Вы тут

Аркуш жаданняў


У адзін з вечароў, калі ўсё навокал зіхацела ад снегу, мы з маім трохгадовым сынам Арцеміем нарэшце селі пісаць пісьмо Дзеду Марозу. І калі ў папярэднія гады Цёмік яшчэ мала разумеў, адкуль на працягу навагодніх і калядных свят пад ёлкай з'яўляюцца падарункі, то сёлета ён добра ведае, хто спонсар яго жаданняў.


У свой час у Дзеда Мароза я верыла даволі доўга. Таксама пісала пісьмы або агучвала свае жаданні бацькам, якія, як я тады была ўпэўнена, абавязкова сустрэнуцца з Дзедам і перададуць яму маю просьбу. Праўда, жаданні ў нас, дзяцей 1990-х, былі куды больш сціплыя. Я, шчыра кажучы, не памятаю, каб прасіла ў Дзеда Мароза больш чым адзін падарунак. Гэта была то нейкая цацка, то рэч, то часопіс з наклейкамі, аднойчы наборчык моднай тады дзіцячай касметыкі «Маленькая фея» пажадала... А потым, перад самым Новым годам, знайшла яго на верхняй паліцы ў секцыі (хто, прызнайцеся, не шукаў падарункі сярод рэчаў бацькоў?). Аднак гэта ніколькі не падарвала маю веру ў Дзеда Мароза — значыць, думала я, прынёс загадзя, бацькі проста потым пакладуць пад ёлку.

Сучасныя ж дзеці адным падарункам не абмяжоўваюцца. Цёмік, напрыклад, у сваім лісце намаляваў (не без маёй дапамогі, вядома) і экскаватар, і эвакуатар, і грузавік, і пажарную машыну. Акрамя таго, у гэтым аркушы жаданняў з'явілася кніга казак (чытаць мы перад сном любім, таму ўсе казкі як у сваёй, так і ў бацькоўскай хаце ўжо перачыталі) і пакунак цукерак, які, па словах Арцемія, ён заказвае ў Дзеда Мароза выключна для мяне, бо яго перш-наперш цікавяць машыны. Іх, вядома, у малога поўна: тры кватэры (свая і абедзве бабуль-дзядуль застаўлены — і не маленькімі мадэльнымі, а цацачнымі вялікагрузамі). Пажарныя сярод іх таксама ёсць, але ж — аргумент малога — яны не ў Мінску! «Дык іх жа можна прывезці», — паспрабавала я выкрасліць адну машыну са спіса. «А на вёсцы, а ў бабулі Аліны я з чым буду гуляць?» — папракнуў недальнабачную матулю Арцёмка.

Адным словам, паправак у ліст Дзеду Марозу ўнесці не атрымалася. У такім выглядзе і паклалі на падаконнік: ноччу яго павінен быў забраць той самы персанаж (добра, што раніцай я аб гэтым своечасова ўспомніла). Перад гэтым аркуш з жаданнямі сфатаграфавала і адправіла мужу: маўляў, рыхтуй кашалёк, Дзед Мароз!

Цацкі, асабліва вялікіх памераў, як любіць сын, цяпер каштуюць нямала грошай. Таму, калі выканаць усе жаданні малога, неабходна сур'ёзна патраціцца. Добра, што ў нас Дзед Мароз калектыўны: мы з мужам, мае бацькі і свякроў, якія, каб не тлуміць сабе галаву падарункамі, кожны год прапаноўваюць падарыць малому тое, што ён хоча. Таму гэтым разам копію аркуша з жаданнямі атрымаюць яшчэ і яны, а там застанецца вызначыцца, хто і што купіць, а пасля пакладзе пад ёлачку.

У маім дзяцінстве бабулі і дзядулі, хоць былі яны ў мяне надзвычай добрыя і ўважлівыя, на Новы год падарункаў не дарылі — не было нават такой моды. Максімум пачастуюць цукеркамі, шакаладам, іншай смакатой. Ды і хросныя бацькі дарылі падарункі толькі на Вялікдзень, а калі пашанцуе — яшчэ і на дзень нараджэння. Цяперашнія ж — зноў жа мода — клапоцяцца і аб тым, што падарыць сваім хрэснікам яшчэ і на Новы год. Летась, нягледзячы на тое, што жылі мы, а адпаведна і святкавалі Новы год ды Каляды, у вёсцы, навагоднія падарункі Цёмік усё роўна атрымаў. Хросная маці даслала вялікі пакунак з машынамі і цукеркамі па пошце. Колькі радасці было ў малога, калі мы яго забіралі! І цяпер перад вачыма: дзед, мой бацька, вязе Арцемія на санках, а той, у сваю чаргу, моцна трымае навагодні падарунак ад хроснай. Хросны ж бацька пра малога таксама паклапаціўся: набор з усё тымі ж машынамі ды цукеркамі, а яшчэ цацачным сімвалам мінулага года — Бычком, перадаў праз сваю маці, якая жыве побач з маёй свякроўкай.

Распесцілі мы сваіх дзяцей! Я ў сваім дзяцінстве на Новы год ды Каляды падарункаў ад хросных нават не чакала. Праўда, адзін год усё ж такі быў выключэннем, калі да нас на свята прыехала мая родная цётка, па сумяшчальніцтве хросная маці. У навагоднюю ноч, пакуль я выходзіла з пакоя, дзе было застолле, яна ўмудрылася па чарзе пакласці пад лясную прыгажуню некалькі мяккіх цацак. Тады я, вядома, думала, што гэта справа рук Дзеда Мароза ці Снягуркі, і вельмі здзіўлялася, што, як ніколі, яны адорваюць мяне. Гэта сёння я добра ведаю, што пра мой настрой клапацілася цётка Алена.

Для сучасных дзяцей, як і для нас у свой час, у большасці сваёй усё роўна, хто спонсар іх жаданняў. Вядома, яны пакуль вераць у Дзеда Мароза. Няхай гэта будзе як мага даўжэй! А таму рэпутацыя казачнага персанажа павінна быць самая высокая, што азначае толькі адно: усе падарункі, якія значацца ў аркушы жаданняў, разам ці па чарзе абавязкова павінны з'явіцца пад ёлачкай, як бы моцна гэта ні ўдарыла па кашальку.

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».