Вы тут

Назарбаеў: Толькі правільна пастаўленыя мэты прыводзяць да поспеху


На гэтым тыдні Рэспубліка Казахстан святкуе свой юбілей — 30 гадоў таму дзяржава атрымала незалежнасць. Напярэдадні Дня Незалежнасці першы Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў адказаў на пытанні газеты «Дзелавы Казахстан». Публікуем скарочаную версію інтэрв'ю.

— Нурсултан Абішавіч, 16 снежня 1991 года быў прыняты Закон «Аб дзяржаўнай незалежнасці Рэспублікі Казахстан». Асабіста для Вас з чаго пачаўся шлях да дзяржаўнага і эканамічнага суверэнітэту Казахстана?


— Непазбежнасць распаду Савецкага Саюза выцякала з шэрагу падзей, якія адбыліся за апошнія два гады яго існавання. Яны сведчылі аб тым, што цэнтральная ўлада фактычна згубіла кантроль над грамадска-палітычнай сітуацыяй у краіне. Знакавай падзеяй стаў жнівеньскі путч. 23 жніўня 1991 года, пасля няўдалай спробы дзяржперавароту, я заявіў аб сваім выхадзе з Палітбюро Цэнтральнага камітэту КПСС і саставу Цэнтральнага камітэта КПСС. 7 верасня на надзвычайным з'ездзе кампартыі Казахстана было прынята рашэнне аб утварэнні на яе аснове Сацыялістычнай партыі. Пасля путча дзейнасць кампартыі ў шэрагу рэспублік СССР аказалася пад забаронай. Цэнтральная ўлада пазбавілася апошняга рычага ціску.

1 снежня ў нашай краіне прайшлі першыя ўсенародныя выбары Прэзідэнта. Праз некалькі дзён я падпісаў Канстытуцыйны закон «Аб дзяржаўнай незалежнасці Рэспублікі Казахстан», які аформіў юрыдычны статус нашай рэспублікі як суверэннай дзяржавы. Практычна адразу ж Казахстан быў прызнаны многімі іншымі дзяржавамі свету як паўнавартасны член сусветнай супольнасці. Наперадзе былі гады ўпартай працы па фарміраванні новай палітычнай, эканамічнай і прававой сістэмы, стварэнні дэмакратычных інстытутаў з улікам міжнароднага вопыту і асаблівасцяў уласнага гістарычнага развіцця.

— У студзені 1992 года з прыняццем указа Прэзідэнта РК «Аб мерах па лібералізацыі цэн» пачалася вельмі балючая рэформа цэнаўтварэння і практычны пераход да рынкавай эканомікі. Які комплекс мер тады рэалізоўваўся ў падтрымку рэформ?

— З-за радыкальнай змены эканамічных адносін з прычыны пераходу да рынкавай сістэмы імгненна ўзнікла вялікая колькасць праблем: гіперінфляцыя, востры дэфіцыт на харчовыя і нехарчовыя тавары, зберажэнні насельніцтва абясцэніліся, і большая частка казахстанцаў апынулася за рысай беднасці. Для таго, каб хоць неяк змякчыць эканамічны ўрон для насельніцтва, быў прыняты шэраг мер, накіраваных на зніжэнне высокай інфляцыі. Так, для сацыяльна важных прадуктаў і паслуг было ўстаноўлена дзяржрэгуляванне цэн і тарыфаў. Таксама былі прадугледжаны датацыі на шырокі спектр спажывецкіх прадуктаў, паслуг і лекаў. Варта адзначыць, што аднамомантная лібералізацыя цэн была першым смелым і крайне адказным крокам па развіцці эканомікі краіны на шляху да рынку і кардынальнага рашэння вострай харчовай праблемы. Гэта і стала галоўнай часткай радыкальных мер, якія патрабавалася ўводзіць у той сітуацыі. І, як паказаў далейшы ход рэформ і функцыянавання эканомікі, выбар дадзенай стратэгіі быў адзіна правільным.

