Вы тут

Ахвяраваць для драпежнікаў


У Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры прэм’ера па п’есе аднаго з найлепшых і найпапулярнейшых драматургаў Аляксандра Астроўскага. Галоўны рэжысёр Андрэй Гузій звярнуўся да «Апошняй ахвяры». Гэта не самы папулярны для пастаноўкі тэкст, усё ж многія сучаснікі не звяртаюць на яго ўвагі, а тыя, хто знаёмы з творам, хутчэй за ўсё бачылі таксама розныя спектаклі і экранізацыі, самую знакамітую з якіх зняў Пётр Тадароўскі. Чым жа зацікавіла «Апошняя ахвяра» галоўнага пастаноўшчыка Маладзёжнага тэатра? Што новага сказаў Андрэй Гузій?


Папячыцелі задаволены

Стваральнікі вызначылі спектакль як «гісторыю кахання, якое не спраўдзілася». Багатая дзяўчына нядаўна страціла мужа і аказваецца ў цэнтры чужых інтрыг, плётак і таямніц. А хоча яна аднаго — кахаць і быць каханай несумленным гульцом. Кароткае апісанне, зразумела, зусім не інтрыгуе, аднак мы ж ведаем, якога аўтара зноў і зноў вывучаем. «Напісаная ў канцы XIX стагоддзя п’еса Аляксандра Астроўскага неверагодна актуальная ў наш час: каханне ці грошы, выратаваць сябе ці каханага чалавека, захаваць гонар і годнасць або пражываць жыццё, нягледзячы ні на якія маральныя асновы і законы?» — такія пытанні ставяць і аўтар «Апошняй ахвяры» і галоўны рэжысёр Маладзёжнага тэатра.

П’еса была задумана ў 1874 годзе. Назва мянялася тройчы: ад першапачатковай «Ахвяры веку» драматург адмовіўся на карысць «Папячыцеляў». Канчатковым варыянтам стала «Апошняя ахвяра», якую драматург пачаў пісаць у 1877 годзе. На працу ў яго пайшло два месяцы (толькі праз год пісьменнік завершыць знакамітую «Беспасажніцу»). Падчас напісання ў лісце Фёдару Бурдзіну, акцёру і драматургу, Астроўскі паведамляў: «Пішу п’есу, збіраю апошнія сілы, каб яе скончыць. Кранальны драматычны сюжэт п’есы,

у які я паглыбляюся ўсёй душой, яшчэ больш засмучае мяне». У іншым лісце таму ж Бурдзіну, напісаным праз тры тыдні, драматург заўважае, што «п’еса рухаецца да канца, рэч выходзіць вялікая і, здаецца, сцэнічная». Прэм’ера адбылася хутка ў Малым тэатры, у бенефіс артыста Мікалая Музіля. У якасці рэжысёра выступіў сам Аляксандр Астроўскі.

Многія адзначалі, што фіналы яго п’ес вельмі часта псеўдашчаслівыя. Герояў можа асыпаць грашовы дождж, а хтосьці дасягае сваёй мэты, няхай і невысокай… Але яны, калі падумаць, такія ж сумныя, як у «Навальніцы» або «Беспасажніцы». Так і ў «Апошняй ахвяры»: галоўная гераіня Юлія Паўлаўна Тугіна вымушана стаць жонкай чалавека, якога не любіць.

І яго — Флора Фядулыча Прыбыткава, разумнага і ў пастаноўцы Андрэя Гузія даволі сумленнага, гэта цалкам задавальняе. А ў канцы гучыць раманс «В лунном сиянии»…

Між тым вядома, што на тытульным лісце рукапісу п’есы аўтар акрэсліў фабулу твора: «Стары, закаханы ў маладую ўдаву, імкнецца пад выглядам заступніцтва і папячыцельства разлучыць яе з каханым маладым чалавекам, у чым і дасягае поспеху…» Здаецца, стваральнікам спектакля ў Маладзёжным удалося паказаць, што Юлія Паўлаўна — «ахвяра веку», а не аднаго гульца Вадзіма Дульчына. І на яе знойдуцца ахвотныя паглядзець. Як сказала цётка Юліі Глафіра Фірсаўна, калі стала вядома пра здраду каханага сваячкі:

«Ізноў жа і тое цікава паглядзець, як яна тут будзе рукамі разводы разводзіць ды прысуды прыгаворваць. Бо, бач ты, шлюбную сукенку паехала заказваць, а тут раптам удар. Гэткага паказу хіба хутка дачакаешся?» Сучасней няма куды.

Без шансаў на выжыванне

Трэба сказаць, што спектакль, напэўна, упішацца ў рэпертуар Маладзёжнага тэатра. Тэматыка, агульны настрой, шырокае поле для акцёрскай ігры — усё гэта спрыяе цікавасці пастаноўшчыкаў і артыстаў, а таксама гледача да п’есы Астроўскага. Дарэчы, галоўныя ролі выканалі заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Шароў, заслужаная артыстка Беларусі Наталля Анішчанка, акцёры Вольга Давыдава-Роік, Андрэй Гладкі, Яўген Лук’янаў, Анастасія Рэўчанка, Аляксандр Пашкевіч, Яўгенія Анікей ды іншыя.

Вартасць пастаноўкі ў звароце менавіта да арыгінальнага віду п’есы — камедыі. Звычайна ўсе рэжысёры, якія працавалі з тэкстам, практыкаваліся ў сур’ёзнай драме: Юрый Яромін у МХТ імя А. П. Чэхава, Міхаіл Казакоў (тэлеспектакль «Папячыцелі» 1982 года), Уладзімір Драгуноў у Малым тэатры Расіі, Пётр Тадароўскі (аднайменны фільм 1975 года). І гэта толькі тое, з чым можа пазнаёміцца сучаснік.

