Вы тут

Дзе і як зарабляюць беларускія падлеткі


Сцёпу ў доме ведалі ўсе — яму лёгка даваліся матэматыка і гісторыя. Але галоўнае — ён умеў растлумачыць складаныя рэчы простай мовай. Гэтую асаблівасць заўважыла яго мама Ала, калі ён дапамагаў свайму малодшаму брату з урокамі. А аднойчы за кубачкам гарбаты суседка расказала маме Але, што яе дачцэ ніяк не даецца матэматыка.

Вось так, за кухонным сталом, было вырашана прыслаць на дапамогу дванаццацігадовага Сцёпу. Гэта можна было назваць першым працоўным месцам юнака, бо, як толькі адзнакі па матэматыцы ў дзяўчынкі ішлі ўверх, яму ў якасці падзякі давалі пяць рублёў. Неўзабаве пра Сцёпу даведаліся і іншыя суседзі. Так хлопчык за тыдзень мог зарабіць ужо дваццаць рублёў і часам нават купляў дадому прадукты, не беручы на гэта грошы ў маці.


Насамрэч у нашай краіне пачаць афіцыйна працаваць дазволена толькі падлеткам, якім ужо ёсць 14 гадоў, і тое толькі з пісьмовага дазволу бацькоў. Яны не могуць працаваць столькі ж, колькі і дарослыя. Для падлеткаў устаноўлена скарочаная працягласць працоўнага часу. Напрыклад, ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў — не больш за 23 гадзіны ў тыдзень, а з 16 да 18 гадоў — не больш за 35 гадзін у тыдзень.

Працягласць штодзённай змены непаўналетніх падчас канікул і вучэбнага года таксама адрозніваецца. На канікулах дзеці ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў могуць працаваць не больш за 4 гадзіны і 36 хвілін, а вось ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў — 7 гадзін. Падчас вучэбнага года дзеці ва ўзросце ад 14 гадоў могуць працаваць увогуле не больш за 2 гадзіны 18 хвілін, а ўжо з 16 гадоў — не больш за 3 гадзіны 30 хвілін.

Ці лёгка яе знайсці

На пошукі працы для двух падлеткаў 14 і 17 гадоў я накіравалася на Берасцянскую, 20 у Мінску, у аддзел абслугоўвання грамадзян Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінгарвыканкама. Выклаўшы сваю просьбу, атрымала ўнушальны спіс работадаўцаў. Патэлефанаваўшы 10 наймальнікам, якім патрабаваліся працаўнікі, даведалася, што насамрэч не ўсе яны гатовыя браць падлеткаў у штат. Але былі і работадаўцы, гатовыя запрасіць падлеткаў на сумоўе. Так, у ТАА «Чыстыя крыніцы» (гандлёвая сетка «Суседзі») спецыяліст па найме расказаў, што ў іх працуе шмат непаўналетніх, але толькі з 16 гадоў. Непаўналетнім прапануюць пасаду накшталт «памочнік прадаўца». Плацяць ад 4 рублёў да 4,60 за гадзіну. Але прапанавалі крыху пачакаць і ператэлефанаваць праз пару месяцаў: маўляў, тады можа вызваліцца вакансія.

Датэлефанавалася і ў ЗАТ «Інтэрнэт-крама Еўраопт». Там для маладых людзей прапануюць работу кур'ерам па дастаўцы прадуктаў харчавання. Аплата здзельная: за гадзіну плацяць 1,50 рубля і дадаюць тры рублі за дастаўлены заказ. Аплата робіцца штотыднёва па выніках дастаўленых заказаў. Умовы няпростыя: сумка з заказам можа важыць да 15 кг. Можна выкарыстоўваць ровары або самакаты, пра якія клапоціцца работадавец. Найлепшыя ўмовы, на мой погляд, прапанавалі ў «Макдональдсе», дзе аказалася пару свабодных вакансій для непаўналетніх. Пасада «работнік рэстарана» мае на ўвазе камплектацыю заказу для гасцей. Аплата за такую працу — 5 рублёў 40 капеек у гадзіну плюс 77 капеек — даплата для непаўналетніх. Акрамя таго, змена ў падлеткаў будзе заканчвацца не пазней за 21:30.

Аказалася, знайсці працу і афіцыйна ўладкавацца зімой магчыма толькі падлеткам, старэйшым за 16 гадоў. Для дзяцей з 14 да 16 гадоў вакансіі знайсці не ўдалося.

Мне параілі звярнуцца з гэтым пытаннем у школу, бо звычайна такіх «маладзенькіх» набіраюць у спецыяльныя працоўныя брыгады пры гэтай навучальнай установе і толькі з дазволу бацькоў.

— Калі казаць пра другасную занятасць для падлеткаў з 14 гадоў, то звычайна дзяцей не задзейнічаюць у зімовы перыяд, — кажа дырэктар сярэдняй школы № 67 горада Мінска Таццяна КАВАЛЕНЯ. — Праца часцей звязана з дапамогай па добраўпарадкаванні тэрыторыі, і таму школьнікі працуюць з красавіка да кастрычніка. Калі дажджліва, тады нашы маладыя працаўнікі робяць нешта ў памяшканні. З дзецьмі ўсё гэтак жа сур'ёзна, як і з дарослымі. З імі праводзяцца інструктажы, яны, як і дарослыя, атрымліваюць разліковыя лісткі, мы ім заводзім працоўныя кніжкі.

