Вы тут

Генец: З-за здрадніцтва ў нашай гісторыі адбываліся найбольш жудасныя падзеі


Нягледзячы на тое, што пасаду кіраўніка раёна займае адносна нядаўна, Іўеўшчына для яго добра знаёмая. Справа ў тым, што ў свой час Ігар Мікалаевіч узначальваў раённы аддзел унутраных спраў. Таму калі пасля звальнення ў запас палкоўніка міліцыі, які прысвяціў службе больш як 30 гадоў, прызначылі старшынёй Іўеўскага райвыканкама, ён выдатна ўяўляў, якімі праблемамі жыве рэгіён і што трэба зрабіць, каб ён развіваўся. З цікавасцю ўзяўся за даручаную справу яшчэ і з той прычыны, што раён, на яго погляд, незвычайны.


— Ігар Мікалаевіч, чым жа Іўеўшчына адрозніваецца ад астатніх раённых цэнтраў?

— Ужо хоць бы тым, што ў Іўі знаходзіцца самая старая мячэць краіны: 1882 года пабудовы. Для таго каб зразумець горад, абавязкова трэба там пабываць, а таксама наведаць Музей нацыянальных культур, які таксама адзіны такі на ўсю краіну. У якім яшчэ беларускім горадзе, пачынаючы з V стагоддзя, жывуць татары? Сёння татарская абшчына Іўеўскага раёна складае каля 800 чалавек. Іўе — гэта яшчэ і каталіцкі рэгіён: амаль 80 % насельніцтва з'яўляецца католікамі. Ёсць у нас і праваслаўныя жыхары, аб чым сведчаць прыгожыя цэрквы. Аднак колькасць касцёлаў у некалькі разоў большая. Самы знакаміты — касцёл у Геранёнах 1520 года пабудовы. Гэта нашы гісторыка-культурныя каштоўнасці, якімі мы ганарымся. Невыпадкова, каб яшчэ раз спазнаць Іўеўшчыну і адкрыць яе для маладых спецыялістаў, сёлета знаёмства апошніх з кіраўніцтвам мы аб'ядналі з экскурсіяй па нашым рэгіёне. Атрымалася ці не ўлюбіць іх у горад, скажам праз два гады. Калі адпрацуюць па размеркаванні і застануцца — значыць, атрымалася, калі з'едуць — гэта наша недапрацоўка.

— Увогуле, ці ахвотна маладыя спецыялісты едуць у рэгіён, ці застаюцца пасля адпрацоўкі па размеркаванні?

— Гэта дастаткова праблемнае для нас пытанне. Што ў першую чаргу патрэбна, каб заставалася моладзь? Жыллё. Гэта найбольш актуальны стрымальны фактар. З наступнага года мы залажылі ў інвестпраграму бюджэтныя сродкі для будаўніцтва жылля. З даху над галавой пачынаецца любоў да свайго краю. Гарадок маленькі, але ўсе адзначаюць даступнасць медыцыны: пасля рамонту ў Іўі адкрылася вельмі добрая бальніца. Магчыма, моладзь не задавальняе недасканаласць гарадской інфраструктуры: у нас няма вялікай спартыўнай пляцоўкі, фізкультурна-аздараўленчага комплексу, басейна. Гэта ў планах. Затое ёсць тое, чаго сабе не могуць дазволіць сталічныя жыхары, — вольны час. Жыхары малых гарадоў, будучы ў Мінску, імкнуцца ўбачыць славутасці, наведаць аб'екты культуры часцей, чым жыхары сталіцы, якія толькі на дарогу марнуюць нямала часу. У нас жа ўсё — у крокавай даступнасці. Такая спецыфіка рэгіёна. Самае галоўнае — яго палюбіць.

— А яшчэ Іўеўшчына ўнікальная сваёй шматканфесійнасцю. Прадстаўнікі якіх рэлігій тут пражываюць і ці не ўзнікае міжканфесіянальных канфліктаў?

— Праваслаўныя, каталікі і мусульмане. Да Вялікай Айчыннай вайны былі яшчэ і іудзеі. Нам няма чаго дзяліць. Шмат вякоў прадстаўнікі розных канфесій жылі на адной тэрыторыі, і ў гісторыі няма ніводнага прыкладу, каб на нацыянальнай глебе на Іўешчыне адбыўся пэўны канфлікт. Мы ведаем усе рэлігійныя святы адзін аднаго, паважаем традыцыі кожнага. Падчас буйных рэлігійных свят у тым ці іншым храме прысутнічаюць святары ўсіх канфесій.

— У горадзе няма вялікіх прамысловых прадпрыемстваў. Дзе працаўладкавана асноўная колькасць насельніцтва?

