Вы тут

Выйсці з «чырвонай» зоны. Круглянская бальніца зараз працуе ў звычайным рэжыме


На Магілёўшчыне каранавірус у цэлым пайшоў на спад, а ў Круглянскім раёне сёння наогул фіксуюцца адзінкавыя выпадкі. У параўнанні з тым, як тут было некалькі тыдняў таму, калі дыягназ «ковід» ставілі адначасова 10—12 чалавекам на працягу дня, гэта мінімум. Бальніца ўжо цалкам перайшла на звычайны рэжым работы. А калі выяўляецца пацыент з каранавіруснай інфекцыяй, яго тэрмінова дастаўляюць у інфекцыйную бальніцу ў Магілёў. Так, кажа кіраўніцтва раённай бальніцы, эканамічна больш апраўдана.


Сапраўды, сёння ў калідорах круглянскай бальніцы адносна ціха. Адзін чалавек сядзеў пад дзвярыма кабінета ўрача агульнай практыкі, двое дзяцей з бацькамі — у педыятрычным аддзяленні. Але нядаўна ўсё было па-іншаму. Аддзяленняў тут усяго чатыры — рэанімацыйнае, хірургічнае, тэрапеўтычнае і педыятрычнае. Падчас пад'ёму захворвання на ковід выкарыстоўвалі стары будынак інфекцыйнай бальніцы, дзе на другім паверсе знаходзілася тэрапеўтычнае аддзяленне. Яго аператыўна перапрафілявалі пад інфекцыйнае. «Ковідныя» ложкі былі і ў іншых аддзяленнях. Яшчэ нядаўна ў бальнічным стацыянары знаходзілася да 55 чалавек з каранавіруснай пнеўманіяй.

— Гэта вельмі вялікая для нас лічба, — удакладняе намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Святлана Іванова. — У нас раён маленькі — 13,5 тысячы насельніцтва, таму і бальніца невялічкая — усяго 105 ложкаў, 20 з якіх з ліку сястрынскага догляду. І ўявіце сабе, што большая частка ложкаў была аддадзена пад хворых на каранавірус. Гэта сур'ёзна.

З меркаваннем, што добрыя медыцынскія ўмовы ствараюцца толькі ў буйных гарадах, у Круглым могуць паспрачацца. Толькі на працягу апошняга года бальніцу аснасцілі дадатковымі кіслароднымі канцэнтратарамі і пунктамі, у рэанімацыйнае аддзяленне перадалі два маніторы, выдзелілі новую машыну, каб аператыўна дастаўляць пацыентаў. Бальніца ўдзельнічае ў грантавым праекце «Карані травы», у рамках якога Японія выдзяляе медтэхніку для прафілактыкі захворванняў у людзей, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. У Круглянскім раёне хапае перасяленцаў з чарнобыльскіх раёнаў, таго ж Слаўгарадскага.

У іх часцей за ўсё выяўляюцца парушэнні ў рабоце шчытападобнай залозы. «Спадзяёмся атрымаць УГД-апарат і больш аператыўна дыягнаставаць хваробу», — дадае начмед. Што датычыцца ўрачоў раённай бальніцы, то яны не менш адказныя, чым у гарадах, а часам яшчэ і больш душэўныя. Па-першае, пацыентаў меней, па-другое, у невялічкім населеным пункце ўсе адно аднаго добра ведаюць, таму адказнасць двайная. Дарэчы, з болей чым 300 чалавек, якія працуюць у бальніцы, 30 — урачы.

— І кожны незаменны, — запэўнівае Святлана Уладзіміраўна. — Любому можна даверыцца. Ніхто не скардзіцца, калі трэба выйсці тэрмінова і дадаткова папрацаваць. Яны ведаюць, што замяніць іх няма кім, і ніколі не адмаўляецца. Тыя ж рэаніматолаг і хірург, калі паступае цяжкі хворы, выйдуць ноччу, каб стабілізаваць яго стан, а раніцай на сваю змену заступяць. На наступную ноч іх таксама могуць выклікаць. Таму мы стараемся дзесьці падстрахоўваць адно аднаго і прыйсці на ўзаемавыручку. Калі нехта з вузкіх спецыялістаў ідзе ў адпачынак, яго замяняе ўрач агульнай практыкі.

З ковіднымі хворымі працавалі амаль усе ўрачы, не лічачы сярэдняга персаналу. Быў час, калі пацыентаў з гэтым дыягназам вазілі ў шклоўскую ЦРБ і ў Магілёў. Асноўная нагрузка — на тэрапеўтычным аддзяленні, якое ўзначальвае Вікторыя Бяганская, і рэанімацыйным, якім кіруе Святлана Шахматава. Не менш напружана працавалі маладыя ўрачы Анастасія Смалякова, Марыя Букрэева, Вікторыя Аксёнава.

