Вы тут

Прэзідэнт: Трэба даваць дарогу маладым, але не забываць пра вопытныя кадры


Аляксандр Лукашэнка прымае удзел у нарадзе з актывам рэгіёна ў Магілёўскім аблвыканкаме. Падставай для чарговай сустрэчы стала змена губернатара і прадстаўленне новага старшыні аблвыканкама Анатоля Ісачанкі яго падначаленым. Афіцыйнае мерапрыемства адразу пайшло незапланаваным парадкам. Кіраўнік краіны сказаў, што плануе з актывам вобласці пагаварыць «пра жыццё, пра тое, чым дыхае Магілёўшчыны». Першым слова Прэзідэнт даў начальніку Упраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці.


Ігар Паўлюшчанка адзначыў, што сітуацыя ў рэгіёне стабільная і кантралюемая. Начальнік упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі коратка далажыў аб сацыяльна-палітычнай абстаноўцы, што складваецца ў вобласці, аб рэагаванні на новыя выклікі і пагрозы бяспецы.
Сваё бачанне сітуацыі таксама агучыў начальнік абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Ігар Шчарбачэня. Паводле яго слоў, намаганні міліцыі цяпер накіраваны на спыненне дэструктыўнай дзейнасці, устанаўленне асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

«Праводзім актыўную работу, каб і ў далейшым не дапусціць тэрарыстычных праяў», — заявіў начальнік УУС.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, які раён у Магілёўскай вобласці непакоіць праваахоўнікаў найперш з пункту гледжання злачыннасці. Як адзначыў Ігар Шчарбачэня, асноўную ўвагу міліцыя надае Магілёву і Бабруйскаму раёну.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на праблему падзяжу жывёлы і нагадаў, што ставіў адпаведныя задачы ў гэтай сферы і праваахоўнікам пасля таго, як на прадпрыемствах былі выяўлены злачынныя схемы. «Я неяк сказаў, што без міліцыі мы парадку не навядзем. Калі вы не падключыцеся, не паставіце тут усіх на месца лайдакоў і злодзеяў, не гледзячы на асобы і званні, толку не будзе», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Наступнае пытанне — пра эпідэміялагічную сітуацыю на Магілёўшчыне да намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерыя Малашкі. Той расказаў, што інтэнсіўнасць захваральнасці на ковід у вобласці зніжаецца, больш непакоіць медыкаў сітуацыя з ростам сезоннага грыпу. На яго думку, сітуацыя з ковідам нармалізавалася, дзякуючы сур’ёзнай рабоце з насельніцтвам у частцы захавання мер прафілактыкі. Ды і 50 працэнтаў жыхароў рэгіёна ўжо прышчапілася першым кампанентам вакцыны.

«Трэба ісці сваім шляхам, разумеючы, што адбываецца ў свеце, узважваючы сітуацыю, у якой жыве наша краіна. Як паказаў час, своечасова ўвёўшы меры прафілактыкі, забяспечыўшы медыцынскія ўстановы неабходным абсталяваннем, навучыўшы кадры, мы гэту бітву выйгралі», — заявіў намеснік старшыні аблвыканкама.

«Так, дорага нам абышоўся гэты ковід. У тым плане, што насельніцтва запалохалі, асабліва ў першую хвалю. Цяжка ісці паасобку, калі на цябе ўсе шышкі валяцца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падрабязна распытаў гендырэктара прадпрыемства «Магілёўхімвалакно» Пятра Рудніка аб стане спраў на вытворчасці: «Магілёўхімвалакно» хутчэй жывы ці мёртвы?" «Мае работнікі гавораць: ажыў», — сказаў у адказ кіраўнік завода. Прадпрыемства значна нарасціла аб’ёмы вытворчасці, працуе рэнтабельна, атрымліваючы прыбытак.

Для далейшага развіцця патрэбна мадэрнізацыя вытворчасці, падкрэсліў Пётр Руднік. Сярод актуальных для прадпрыемства пытанняў ён таксама назваў кошт энергарэсурсаў.

Аляксандр Лукашэнка расказаў і аб інвестыцыйнай прывабнасці Магілёўскай вобласці, заўважыўшы, што ўкладваць грошы ёсць куды — Магілёўская вобласць мае дастатковы інвестыцыйны патэнцыял.

«У Магілёўскай вобласці больш за 240 перспектыўных для распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў. Сёння ўсё гэта карыстаецца вялікім попытам», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ў час прадстаўлення новага старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі падзякаваў за працу былога губернатара Леаніда Зайца. «Да яго работы ў мяне няма вялікіх прэтэнзій. Ён праявіў сябе вопытным, умелым і патрабавальным кіраўніком», — канстатаваў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт асабліва адзначыў, што заўсёды ў размовах Леанід Заяц называў Магілёўскую вобласць сваёй. І гэта азначае, што ён сапраўды ўспрымаў яе як родную.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што фарміраванне дзеяздольнага кадравага патэнцыялу — гэта першае, над чым давядзецца працаваць новаму губернатару. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што ні ў якім разе нельга секчы з пляча. «Заўсёды людзям трэба даваць шанц, — падкрэсліў ён. — Трэба даваць дарогу маладым, але не забываць пра вопытныя кадры».


