Вы тут

Сотні «звяздоўскіх» кніг атрымаюць дзеці падчас навагодніх свят


Вось і надышоў час навагодняга настрою: у паветры ўжо лунае прыемны водар свята, у вокнах офісаў і ў вітрынах крам з'яўляюцца ёлачкі-прыгажуні, вуліцы гарадоў запаўняюць гандлёвыя палаткі з мішурой і ёлачнымі цацкамі. Людзі паглыбляюцца ў прыемную пераднавагоднюю мітусню.


Маленькія жыхары яркага рознакаляровага будынка, які размясціўся на ўзгорыстай і лясістай мясцовасці гарадскога пасёлка Івянец, чакалі сваіх першых святочных гасцей. Днямі Беларуская ўніверсальная таварная біржа сумесна з выдавецкім домам «Звязда» адкрылі сезон навагодніх цудаў у Івянецкім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Так прадстаўнікі арганізацый далучыліся да традыцыйнай рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці», якая сёлета праходзіць з 14 снежня да 14 студзеня.

Новыя сябры прывезлі выхаванцам дома-інтэрната дзесяць каробак ярка ілюстраваных кніг з казкамі, апавяданнямі, аповесцямі, напісанымі беларускімі пісьменнікамі.

— У нашай установе ёсць бібліятэка, і, натуральна, для нас вельмі важна папаўняць яе фонд кніжнымі навінкамі, — кажа дырэктар дома-інтэрната Алена Петрашкевіч. — У нас многія дзеці любяць кнігі, адны чытаюць, іншыя — разглядаюць яркія карцінкі. Добра, што новыя выданні поўныя такога задавальнення!

У бібліятэцы для дзяцей часта ладзяць тэматычныя мерапрыемствы, каб прыцягнуць увагу малых да кнігі. Таму і не дзіўна, што менавіта тут у некаторых дзяцей развіваецца паэтычны талент. Дзяўчынка Аксана рашылася нават пачытаць гасцям адзін са сваіх вершаў, які прысвяціла маме. Напісаны верш на роднай беларускай мове.

У доме-інтэрнаце дарослыя арганізавалі і своеасаблівы буккросінг. Недалёка ад бібліятэкі, якая працуе ў пэўны час, размешчаны стэлаж з кнігамі, асартымент якіх мяняюць раз на два тыдні. Кнігі знаходзяцца ў вольным доступе ў любы час, пры жаданні можна ўзяць любую з сабой, каб пачытаць.

Аліса таксама любіць чытаць, і нават падчас урока ў яе, апроч падручнікаў, можна ўбачыць на стале мастацкія кнігі. Гэтым разам госці адзначылі, што дзяўчынка захопленая чытаннем аповесці «Прыгоды Алісы» Кіра Булычова.

А вось Дар'я з дзявятага класа адзначана спецыяльнай зоркай. Гэтую «залатую зорачку» атрымліваюць за любоў да чытання. Дар'я, прачытаўшы чарговую аповесць, адзначае гэта ў спецыяльным сшытку, які называецца «Чытацкая скарбонка». У канцы кожнай чвэрці выхавальнік падводзіць вынікі і вызначае пераможцу — хлопцаў і дзяўчат, якія прачыталі кніг больш за іншых.

Трэцякласнік Ян не стаў расказваць гасцям пра кнігі. У яго была іншая цудоўная навіна — Ян упершыню ў жыцці ўбачыўся са сваёй роднай мамай. Малы ездзіў да яе ў Слуцк і яны разам гулялі, шмат размаўлялі. Гэтая сустрэча адбылася дзякуючы карпатлівай рабоце сацыяльнага педагога і псіхолага. Цяпер хлопчык ведае, што можа патэлефанаваць сваёй матулі і хоць бы проста з ёй пагаварыць. І гэта, лічыць ён, самы сапраўдны навагодні цуд.

Пяцікласнік Мацвей — часты наведвальнік школьнай бібліятэкі. Праўда, ходзіць ён туды не па кнігі, а да любімага бібліятэкара. Мацвей — галоўны памочнік супрацоўніцы школьнага «храма». Днямі хлопчык разам з ёй упрыгожваў бібліятэку да Новага года, нават зрабілі ёлку з кніг.

— Нашы дзеці вельмі творчыя і чулыя, — кажа дырэктар дома-інтэрната. — Для іх вельмі важна адчуваць цяпло і ўвагу з боку дарослых, яны такім чынам усведамляюць, што патрэбныя. Гэта надае сіл тварыць і расці над сабой.

У майстэрнях установы выхаванцы раскрываюць свае таленты. Хтосьці вучыцца шыць у швейнай майстэрні, нехта — працаваць з дрэвам у сталярнай майстэрні, а некаторыя авалодваюць мастацтвам стварэння вырабаў з гліны ў ганчарнай майстэрні. Дарэчы, ў апошняй госці атрымалі памятныя падарункі ад жыхароў гэтага цёплага дома — прыгожыя фігуркі чарапашак і соў.

— Хто хоць бы раз зрабіў добрую справу, паўдзельнічаў у дабрачынных акцыях і ўбачыў вочы дзяцей, поўныя хвалявання, шчасця, падзякі і надзеі, той адчуў неверагодную і ні з чым не параўнальную радасць. Сёння нам пашчасціла зведаць гэтае пачуццё дзякуючы нашым новым маленькім сябрам, — адзначыў намеснік дырэктара выдавецкага дома «Звязда» Уладзімір Мосін.

Падчас урачыстай цырымоніі перадачы сертыфіката на падораныя кнігі дзеці з вялікай цікавасцю разглядалі не толькі атрыманыя падарункі, але і гасцей. Выхаванцы дома-інтэрната шчыра ўсміхаліся і з задавальненнем фатаграфаваліся на памяць са сваімі новымі сябрамі. У гэтай прыемнай мітусні таксама адчувалася чараўніцтва, якога з нецярпеннем чакаюць падчас свят і дарослыя, і дзеці.

— Ужо не першы год напярэдадні Новага года і Каляд па ўсёй краіне праходзіць традыцыйная святочная акцыя «Нашы дзеці», — сказаў старшыня праўлення ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» Аляксандр Асмалоўскі. — Гэта ўнікальны праект, своеасаблівы марафон дабрыні, які нагадвае нам пра простыя чалавечыя каштоўнасці. Такія як любоў, клопат, добрасардэчнасць. Сёння як ніколі ўсё гэта вельмі важна. Наша арганізацыя актыўна ўдзельнічае ў згаданым праекце. Івянецкі дом-
інтэрнат для дзяцей-інвалідаў — першы прыпынак на дыстанцыі дабра. Наперадзе нас чакаюць сустрэчы з выхаванцамі Панямуньскага дзіцячага дома, SOS — Дзіцячай вёскі ў Мар'інай горцы і Мсціслаўскай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Усе атрымаюць у падарунак займальныя і карысныя кнігі, якія, вельмі спадзяёмся, будуць прыносіць ім радасць на працягу многіх гадоў.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Радасць, якая заўсёды з табой...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».