Увесну ў школах звычайна праводзяць апытанне і такім чынам выяўляюць дзяцей, якія хацелі б падзарабіць. Набіраюць у брыгаду, якая працуе на базе школы, а таксама ў атрады ад БРСМ, праўда, апошнія працуюць на іншых аб'ектах, а не ў школе.

Дарэчы, ахвотных падпрацаваць даволі шмат. Так, увесну і ўвосень у гэтай школе працавала брыгада з дзесяці падлеткаў. Дырэктар пераканана, што праца ў гэтым узросце вельмі карысная для моладзі, да таго ж, падлеткі могуць зарабіць нядрэнныя грошы. Так, сёлета у сярэднім заробак школьнікаў складаў ад 100 да 200 рублёў у месяц.

Цана незалежнасці

Калі Аляксандры было 15 гадоў, яна вельмі хацела знайсці працу. Праз інтэрнэт шукала аб'явы аб вакансіях і тэлефанавала. У адказ чула пажаданне добра вучыцца і падрасці. Дзяўчына амаль зусім страціла надзею, але аднойчы сяброўка расказала ёй аб нейкай «таямнічай кавярні», дзе бяруць на падпрацоўку нават 15-гадовых, але неафіцыйна. Звычайна за дзень там можна было зарабіць да 30 рублёў. Сяброўка Аляксандры сама там перыядычна падзарабляла, так што месца здавалася надзейным. Праца аказалася нерэгулярная: моладзь бралі, толькі калі ў кавярні намячаўся банкет. Сяброўка паабяцала патэлефанаваць у такі дзень. Гэта адбылося неўзабаве. Аляксандра паехала на працу ў 16:00. Там перад банкетам яна націрала посуд да бляску, а падчас банкета збірала са сталоў брудны посуд і прыносіла чысты. Пасля мерапрыемства падлеткі засталіся прыбіраць. Дадому Аляксандра вярнулася каля 12 ночы з трыццаццю рублямі ў кішэні.

— Я тады была вельмі шчаслівая, — успамінае Аляксандра. — Здавалася, што цяпер маё жыццё будзе іншым, больш не трэба клянчыць у мамы на паход у кіно, я спакойна магу зайсці ў кафэ і купіць сабе каву.

Аляксандра за дзень патраціла ўсе грошы і з нецярпеннем чакала наступнага запрашэння папрацаваць.

Неўзабаве на працы здарылася надзвычайнае: дзяўчына выпусціла з рук бакал, ён разбіўся. Яна не раз бачыла, як адміністратар сварыцца на падлеткаў, але спадзявалася гэтага пазбегнуць. Не выйшла. Дзяўчына памятае, як стала спешна збіраць асколкі ў рукі і парэзалася. У секунды каля яе аказалася адміністратар і злосна загадала сысці з залы. Потым былі і крыкі, і абразы. Але Аляксандра ўсё сцярпела.

— Гэта адчуванне бездапаможнасці і нейкага страху проста не забыць, — успамінае дзяўчына. — Мама тады мяне суцяшала, казала, што такое здараецца з усімі, і прасіла не хадзіць на гэтую працу. Але мне хацелася самастойнасці.

Цяпер Аляксандры 17 і яна працуе ў адной са сталічных кавярань памочнікам барыста. У яе абавязкі ўваходзіць прыносіць гасцям заказ, прыбіраць, ведаць склад страў, якія падаюць гасцям. За працу дзяўчыне плацяць 5 рублёў за гадзіну і разлічваюцца штодня. Ніякіх штрафаў і крыкаў, усе ставяцца адзін да аднаго з павагай. Працуе Аляксандра ў дзень не больш за 6—7 гадзін — за гэтым строга сочыць работадаўца.

16-гадовы Дзіма ўладкаваўся на працу ў адзін з рэстаранаў хуткага харчавання. Дома ў яго не ладзіліся адносіны з бацькамі, таму хлопцу хацелася менш з імі сутыкацца.

— Я працую ўжо паўгода, і калі шчыра, то мне не вельмі падабаецца, — гаворыць малады чалавек. — Я ад прыроды вельмі кампанейскі, а мяне ставяць паніраваць курыцу... у адзіноце. Уяўляеце, 7 гадзін свярліць вачыма сцяну, паніраваць курыцу і ні з кім не размаўляць?

Плацяць за гэтую працу 3 рублі 90 капеек за гадзіну. У месяц хлопцу аднойчы ўдалося зарабіць 450 рублёў. Сам Дзіма не лічыць гэты заробак вялікім — ён платна вучыцца ў каледжы і ведае цану грашам. Упэўнены, што не можа дазволіць сабе не працаваць.

— Ведаеце, ёсць у працы і плюсы, — прызнаецца Дзіма. — Калі яшчэ не працаваў, то ўвесь час перажываў з-за любой дробязі, а зараз не... Пасталеў. Няма сіл на глупства! З вучобы на працу, з працы дадому — вучыцца. Так вось і жыву.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Першае працоўнае

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.