Вы тут

Як супрацоўнічаюць гідраметэаслужбы Расіі і Беларусі


Разумець і прагназаваць надвор'е, ліквідаваць наступствы стыхій, павышаць устойлівасць да кліматычных змен. Гэтыя і іншыя гідраметэаралагічныя пытанні ўжо чвэрць стагоддзя сумесна вырашаюць беларускія і расійскія спецыялісты, «выбудоўваючы адзіную гідраметэаралагічную палітыку на еўрапейскай частцы кантынента», адзначылі эксперты падчас чарговага пасяджэння сумеснай калегіі Камітэта Саюзнай дзяржавы (СД) па гідраметэаралогіі і маніторынгу забруджвання прыроднага асяроддзя. Удзельнікі калегіі абмеркавалі праект канцэпцыі праграмы Саюзнай дзяржавы ў галіне гідраметэаралогіі і сумежных з ёю сферах на 2023—2027 гады.


Фота: planetabelarus.by

Сумесная работа па праграме «Развіццё сістэмы гідраметэаралагічнай бяспекі СД» на 2017—2021 гады была рэалізавана ў рамках пяці мерапрыемстваў, удзельнікі абмеркавалі дасягненні ў кожным з іх. У напрамку «Павышэнне якасці гідраметэаралагічных прагнозаў і выяўлення небяспечных гідраметэаралагічных з'яў» была створана тэхналагічная лінія для аператыўнага выкарыстання адаптаванай мадэлі COSMO-RuBy, а таксама забяспечаны рэгулярны выпуск прагнастычнай прадукцыі па мадэлі атмасферы і распрацаваны метады кароткатэрміновага і звышкароткатэрміновага прагназавання небяспечных гідраметэаз'яў.

Як паведамілі дакладчыкі, дзякуючы сумеснай рабоце апраўдвальнасць папярэджанняў аб небяспечных прыродных з'явах была даведзена да 92 %, а апраўдвальнасць сутачных прагнозаў па суб'ектах еўрапейскай часткі Расіі і абласных цэнтрах Беларусі — да 94-96 %. Атрыманыя вынікі дазваляюць павысіць якасць гідраметэаралагічнага забеспячэння і тым самым знізіць страты ў эканоміцы ад уздзеяння неспрыяльных з'яў надвор'я і небяспеку жыццядзейнасці людзей.

— Мы высока ацэньваем удзел беларускага боку і вітаем узаемадзеянне на раўнапраўнай аснове ў вырашэнні пытанняў і задач, якія мы абмяркоўваем і вырашаем сумесна на працягу многіх гадоў, — канстатаваў Ігар ШУМАКОЎ, кіраўнік Расгідрамета. — Напэўна, з ніводнай больш гідраметэаслужбай у нас няма такой паспяховай вялікай работы і супрацоўніцтва.

— Паміж нашымі службамі выбудаваны прафесійныя ўстойлівыя зносіны, напрацавана шмат станоўчага вопыту. Матэрыялы і даследаванні з абодвух бакоў узбагачаюць нашу гідраметэаралагічную сістэму, — адзначыў Баляслаў ПІРШТУК, першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.

Другі кірунак работ датычыцца распрацоўкі і ўкаранення ў тэставым рэжыме сучасных метадаў, тэхналогій і сістэм кантролю і маніторынгу тэрытарыяльнага і трансгранічнага забруджвання наваколля. Спецыялістамі распрацаваны прапановы па ўдасканаленні маніторынгу на трансгранічных участках Заходняй Дзвіны, Дняпра, Сожа, Іпуці. Як вынік, была распрацавана методыка біятэсціравання на тэст-аб'ектах з прыродных папуляцый ніжэйшых ракападобных, а аператыўнасць ацэнкі забруджвання наваколля пры трансгранічным аварыйным забруджванні даведзена да дзвюх гадзін. Праз укараненне ўдасканаленай сістэмы маніторынгу ў выпадку аварыі аператыўнасць атрымання вынікаў стану забруджвання трансгранічных рэк можна павысіць з аднаго разу на дзень (месяц) да 20 хвілін (гадзіны) у залежнасці ад настроек абсталявання.

У межах трэцяга кірунку супрацоўніцтва створаны электронна-кліматычны даведнік па сумежных тэрыторыях Расіі і Беларусі (Смаленская, Бранская, Пскоўская і Віцебская, Магілёўская, Гомельская вобласці). Колькасць адрасных карыстальнікаў кліматычнай інфармацыяй пры гэтым павялічылася на чвэрць. Таксама распрацаваны рэкамендацыі па адаптацыі сельскай гаспадаркі для еўрапейскай тэрыторыі Расіі, сумежнай з Беларуссю, адносна сцэнарыяў змянення клімату ў XXІ стагоддзі. Паводле разлікаў вучоных, выкананне рэкамендацый дазволіць павысіць узровень абароненасці галін эканомікі і грамадства ад уздзеяння небяспечных гідраметэаз'яў на 30 %.

Спецыялісты абедзвюх краін займаліся таксама доследнай эксплуатацыяй тэхналогій для выкарыстання інфармацыі з касмічных апаратаў гідраметэапрызначэння. А ў сферы гарманізацыі адзінай метадалагічнай базы СД складзены класіфікатар арганізацыйна-распарадчых, прававых дакументаў і наладжаны доступ да электроннай базы гэтых папер праз інтэрнэт.

Чарговае пасяджэнне гідраметэаслужбаў СД, як мяркуецца, адбудзецца налета ў маі-чэрвені ў расійскім Іркуцку, а наступнае — у беларускай Оршы напрыканцы 2022-га.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Прагнозы, маніторынг, наступствы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».