Канешне, было шмат крытыкі, асабліва ад людзей, якія слепа верылі ў магчымасць захавання былых прынцыпаў размеркавальных адносін і планавага кіравання эканомікай. Аднак я разумеў, што няма шляху назад і што сітуацыя ў эканоміцы стала вынікам разбурэння планавай сістэмы і эканамічных узаемаадносін, якія існавалі ў яе межах. Таму я быў упэўнены, што ўзніклы шок для эканомікі часовы, а меры, якія мы прымалі ў той перыяд, прывядуць да ўмацавання суверэнітэту і стварэння новай, больш эфектыўнай эканамічнай сістэмы.

— У гісторыі Казахстана быў перыяд, калі пасля роспуску парламента ў 1995 годзе Вы да фарміравання новага саставу заканадаўчай улады за некалькі месяцаў падпісалі каля сотні ўказаў, якія маюць сілу закона. Па ацэнках прафесійных фінансістаў, гэты пакет законаў забяспечыў прарыў у эканамічнай і фінансавай сферах. Як прымаліся гэтыя ўказы, з кім прапрацоўваліся, што яны далі краіне?

— Гаворка ідзе аб Вярхоўным Савеце XІІІ склікання, які ажыццяўляў сваю дзейнасць з красавіка 1994 да сакавіка 1995 года. Пасля таго, як Канстытуцыйны суд Казахстана прызнаў неканстытуцыйнасць паўнамоцтваў абраных дэпутатаў Вярхоўнага Савета, юрыдычнай сілы пазбавіліся 314 прынятых імі нарматыўна-прававых актаў. На працягу 10 месяцаў без парламента, а менавіта да студзеня 1996 года, мной было выдадзена 147 указаў, якія мелі сілу канстытуцыйнага або звычайнага законаў. Іх прыняцце, сапраўды, мела прарыўны эфект, паколькі дало магчымасць у кароткія тэрміны вырашыць супярэчнасці, якія выспелі на той момант у эканамічнай і фінансавай сферах.

Натуральна, што ўсе прынятыя заканадаўчыя акты прапрацоўваліся з удзелам усіх членаў урада краіны. Тады кабінет міністраў стаў калегіяльным органам пры прэзідэнце, аператыўным штабам, які працаваў кругласутачна. І, нягледзячы на гэта, усё роўна востра адчуваўся дэфіцыт кваліфікаваных кадраў, здольных думаць па-новаму. Менавіта па гэтай прычыне я быў вымушаны ўзяць на сябе ініцыятыву і адказнасць за будучыню народа Казахстана, аб'яднаўшы пасады кіраўніка дзяржавы і кіраўніка выканаўчай улады. Вынікам гэтага ўсяго стала тое, што краіна атрымала законы, якія адпавядалі сусветным стандартам і якія павярнулі эканоміку краіны ў новае рэчышча.

— У сярэдзіне 90-х гадоў нават не эканоміка, а паўсядзённае жыццё кіравалася ўрадам у ручным рэжыме. Але паралельна ішла сумесная работа Прэзідэнта і ўрада па выпрацоўцы эканамічнай палітыкі краіны. Як вызначаліся прыярытэты, першачарговыя напрамкі, прынцыпы фарміравання бюджэту, пытанні фінансавання?

