Вы тут

Вясёлае чарадзейства для дарослых і малых


Чарадзейныя сядзібы з сярэдзіны снежня адчыняць дзверы ў казку як мінімум у 13 раёнах Гродзенскай вобласці. Гасцей будуць прывячаць і весяліць Бераст-Зюзя, Баба Завіруха, Снежная каралева і іншыя персанажы. Розныя па тэматыцы і гульнях, але аднолькава вясёлыя і поўныя нечаканых сюрпрызаў і падарункаў святочныя мерапрыемствы парадуюць дзятву ўва многіх мястэчках.


Адзінаццаты святочны сезон распачнецца, напрыклад, у вёсцы Залейкі Іўеўскага раёна ў сядзібе Дзеда Зімніка і Бабы Завірухі. Госці адправяцца ў зімні лес, завітаюць да Чырвонай Шапачкі і Лісы-кумы, адшукаюць хованку Лесуна... А яшчэ ім прыйдзецца прайсці праз выпрабаванні ад Снегавіка і Кашчэя Бессмяротнага. У самой жа сядзібе падарожнікаў чакае інтэрактыўны спектакль пад адкрытым небам «Залейкаўскае каралеўства, або Прыгоды Снягуркі» ў пастаноўцы народнага тэатра «Зялёны фургон».

А ў Бераставіцкім раёне за два тыдні да Новага года запрацуе ўпадабаная многімі рэзідэнцыя Бераст-Зюзі і Пані Завірухі. Каб сустрэцца з казачнымі гаспадарамі, наведвальнікам прыйдзецца пераадолець мноства перашкод і прайсці квэст.

Анімацыйная праграма «Сакрэтная служба Дзеда Мароза, або Аперацыя «З Новым годам!» пачнецца з 17 снежня ў рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў Карэліцкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Арганізатары папярэджваюць, што ахвотным паўдзельнічаць у пераднавагодняй прыгодніцкай гісторыі і фота-флэшмобе трэба папярэдне запісацца на святкаванне. А ў Мірскім замку 18 снежня пад пушачныя стрэлы і танец «Маразуля» апоўдні запаляць навагоднюю ёлку, распачаўшы чарговы калядны сезон.

Між тым, святочны фэст ужо распачаўся на Навагрудчыне, на беразе возера Свіцязь у сядзібе Дзеда Мароза і Снягуркі ў эколага-інфармацыйным цэнтры «У гасцях у 12 месяцаў». Першыя наведвальнікі адразу трапілі ў дэтэктыўную гісторыю. Разам з Лесуном яны адправіліся на пошукі тых, хто абрабаваў гаспадароў сядзібы... Прайшоўшы ўсе перашкоды, малыя сустрэліся з Дзедам Марозам і Снягуркай і пачаставаліся прысмакамі. У навагрудскай рэзідэнцыі гасцям прапануюць таксама падарожжа ў краіну Майстарград — на майстар-клас па вырабе навагодніх сувеніраў, а Любчанская ключніца з радасцю падзеліцца сакрэтамі Любчанскага замка і пачастуе арыгінальнымі ласункамі.

У Ашмянскім раёне запрацуюць адразу дзве рэзідэнцыі: у дзіцячым лагеры «Дружба» і ў Гальшанскім замку. Каля сцен апошняга госці трапяць у эпоху Сярэднявечча, будуць разгадваць навагодні квэст, катацца ў карэце і частавацца знакамітымі гальшанскімі пернікамі. Казачныя сядзібы адкрыюцца і ў іншых раёнах Гродзеншчыны. А ў абласным цэнтры рэзідэнцыя пачне работу сёння, 16 снежня, у цэнтры рамёстваў «Спадчына».

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.