Ігар Сергеенка прадставіў Анатоля Ісачанку актыву Магілёўскай вобласці

Новага кіраўніка Магілёўскага рэгіёна Аляксандр Лукашэнка прызначыў у панядзелак. Але згодна працэдуры, зацвердзіць кандыдатуру Анатоля Ісачанкі павінны і члены абласнога Савета дэпутатаў.

Акрамя дэпутатаў на сустрэчы прысутнічалі мясцовыя парламентарыі, кіраўнікі падраздзяленняў аблвыканкама, старшыні гарадскіх, раённых Саветаў дэпутатаў і райвыканкамаў, кіраўнікі прадпрыемстваў.

Прадставіў Анатоля Ісачанку актыву Магілёўшчыны кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка. Як ён адзначыў, прафесійнае сталенне Анатоля Ісачанкі, як кіраўніка, адбылося на Магілёўшчыне. Ад старэйшага інжынера калгаса ён падняўся па кар’ернай лесвіцы да старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў.

Па словах Ігара Сергеенкі, кіраўніцкі стыль, дзяржаўны падыход да справы, адказнасць і прынцыповасць Анатоля Ісачанкі сталі падставай для прызначэння яго ў 2016 годзе памочнікам Прэзідэнта па Мінскай вобласці, а пасля і кіраўніком гэтага рэгіёна. На гэтай пасадзе ён асаблівую ўвагу надаваў сацыяльна-эканамічнаму развіццю рэгіёнаў і прадпрыемстваў, сустрэчам з насельніцтвам. Пасля парламенцкіх выбараў Анатоль Ісачанка заняў пасаду намесніка Старшыні Савета Рэспублікі.

«Зыходзячы з асабістых, прафесійных якасцяў, вопыту кіраўніцкай дзейнасці было прынята рашэнне аб прызначэнні Анатоля Міхайлавіча старшынёй Магілёўскага аблвыканкама. Гэта годны выбар для Магілёўскай вобласці. Анатоль Міхайлавіч падрыхтаваны кіраўнік з сур’ёзным вопытам работы, з уважлівымі, чулымі адносінамі да турбот простых грамадзян», — сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Але асабліва Ігар Сергеенка адзначыў уменне будучага кіраўніка рэгіёна знаходзіць эфектыўныя шляхі выканання задач і браць на сябе адказнасць за прынятыя рашэнні.

Пасля кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта добрыя словы пра кандыдата гаварылі яшчэ некалькі прадстаўнікоў актыву. Але ўсе выступоўцы не забываліся падзякаваць былому старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніду Зайцу. Яго ў панядзелак Прэзідэнт прызначыў членам Савета Рэспублікі. Самым значным пацвярджэннем павагі і самаадданай працы Леаніда Зайца на сваёй пазіцыі на Магілёўшчыне сталі шматразовыя гучныя авацыі зала ў яго адрас.

Ён падчас сесіі таксама падняўся да трыбуны. Леанід Заяц адзначыў годны выбар Прэзідэнта на пасаду свайго пераемніка. І падкрэсліў, што праца з Анатолем Ісачанкам асаблівы, яскравы вопыт для кожнага супрацоўніка. Падзякаваў Леанід Заяц і за падтрымку яго на былой пасадзе.

«Гэта адрэзак майго жыцця, маёй біяграфіі — самы каштоўны і патаемны вопыт, які застанецца на ўсё маё жыццё», — сказаў Леанід Заяц.

Звярнуўся ён і да свайго пераемніка. «Анатоль Міхайлавіч, я хачу пажадаць вам, каб з гэтай камандай вы дасягнулі пераканаўчага эканамічнага росту нашага рэгіёна, нашай вобласці, матэрыяльнага дабрабыту ўсіх супрацоўнікаў, каб ніхто не сумняваўся ў правільнасці палітычнага курса нашай дзяржавы», — сказаў былы губернатар.

Выступіў перад залам і абраны адзінагалосна мясцовым Саветам дэпутатаў губернатар Анатоль Ісачанка. Ён запэўніў, што Магілёўшчына заўсёды была яму неабыякавая, і на ўсіх пасадах сачыў за падзеямі ў вобласці. Анатоль Ісачанка падзякаваў свайму папярэдніку за дасягненні Магілёўскага рэгіёна. Зала адказала гучнымі авацыямі.

«Гэтыя апладысменты лепш любых слоў кажуць пра павагу людзей да вас, Леанід Канстанцінавіч»,— заўважыў новапрызначаны губернатар.

Анатоль Ісачанка сцвярджае, што яму прыемна вярнуцца працаваць на радзіму, але гэта і накладае двайную адказнасць. Таму пажаданні ад старшыні аблвыканкама калектыву на будучую дзейнасць гучалі наступным чынам: «Нам разам з вамі добрай, плённай працы і дзякуй за падтрымку».

Марыя ДАДАЛКА

г. Магілёў

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».