— Ва ўмовах інфляцыі, абсалютнай нявызначанасці ў эканоміцы ў выніку разрыву гаспадарчых сувязяў нам прыйшлося на хаду перабудоўваць эканоміку краіны, змяняць менталітэт людзей. Не было ніякага вопыту. Але мелася разуменне таго, што найважнейшай мэтай з'яўляецца захаванне нашага суверэнітэту. Для гэтага трэба было не толькі пазіцыянаваць Казахстан на міжнароднай арэне як новую незалежную дзяржаву, але і клапаціцца аб грамадска-палітычнай стабільнасці ў краіне, забяспечваць максімальную сацыяльную абароненасць насельніцтва. Усе гэтыя працэсы ішлі паралельна. Нам трэба было, па-першае, усяляк умацоўваць створаную дзяржаўнасць і сістэму дзяржаўнага кіравання. Па-другое, вырашаць праблемы кардынальнага рэфармавання эканомікі і фінансаў, вываду эканомікі з крызісу. Па-трэцяе, выбудоўваць знешнюю палітыку. Па-чацвёртае, забяспечваць унутрыпалітычную стабільнасць.

— Вы асабіста правялі шмат сустрэч з інвестарамі. Такі фармат не з'яўляўся прыкладам агульнай практыкі для кіраўнікоў дзяржаў. Вы ж ішлі на прамы дыялог, у тым ліку стварыўшы Савет інвестараў пры Прэзідэнце. Той факт, што Казахстан сярод лідараў па прыцягненні інвестыцый на душу насельніцтва, можна лічыць вынікам такой працы?

— Пасля набыцця незалежнасці Казахстан меў патрэбу ў знешняй падтрымцы, і менавіта прыток замежных інвестыцый дапамог планамернаму развіццю эканомікі краіны і росту дабрабыту народа. Трэба разумець, што замежныя інвестыцыі — гэта не толькі фінансаванне праектаў, але і перадавыя тэхналогіі, а таксама новыя працоўныя месцы.

Сёння Казахстан — лідар па аб'ёме прыцягнутых замежных інвестыцый у Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне. Гэта стала магчымым дзякуючы спрыяльнаму інвестыцыйнаму клімату ў краіне і дзяржаўным мерам падтрымкі інвестараў. Каб падтрымліваць пастаянны прыток інвестыцый з-за мяжы, Казахстан забяспечваў стратэгічных інвестараў адным з самых галоўных крытэрыяў пры выбары краін для інвесціравання — палітычная стабільнасць у дзяржаве і камуніцыраванне праз прамы дыялог з прэзідэнтам і ўрадам.

Савет замежных інвестараў стаў пляцоўкай для разгляду актуальных пытанняў у сферы прыцягнення інвестыцый, удасканалення інстытуцыйнага асяроддзя, рэфармавання судовай сістэмы, павышэння транспарэнтнасці і барацьбы з карупцыяй, прасоўвання экспарту казахстанскай прадукцыі і іншых пытанняў з удзелам прадстаўнікоў улады і кіраўнікоў буйных замежных кампаній. Мэтанакіраваная работа ў гэтым напрамку дазволіла Казахстану прыцягнуць значны аб'ём замежных інвестыцый. Напрыклад, за апошнія 10 гадоў штогадовы прыток інвестыцый у нашу краіну складаў у сярэднім каля $24 млрд. Выключэннямі сталі толькі крызісныя 2015 і 2020 гады.

— Казахстан першапачаткова праводзіў шматвектарную палітыку, у тым ліку і ў эканоміцы. Сёння рэспубліка мае добрыя эканамічныя сувязі з Кітаем, захавала моцныя сувязі з Расіяй, працуе з многімі заходнімі эканомікамі, пры гэтым не сапсаваўшы адносіны ні з адной з краін. Што ляжыць у аснове казахстанскай шматвектарнасці?

— У аснове шматвектарнай палітыкі Казахстана ляжыць развіццё дружалюбных і прадказальных узаемаадносін з усімі дзяржавамі, якія адыгрываюць істотную ролю ў міжнародных справах і прадстаўляюць для нашай краіны практычную цікавасць. Такая пазіцыя Казахстана шмат у чым вызначалася і вызначаецца геапалітычным становішчам нашай краіны, поліэтнічным і шматканфесійным складам насельніцтва, узроўнем развіцця эканомікі ў цэлым. Зыходзячы з усяго гэтага, відавочна, што Казахстан не мае права замыкацца на вузкарэгіянальных праблемах.