Ці так было зроблена знарок, ці атрымалася выпадкова, але спектакль пазбаўлены духу эпохі. Няхай веды пра гэты дух у кожнага з нас даволі фрагментарныя (толькі спецыяльная і мастацкая літаратура, розныя віды мастацтва, у тым ліку стужкі з аўтарскім поглядам на той ці іншы перыяд могуць нешта падказаць), пастаноўка часам безумоўна поўніцца інтанацыямі, уласцівымі спрошчанасці: на карысць гэтага меркавання — неадназначныя жаночыя касцюмы, немудрагелістая музыка (праўда, не заўсёды — усё ж гучыць і вальс № 2 Дзмітрыя Шастаковіча), якая, дарэчы, часам перашкаджала, асобныя сцэны (напрыклад, празмерна шумная першая размова ключніцы Юліі Паўлаўны і Глафіры Фірсаўны)… Аднак спрачацца тут было б недарэчна, бо п’еса закранае тэму сучасную (ці вечную?): з аднаго боку — грошай, стрыманага разліку і з іншага —бескантрольнага і неўсвядомленага гарачага пачуцця, якое не мае шанцаў на выжыванне ў свеце тады яшчэ чэкаў і вэксаляў (тут варта згадаць дэкарацыі, якія нагадваюць клеткі для птушак). Чаму б і не прыўнесці штосьці сваё?

Дарэчы, у гэтай п’есе, як і ў іншых творах, Астроўскі расказаў пра людзей, якія адчайна патрабуюць ад іншых ласкі, самі застаючыся подлымі стварэннямі з выдатным уменнем маніпуліраваць пачуццямі даверлівых. Рэжысёр «Апошняй ахвяры» вырашыў не адыходзіць ад такіх псіхалагічных момантаў: у пастаноўцы прысутнічаюць і катэгорыі абсалютнага зла, і зла пад маскай дабра.

Дзе яно, шчасце ўсяго жыцця?

Роля Юліі Тугіной самая складаная ў творы. Да якой пастаноўкі ні звярніся, заўсёды знойдзецца крытыка ў адрас розных актрыс. У спектаклі ж Андрэя Гузія з удавы ў выкананні Вольгі Давыдавай-Роік атрымалася сапраўднае дзіця з празмерна гучным смехам і выразнымі грымасамі — тут нават складана сказаць, колькі гераіні прыкладна гадоў. З гэтага вынікае і пытанне аб магчымасці сапраўднага кахання дадзенага дзіцяці, але гэта ўжо дэталі... Юлія Тугіна часта ходзіць з аднаго кута сцэны ў іншы, уздыхае, узмахвае рукамі і з асаблівымі прыдыханнямі чытае лісты ад каханага і разважае пра шчасце. З невялічкіх згадак не зусім зразумела, наколькі яна набожная, чым любіць займацца і г. д.

Флор Фядулыч без усялякага, як ужо згадвалася, «пад выглядам» сапраўды дабрадзейнічае і апякуе, паўстае перад гледачамі прыстойным буржуа, які і насамрэч «лішак грошай бедным аддае». Дарэчы, глядзельную залу Маладзёжнага тэатра не падкупіць: паведамленне аб шлюбе Юліі Паўлаўны і Флора Фядулыча незадоўга да фіналу ніхто радасцю не сустракае, як здаралася падчас некаторых паказаў гэтага твора на сцэне.

Нязвыкла маладая і крыклівая тут Міхеўна — у арыгінале гэта ключніца Юліі. Звяртаюць на сябе ўвагу таксама Лука Дзергачоў, якога імкнуліся паказаць маленькім і мізэрным, што цалкам удалося; Вадзім Дульчын — прыгажун, які мітусіцца ў пошуках багатай жонкі і не выглядае ў пастаноўцы рэальным чалавекам са шчырымі эмоцыямі і пачуццямі (так ці інакш, але ў процівагу яму прыгадваецца эталон гэтага тыпу героя — знакаміты Свірыд Пятровіч Галахвосты з «За двума зайцамі»); Ірына Лаўраўна, закаханая ў Дульчына, пакуль не даведваецца, што прыгажун не багаты… Герояў насамрэч шмат, аднак хочацца згадаць тых, якіх акцёрская ігра зрабіла найбольш запамінальнымі. Найперш гэта пляменнік Флора Фядулыча Лаўр Міроныч у выкананні Аляксандра Пашкевіча. Персанаж не першарадны, аднак атрымаўся такі каларытны, што змог паспяхова па-змагацца з галоўнымі за ўвагу гледача. Неверагоднай авантурысткай атрымалася і цётка Юліі Глафіра Фірсаўна, якую сыграла Наталля Анішчанка.

Сцэна «гвалтоўнага» какецтва Юліі з Прыбыткавым ключавая. Яна стаіць ледзь не ў самым пачатку, і здаецца, што публіка яшчэ не паспявае сканцэнтравацца на дзеянні і асэнсаваць усю яе адметнасць. Аднак кожны разумее, што «шчасцю ўсяго жыцця», пра якое кажа гераіня, не наканавана збыцца. Магчыма, таму ўвесь далейшы спектакль глядач назірае калі не абыякава, то спакойна. Ідзе камедыя, шмат нагод пасмяяцца.

Ці варта сумаваць?

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з сайта Маладзёжнага тэатра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.