Каранавірус — хвароба непрадказальная, былі і вельмі цяжкія выпадкі. Урачы, лічы, выцягнулі з таго свету 40-гадовую жанчыну, маці пяцярых дзяцей. Жанчына, дарэчы, была не прышчэпленая.

— Калолі супрацьвірусныя прэпараты, трымалі ў прон-пазіцыі, падтрымлівалі маральна, — расказвае падрабязнасці суразмоўца. — Яна ў нас лячылася амаль тры тыдні. Ледзь атрымалася стабілізаваць. Мы перажываем за кожнага пацыента. Кажуць, што ўрачы да ўсяго прывыкаюць, нават да смерці, гэта няпраўда. Калі бачыш, што пацыент цяжкі, робіш усё магчымае і немагчымае. А гэта пацыентка была яшчэ і з групы рызыкі: дыябет, плюс павышаная вага. Родныя за яе вельмі перажывалі, і асабліва дзеці. Вельмі хваляваліся за маці. Мы супакойвалі як маглі. І вельмі рады, што жанчыне атрымалася дапамагчы.

За апошні год штат папоўніўся маладымі спецыялістамі, якія добра зарэкамендавалі сябе ў рабоце. «Педыятр Таццяна Абакановіч, оталарынголаг Марыя Букрэева, урач агульнай практыкі Ірына Дзегцярова, тэрапеўт Ангеліна Падзіракіна, — пералічвае імёны начмед. — Некаторыя з іх працавалі і ў «чырвонай» зоне. Вельмі адказныя спецыялісты».

Год таму бальніцу ўзначаліў малады ўрач Максім Бяганскі. Прыехаў у раён разам з жонкай і чатырохгадовай дачкой. Нядаўна райвыканкам выдзеліў ім арэнднае жыллё, і кіраўнік бальніцы ўзяў два тыдні, каб навесці там парадак.

— 11 снежня ў яго быў дзень нараджэння, напішыце, што ўвесь наш калектыў ад усёй душы віншуе яго, — просіць Святлана Уладзіміраўна. — Мы вельмі рады, калі ў нас замацоўваецца моладзь. Я ж сама таксама 20 гадоў таму сюды маладым спецыялістам прыехала. Хаця і гараджанка, з Магілёва.

Начмед пераканана, што лепшай абароны ад каранавіруса, чым прышчэпка, на сёння няма. На 8 снежня ў Круглянскім раёне першую прышчэпку зрабіла каля 57 % насельніцтва без уліку дзяцей, другую — каля 49 %.

— У асноўным прышчэпліваліся моладзь і найбольш арганізаваныя жыхары. Пенсіянеры лічаць, што адсядзяцца дома і хвароба пройдзе міма, — кажа Святлана Уладзіміраўна. — Зараз робім акцэнт на пацыентах 61 плюс, бо яны ў першай групе рызыкі. Ковід вядзе да абвастрэння хранічных захворванняў, і гэта часта прыводзіць да сумных наступстваў. Людзі не робяць прышчэпку, таму што баяцца абвастрэння хранічных захворванняў. Але гэта няправільная пазіцыя. Трэба як мага хутчэй прышчапіцца. Яны калі і захварэюць, то ў лёгкай форме. Часам даходзіць да смешнага. Адзін пенсіянер неяк сказаў, што добра падрыхтаваўся да ковіду і... паказаў пульсаксіметр. Чалавек не разумее, што наяўнасць гэтага прыбора можа нават нашкодзіць. Калі чалавек часта мерае сатурацыю і нервуецца, яна можа падаць. Пачуццё недахопу паветра можа ўзнікнуць і ад панікі.

Спецыяльна ехаць у бальніцу дзеля прышчэпкі не спатрэбіцца, супакойвае суразмоўца. Вырашана адкрыць пяць прышчэпачных пунктаў у горадзе, каб кожнаму было зручна дабрацца. Расклад іх работы будзе такі, каб усім было зручна.

Жыхароў раёна абслугоўвае перасовачны пункт. На перыферыі працуе пяць амбулаторый урача агульнай практыкі і пяць ФАПаў. Яны фарміруюць спісы, колькі ахвотных і калі ім зручна прышчапіцца, а кіраўніцтва райбальніцы, зыходзячы з гэтага, складае план на тыдзень.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

г. Круглае

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».