Вы тут

Пушча не мае столі і сцен


Казімір Камейша. Астравы на сушы. Аповесць, лірычныя запісы і мініяцюры, эсэ. Мінск, выдавецтва «Беларусь», 2021.


«Магчыма, не кожнаму густу дагаджу гэтымі сваімі згадкамі. Ды не засмучу нязгодных, калі скажу, што пісалася гэта так, як і былі рассыпаны на сушы самі астравы-хутары. А іх пад шнурок не падгоніш. Тут будзе заўсёды крыху хаатычна, крыху асіметрычна, аднак жа з прыкідам свайго жыццёвага вокамеру, з думай не толькі пра сябе, але і нашчадкаў сваіх». Такую прадмову даў да аповесці «Астравы» Казімір Камейша. Нездарма ён называе сябе «пушчанскім чалавекам» — вырас на дзедавым хутары ў Стаўбцоўскім раёне, каля Нёмна і Сулы. Аповесць — панарама беларускага жыцця, пачынаючы ад таго, як працавіты хлопец Казюк, уладкаваўшыся аканомам да пана, здолеў абзавесціся гаспадаркай, стварыць уласны лясны востраў, на якім гадаваліся пакаленні роду... Не ў апошнюю чаргу таму, што дзіўнаваты мясцовы граф Брэза праз нешчаслівае каханне разарыўся і распрадаў свае ўладанні: «Нехта бачыў, а можа, прыдумаў, як ехаў урэшце граф Брэза на худзенькім коніку праз Рубяжэвічы, пацягваў нешта гадкае з мутнай бутэлькі ды горка ўздыхаў: — Эх, бутэлечка! Такое вузенькае рыльца, а прайшло праз цябе ўсё: і лес, і поле, і доля мая... І ўсё прапала... І яго не вернеш...»

«Хутар вырастаў з лесу, хутар і сам некалі быў лесам». Магчыма, так мог выглядаць лёс сям'і з коласаўскай «Новай зямлі», калі б Міхал не памёр, а набыў усё-ткі надзел. Нават Віленскі зямельны банк, у які ездзіў дзядзька Антось з «Новай зямлі», тут таксама фігуруе... Дружная работа, патрыярхальны лад жыцця.

Але час няўмольны. Мяняюцца ўлады... Казюк і ягоная сям'я назіраюць, як у 1939-м «начамі, прыхапіўшы сёе-тое з залатога скарбу, беглі праз пушчу ашаломленыя паны і падпанкі». Потым — вайна, блакада Налібоцкай пушчы: «Усё вакол грымела, і, падагрэтае ярасным летнім сонцам, палала, як тое пекла. Карнікі з батальёна Дэрлінвангера нішчылі на сваім шляху ўсё жывое». Потым — пачатак калгасаў, што для хутаранцаў дужа балюча... Ды яшчэ страх перад бандамі «лясных братоў», ад якіх таксама давялося пацярпець. Усё зведала простая беларуская сялянская сям'я. Трагедыі, несправядлівасці, поспехі — малы ўнук Казюка, у якім пазнаецца аўтар, стаў пісьменнікам і вяртаецца ў любыя сэрцу мясціны. «Дзе хаты? Дзе людзі? Дзе дрэвы, дарогі і сцяжыны, па якіх яны хадзілі і ездзілі? Няма. Усё знікла і растала ў сумнай смузе часу».

У кнігу таксама ўвайшлі мініяцюры з цікавага цыкла «Паміж кубкам і вуснамі», а таксама эсэ пра вядомых літаратараў, з якімі сутыкаў аўтара лёс.

Джэром Сэлінджэр. Столь падымайце, цесляры. Сімар. Уводны курс. Выдавецтва «ЭКСМО», Масква, 2021.

Пра Сэлінджэра, які, дасягнуўшы славы, схаваўся ад свету ў бункеры, ходзіць шмат чутак... А вядомы ён найперш як аўтар культавага рамана «Лавец у жыце». Але раман гэты — адна з дзевяці частак цыкла пра сям'ю Гласаў. Падзеі аповесцяў «Столь падымайце, цесляры» (у іншым перакладзе гэта гучыць як «Вышэй кроквы, цесляры») і «Сімар» — адбываюцца раней, чым у згаданым рамане. Сёння зноў надзвычай папулярны вобраз генія-сацыяпата з высакароднай самотнай душой, якога катэгарычна не разумее асяроддзе прафанаў. Гласы — менавіта такія... Сямёра дзяцей сям'і комікаў калісьці ўдзельнічалі ў радыёшоу для вундэркіндаў, іх любіла ўся Амерыка — і ненавідзела, бо надта разумныя. Вундэркінды падраслі, і цяпер адзін з іх, Бадзі Глас, едзе з арміі на вяселле свайго брата Сімара. Сімар, паэт і філосаф, закахаўся ў дзяўчыну з простага мяшчанскага кола. «Яна спрабавала навучыць мяне ўсміхацца і расцягвала мне вусны пальцамі». Для гэтага асяроддзя ён — неўраўнаважаны дзівак, якога трэба адправіць да псіхааналітыка. Ім не растлумачыш, чаму сястра Сімара напісала змылкам на люстэрку ў ваннай словы, якія сталі назвай аповесці. А гэта — пачатак верша антычнай паэткі Сапфо, эпіталама: «Вышэй столь, цесляры! Уваходзіць жаніх, падобны Арэю, вышэй усіх высокіх мужоў». Сваякам нявесты ўвогуле бескарысна што-небудзь тлумачыць, паколькі жаніх спазніўся на вяселле, і пра яго цяпер толькі менцяць злыя языкі.... А Бадзі змушаны гэта выслухоўваць, бо апынуўся з імі ў адной машыне, ды яшчэ давялося запрашаць грамаду дахаты.

Два светы супастаўляюцца і супрацьпастаўляюцца... Паміж імі прорва, якую можа запоўніць толькі духоўная праца, якая звонку выглядае марнаваннем часу. «Перш за ўсё, існуе адна даволі жудасная рыса, уласцівая ўсім богашукальнікам — яны часам шукаюць Творцу ў самых неўяўляльных і непадыходзячых месцах: напрыклад, у радыёрэкламе, у газетах, у сапсаваным лічыльніку таксі — словам, літаральна абы-дзе, але як быццам заўсёды з найлепшым поспехам».

Не магу сказаць, што ўсім будзе даспадобы твор, насычаны алюзіямі, з прысмакам дзэн-будызму і псіхадэлікі... Але кімсьці застанецца запатрабаваны заўсёды.

Выданні для агляду прадстаўленыя кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр-т Незалежнасці, 72

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.