Вы тут

Будучыня беларускай школы


«Канцэпцыя развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года прадугледжвае пашырэнне варыятыўнасці зместу агульнай сярэдняй адукацыі», — пра гэта падчас спецпраекта ў БелТА паведаміла дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі (НІА), кандыдат педагагічных навук Валянціна ГІНЧУК.


Незалежны экзамен

У прыватнасці, вучонымі-педагогамі распрацоўваецца новая структура тыпавога вучэбнага плана агульнай сярэдняй адукацыі, які прадугледжвае выдзяленне абавязковых для вывучэння прадметаў і прадметаў, якія вывучаюцца па выбары навучэнцаў.

— Важнай умовай дасягнення высокай якасці адукацыі з'яўляецца эфектыўная сістэма яе ацэнкі, — падкрэсліла Валянціна Гінчук. — Мы будзем удасканальваць нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, механізмы і формы маніторынгавых даследаванняў якасці адукацыі, рэспубліканскіх кантрольных работ па вучэбных прадметах. Добрым стымулам для ўдасканалення сістэмы ацэнкі якасці адукацыі стаў удзел Беларусі ў міжнароднай праграме па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў PІSA-2018. Вынікі, якія прадэманстравалі беларускія падлеткі, былі прааналізаваны і на падставе аналізу распрацаваны рэкамендацыі для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Яны размешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале, апублікаваны ў выглядзе брашур, накіраваны ва ўстановы адукацыі і павінны стаць падмуркам для ўдасканалення адукацыйнага працэсу. Чакаецца, што ў 2022 годзе Беларусь возьме ўдзел у міжнароднай праграме ацэнкі якасці адукацыі PІSA ўжо другі раз.

Яшчэ адзін напрамак удасканалення арганізацыі сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі — увядзенне незалежнай атэстацыі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Праект Кодэкса аб адукацыі прадугледжвае, што выніковыя іспыты па завяршэнні навучання і выхавання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, гэта значыць у 11-м класе, па асобных вучэбных прадметах могуць праводзіцца ў выглядзе цэнтралізаванага экзамену. «Яго вынікі будуць залічвацца пры прыёме абітурыентаў для атрымання адукацыі на іншых узроўнях асноўнай адукацыі, — адзначыла дырэктар НІА. — Змест і навукова-метадычнае забеспячэнне агульнай сярэдняй адукацыі будзе ўдасканальвацца ў напрамку фарміравання функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў, што адпавядае патрабаванням грамадства, якое дынамічна развіваецца. З гэтым звязаны навуковыя даследаванні, якія праводзяцца цяпер у Нацыянальным інстытуце адукацыі».

Педагог новай фармацыі

Пра змены ў сістэме прафесійнай падрыхтоўкі педагогаў, якія дыктуюцца часам і знайшлі адлюстраванне ў Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года, расказала прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктар педагагічных навук, прафесар Ганна ТОРХАВА:

— Хацелася б выдзеліць чатыры аспекты ўдасканалення педагагічнай адукацыі: яны датычацца адукацыйнай, навуковай дзейнасці, узаемасувязі з заказчыкамі кадраў і сацыяльнага партнёрства. Удасканаленне адукацыйнай дзейнасці прадугледжвае абнаўленне зместу і арганізацыю адукацыйнага працэсу на аснове прафесійных стандартаў.

Так, у будучых педагогаў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі (пакаленне 3+) павінны развівацца наступныя кампетэнцыі: здольнасць забяспечыць выхаванне асобы з гуманістычным светапоглядам, крытычным, сацыяльна і экалагічна арыентаваным мысленнем, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, нацыянальнай самасвядомасцю ва ўмовах адкрытага культурна-адукацыйнага асяроддзя; гатоўнасць да культурна-маральнага выхавання дзяцей, арганізацыі сацыяльна значных ініцыятыў навучэнцаў з апорай на найлепшыя традыцыі калектыўнага выхавання, уменне фарміраваць у іх устаноўку на здаровы спосаб жыцця, ажыццяўляць прафілактыку шкодных звычак, агрэсіі; валоданне навыкамі работы ў лічбавым адукацыйным асяроддзі; гатоўнасць да работы ва ўмовах інклюзіі і бесперапыннага асобаснага прафесійнага самаразвіцця.