— Насельніцтва ў нас самазанятае. Акурат у гэтым — яшчэ адна спецыфіка раёна. На Іўеўшчыне вельмі працавіты народ: у нас шмат індывідуальных прадпрымальнікаў, рамеснікаў, фермераў. Спецыфіка прыватнага бізнесу — партнёрства з дзяржавай. 92 % бюджэту раёна фарміруе прыватная прамысловасць. Іўе даўно ведаюць як «памідорную сталіцу»: большая частка насельніцтва вырошчвае памідоры. У нас у жніўні нават ладзіцца памідорны фестываль, які абяцаў наведаць кіраўнік дзяржавы.

— У рэгіёне шмат увагі ўдзяляецца захаванню памяці аб падзеях Другой сусветнай. Асабліва гэта актуальна ў кантэксце распачатай Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд...

— У нас ва ўрочышчы Стоневічы нядаўна адбылася дыялогавая пляцоўка, якую мы невыпадкова арганізавалі не ў цёплым утульным кабінеце, а на месцы масавага знішчэння мірных жыхароў. Да вайны Іўе з'яўлялася яўрэйскім паселішчам. У Стоневічах гітлераўцы знішчылі больш чым 2500 яўрэяў. Сёлета было ўстаноўлена месца гібелі яшчэ 48 яўрэяў з вёскі Бакшты, якіх карнікі з 118-га нацыяналістычнага батальёна знайшлі ў зямлянках на балоце, закідаўшы гранатамі. Мне ўдалося азнаёміцца з матэрыяламі справы, і я хачу сказаць, што гэта была жудасная карціна. Месцазнаходжанне сваіх аднавяскоўцаў карнікам выдаў мясцовы жыхар. Узамен на інфармацыю яны абяцалі яму жыццё. З-за здрадніцтва аднаго чалавека загінулі ўсе. Лёс здрадніка адрозніваўся ад усіх астатніх толькі тым, што яго застрэлілі апошнім. Я вельмі хацеў бы, каб мы, беларусы, вынеслі для сябе ўрок: віной многіх бед з'яўляецца здрадніцтва. Гэта самы страшны грэх, з-за якога ў нашай гісторыі адбываліся найбольш жудасныя падзеі. На жаль, шмат гадоў таму, калі спрабавалі жыць у дружбе і згодзе з іншымі народамі вялікай савецкай дзяржавы, многія рэчы мы проста замоўчвалі. І цяпер высветлілася, што маштаб трагедыі значна большы, чым мы яго сабе ўяўлялі.

— Ці будзе нядаўна выяўленае месца масавага знішчэння мірных жыхароў увекавечана?

— Даехаць да месца трагедыі сёння амаль немагчыма: яно знаходзіцца сярод балот у Налібоцкай пушчы. Можна дабрацца толькі зімой, калі добры мароз. Калі б не здраднік, гэтых людзей немцы ніколі б не знайшлі... Абмеркаваўшы з грамадскасцю, у Стоневічах мы дадаткова ўстанавілі помнік, на якім пазначаны каардынаты месца гібелі гэтых 48 чалавек. У 1973 годзе па дадзеным факце вялося расследаванне. Праводзіліся раскопкі, астанкі людзей перапахавалі: куды канкрэтна, нідзе не зафіксавана. Дарэчы, падчас расследавання былі ўстаноўлены асобы карнікаў 118-га батальёна, якія мелі дачыненне да забойства мірных жыхароў. З матэрыялаў справы вядома, што пасля сваіх чорных спраў яны трапілі ў Францыю, ваявалі разам з французамі супраць сваіх былых гаспадароў, многія з іх атрымалі ўзнагароды і дажывалі свой век як удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Калі ж іх дачыненне да масавага забойства ўстанавілі, частку здраднікаў расстралялі, астатнія атрымалі вялікія тэрміны. Аднак зноў жа гэта прайшло амаль незаўважаным, вялікага грамадскага рэзанансу не было: мы не хацелі зняважыць нашых братоў па вялікай краіне.

— У вас ёсць уласная рубрыка ў мясцовай газеце, дзе вы адказваеце на пытанні жыхароў. Наколькі важна сёння быць заўсёды на сувязі з народам?

— Гэта заўсёды было важна. Усе мы — звычайныя людзі. І вельмі важна, каб чыноўнік адчуваў сябе звычайным чалавекам, адкрытым для дыялогу. У жыцці любога з нас, у тым ліку таго, хто знаходзіцца на дзяржаўнай службе, павінны быць пэўныя прынцыпы работы. І прынцып «стаўся да людзей так, як хочаш, каб яны адносіліся да цябе» вельмі добра дзейнічае. Таксама неабходна бачыць кожнага чалавека. У той жа час нельга быць на пабягушках у скаржнікаў. На жаль, такое таксама ёсць. Кожная неаб'ектыўная скарга, якая пацягнула вялікія затраты дзяржавы, павінна кампенсавацца за кошт таго, хто спрабуе такім чынам расхістаць работу дзяржаўнага органа.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.