Шматвектарнасць, прагматызм і праактыўнасць з'яўляюцца базавымі прынцыпамі знешняй палітыкі нашай рэспублікі і закладзены ў Канцэпцыі знешняй палітыкі Казахстана на 2020—2030 гады, якая зацверджана Указам Прэзідэнта К.-Ж. Такаева ад 6 сакавіка 2020 года. Пры гэтым асноўная ўвага ўдзяляецца ўсялякаму і непарушнаму адстойванню нацыянальных інтарэсаў, канструктыўнаму прасоўванню знешнепалітычных і знешнеэканамічных прыярытэтаў.

— Рэфарматары заўсёды крытыкуюцца. У Казахстане таксама ўсё падвяргалася крытыцы. Вы бачыце ў нейкіх з гэтых рашэнняў памылкі, недахопы ці, магчыма, штосьці даводзілася выпраўляць па ходзе справы?

— Вядомы афарызм сцвярджае: не памыляецца той, хто нічога не робіць. Некаторыя разумныя людзі да гэтай фразы яшчэ дадаюць, што і нічога не рабіць — таксама памылка. Пасля набыцця незалежнасці ў нас не было шмат часу на роздумы і доўгія спрэчкі па тым ці іншым пытанні. Перад намі стаяла выразная стратэгічная мэта — у кароткія тэрміны пабудаваць эфектыўныя эканамічную і фінансавую сістэмы. Усе рашэнні даводзілася прымаць паскорана. Таму цалкам натуральна, што з цягам часу даводзілася ўносіць нейкія карэкціроўкі ў запушчаныя працэсы, мадэрнізаваць ужо зробленае. Вядома, цяжкасці інстытуцыйных змен заўсёды былі і будуць. І тут трэба разумець, што рэформы — гэта змена дзеючых сістэм, часам гэта вельмі маштабныя пераўтварэнні, а ўсё новае заўсёды ўспрымаецца з некаторай асцярогай. Па гэтай прычыне матывы ўзнікнення крытыкі зразумелыя. Ды і калі гэта канструктыўная крытыка, то яна патрэбная і карысная. У цяперашні час мы бачым, што ўсе нашы рэформы, прайшоўшы выпрабаванне часам, працуюць і прыносяць вынікі. Але няма мяжы дасканаласці, таму заўсёды можна знайсці тое, што трэба падкарэкціраваць і палепшыць.

— Калі б Вам прыйшлося прайсці гэты шлях зноў, ведаючы аб усіх цяжкасцях, Вы б прайшлі яго?

— Французскі філосаф Вальтэр сказаў: «Ніколі не бывае вялікіх спраў без вялікіх цяжкасцяў». З ім цяжка не пагадзіцца. Стварэнне новай суверэннай дзяржавы, фарміраванне ўсіх базавых асноў дзяржаўнасці, вызначэнне ўласнага шляху развіцця і пошук унікальнай нацыянальнай ідэнтычнасці — гэта ўсё вялікія справы, якія патрабуюць тытанічных намаганняў. На гэтым шляху нас натхняла сама мэта, якую сёння Казахстан дасягнуў, — пабудова моцнай незалежнай краіны з сацыяльна-арыентаванай рынкавай эканомікай. І, назіраючы сёння за вынікамі ўсіх дасканалых пераўтварэнняў, магу з упэўненасцю адказаць, што я, не задумваючыся, пагадзіўся б зноў прайсці гэты складаны шлях. Хачу адзначыць, што сёння перад цяперашнім кіраўніком дзяржавы — Касым-Жамартам Такаевым таксама стаяць сур'ёзныя выклікі і важныя задачы. Бо Казахстан працягвае рухацца наперад. Веру, што пры падтрымцы казахстанцаў у яго атрымаецца зрабіць вельмі шмат на карысць развіцця нашай дзяржавы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.