Сацыяльна-эканамічная сітуацыя, якая дынамічна змяняецца, абумоўлівае неабходнасць падрыхтоўкі педагога новай фармацыі як драйвера ўстойлівага развіцця грамадства. Арыентацыя на падрыхтоўку такога педагога дасць магчымасць значна паскорыць пераход да новай парадыгмы адукацыі, галоўнымі адметнымі рысамі якой будуць вучэнне замест навучання, развіццё здольнасцяў самім набываць веды, творча іх перапрацоўваць, у тым ліку з выкарыстаннем інфармацыйных рэсурсаў. Неабходна развіць здольнасць думаць крэатыўна, ствараць новае, сфарміраваць функцыянальную адукаванасць у сучасным разуменні.

Арыенціры для педагагічнай навукі

Ганна Торхава падкрэсліла, што навукова-даследчая і навукова-метадычная работа ў галіне адукацыі ў найбліжэйшыя гады павінна быць арыентавана на правядзенне фундаментальных і прыкладных міждысцыплінарных даследаванняў, вынікі якіх павінны стаць асновай абнаўлення зместу, формаў, метадаў, тэхналогій, навукова-метадычнага забеспячэння сістэмы адукацыі на ўсіх узроўнях.

«У БДПУ распрацавана праблемнае поле прыярытэтных псіхолага-педагагічных даследаванняў на сярэднетэрміновую перспектыву, якія з'яўляюцца арыенцірам для вызначэння тэматыкі магістарскіх, кандыдацкіх, доктарскіх дысертацый па педагагічных навуках. Гэта поле пастаянна актуалізуецца з улікам новых выклікаў і тэндэнцый у адукацыі. Сёння існуе сур'ёзная праблема адтоку маладых вучоных з педагагічнай навукі, таму развіццё навукова-педагагічных школ і павелічэнне іх колькасці разглядаецца як залог забеспячэння пераемнасці пакаленняў у адукацыйнай і навуковай дзейнасці», — падкрэсліла прарэктар БДПУ.

Адносна ўзаемадзеяння з заказчыкамі кадраў важна, па-першае, пашырэнне ўдзелу работадаўцаў у падрыхтоўцы педагагічных кадраў, запатрабаваных сучасным рынкам працы. Па-другое, удасканаленне адукацыйнай практыкі за кошт трансферу актуальных дасягненняў псіхолага-педагагічнай навукі і сусветнага вопыту ў сферы адукацыі. Асабліва важны ўдзел работадаўцаў у прадастаўленні баз для навучальных заняткаў, вытворчай практыкі студэнтаў, кіраванні іх дзейнасцю, у тым ліку выкананні курсавых, дыпломных работ і магістарскіх дысертацый па заказах.

Ганна Торхава канстатавала, што без шырокага ўдзелу сеткі сацыяльных партнёраў немагчымае стварэнне развіццёвага адукацыйнага асяроддзя, развіццё асобы студэнта і будучага педагога. «Мы бачым рэалізацыю сацыяльнага партнёрства праз асобасна-прафесійнае развіццё будучых педагогаў не толькі ва ўмовах фармальнай прафесійнай адукацыі, але і сродкамі нефармальнай адукацыі, забеспячэння прафесійнай мабільнасці і гатоўнасці самаўдасканальвацца і развівацца на працягу ўсяго жыцця, праз уключэнне будучых педагогаў у валанцёрскую і адукацыйную дзейнасць з рознымі катэгорыямі насельніцтва, павышэнне іміджу педагагічнай прафесіі ў грамадстве. Пашырэнне формаў сацыяльнага партнёрства будзе садзейнічаць увядзенню новых спецыяльнасцяў і прафілізацый для падрыхтоўкі кадраў для арганізацый сацыяльнай абароны, культуры, навукі і бізнесу. Выпускнікоў гэтых спецыяльнасцяў павінна вылучаць узмоцненая псіхолага-педагагічная падрыхтоўка і гатоўнасць да работы з людзьмі ў розных сферах. Усе гэтыя напрамкі ўдасканалення педагагічнай адукацыі закладзены ў Канцэпцыю развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года і ўжо паспяхова рэалізоўваюцца», — дадала Ганна Торхава.

Надзея НІКАЛАЕВА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.