «Амаксіцылін». Нам растлумачылі, што гэты прэпарат не пастаўляўся ўжо каля двух тыдняў. Пры гэтым у дастатковай колькасці ёсць аналагі як айчыннай, так і замежнай вытворчасці.

Цэны на лекі і прадукты харчавання і іх даступнасць для жыхароў населеных пунктаў застаюцца на кантролі дэпутатаў базавага ўзроўню. На гэтым засяродзіла ўвагу старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька:

— Мы павінны разумець, што рост цэн ва ўмовах нестабільнасці на сусветных рынках складана спыніць, аднак гэты працэс павінен кіравацца, каб не назіралася штучнае завышэнне цэн на тавары. Рэгулярны маніторынг дазваляе трымаць сітуацыю пад кантролем, а меры, якія прымаюцца дзяржавай, робяць тавары ў магазінах і лекі ў аптэках больш даступнымі для насельніцтва.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: У краму з «дэпутацкім спісам»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.