Вы тут

Кіраўнік БелТА Ірына Акуловіч: Усё пачынаецца з любві!


Калі апынаешся ў сценах БелТА, уражвае цішыня, якая відавочна дысаніруе з той шматлікай дзейнасцю, якую ажыццяўляе агенцтва. Аднак пасля размовы з кіраўніком установы пачынаеш разумець, што першае адчуванне ўяўнае. Сучасны творчы працэс не любіць мітусні, і, каб быць першымі ў сваёй справе, трэба шмат і напружана працаваць. Канкурэнцыя ў інфармацыйнай прасторы сёння, як ніколі, вельмі высокая.


Пра місію БелТА, перспектывы сучаснай журналістыкі і айчынных СМІ, ролю жанчыны-кіраўніка і не толькі мы паразмаўлялі з генеральным дырэктарам Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірынай Барысаўнай Акуловіч.

— Апошнім часам у нашай краіне назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя прызначаць жанчын на пасады кіраўнікоў у розных сферах. На ваш погляд, з чым гэта звязана?

— Лічу, тэндэнцыя нядрэнная. Калі паглядзець на тое, што адбываецца ў свеце, некаторыя тэндэнцыі мяне, наадварот, пужаюць. У пэўных краінах Еўрасаюза зараз пачынаецца сапраўдная барацьба за тое, каб мужчына мог назваць сябе мужчынай, а жанчына — жанчынай. З гэтага пункту гледжання, у нашым грамадстве, якое правільна рухаецца і развіваецца, на шчасце, ёсць яшчэ і жанчыны-кіраўнікі, і мужчыны-кіраўнікі. Не магу сказаць, што паміж імі існуе вялікая розніца. Жанчына па прыродзе сваёй думае інакш. Немалаважную ролю адыгрывае і наяўнасць інтуіцыі, якая дапамагае жанчыне прымаць правільныя рашэнні. І калі ў грамадстве разам гавораць мужчыны і жанчыны, прымаць правільныя рашэнні лягчэй. Атрымліваецца сапраўдны баланс.

— Гэта агульная тэндэнцыя. А калі паглядзець больш вузка, на сферу журналістыкі?

— У гэтай сферы жанчын-кіраўнікоў, вядома, шмат. Не на рэспубліканскім узроўні — на ўзроўні абласцей і раёнаў. У газетах і на рэгіянальным тэлебачанні жанчыны наогул дамінуюць. Мужчыны ў большасці займаюць тэхнічныя пасады. А вось пішучыя — жанчыны. Я гэтаму не вельмі рада. Лічу, што мужчын у журналістыцы павінна быць больш.

— Тры з паловай года вы кіруеце інфармацыйным агенцтвам БелТА. Што вам асабіста дала гэтая пасада?

— Па сутнасці, у Мінску я пачала новае жыццё. Шчыра кажучы, калі табе за 40, жыццё ўстанавілася, ёсць дом, сям'я, сябры, любімая праца... Уявіце, амаль 18 гадоў я працавала на тэлебачанні, а тут такія перамены! Здаецца, тая ж журналістыка, але ўсё роўна іншая. Добра, што апошняе месца працы такое ж любімае і дынамічнае, як і тэлебачанне. Ніколі не забудзецца, як ты спрабуеш скінуць сюжэт на «Панараму» (штодзённая інфармацыйная праграма на тэлеканале «Беларусь-1». — Зв.), звязваешся па спецыяльным тэлефоне з Мінскам са словамі: «Калегі, мы гонім сюжэт!» Ён у выпуску першы, а на гадзінніку 5 хвілін да эфіру. У галаве адна думка: паспеем ці не? Зараз зусім іншыя тэхналогіі, але адчуванні ўсё роўна тыя самыя. БелТА, па сутнасці, — другая прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Калі трэба выдаваць вельмі хутка важную інфармацыю і фотаздымкі і ты разумееш, што вас чакаюць і права на памылку няма, адчуванні тыя самыя, што і на тэлебачанні.

— Пасля шматгадовай працы на тэлебачанні вы апынуліся ў БелТА. Ці шмат новага прыйшлося асвойваць на новай пасадзе?

— Калі я ўзначаліла БелТА, не да канца ўяўляла сабе той аб'ём работы, які выконвае агенцтва. Канешне, прыйшлося ўнікаць у спецыфіку і многаму вучыцца, бо аўдыявізуальная журналістыка і тэлебачанне — гэта адно, а работа ў інтэрнэце (а сёння тут вельмі вялікая канкурэнцыя) — іншае. Правілы работы, якія існавалі яшчэ 10 гадоў назад, калі ў нас было права першачарговасці ў атрыманні інфармацыі, сёння неактуальныя. У многіх напрамках мы апынуліся ў канкурэнтным асяроддзі. Напрыклад, на мерапрыемствах з удзелам кіраўніка дзяржавы прысутнічаюць не толькі прадстаўнікі нашага агенцтва, але і журналісты іншых вядучых дзяржаўных СМІ. Гэта пастаяннае канкурэнтнае асяроддзе, у якім мы павінны быць першыя.

— Летась БелТА адзначыла 100-гадовы юбілей. Наколькі цяжка кампаніі з такой вялікай гісторыяй адпавядаць тэндэнцыям часу?

— Нягледзячы на салідны ўзрост, мы падладжваемся пад сучасныя ўмовы: развіваем сацыяльныя сеткі, працуем у месенджарах, маем некалькі моўных версій. Шмат увагі — YouTube-каналу і перш за ўсё кантэнту, які звязаны з кіраўніком нашай краіны. Некаторыя апошнія інтэрв'ю, якія Прэзідэнт даў сур'ёзным замежным СМІ, падвергліся жорсткай карэктуры інтэрв'юераў. Гледачам падавалася толькі тое, што патрэбна. У гэтай сітуацыі мы хочам, каб пра дзейнасць нашага Прэзідэнта можна было даведацца з афіцыйнай крыніцы і без купюр. Такім чынам мы абараняем інтарэсы нашай краіны. Самае галоўнае — каб інфармацыя ад БелТА была правераная. І калі выбіраць паміж хуткасцю і дакладнасцю, выберам дакладнасць.

— Сёння інтэрнэт называюць інфасметніцай. Такая колькасць інфармацыі абвальваецца на людзей штодзень. Як не разгубіцца ў гэтых велізарных патоках?

— Інфармацыі сапраўды вельмі многа, мы ўсе ў ёй патанулі. Інтэрнэт — гэта тэхналогіі, якія прыносяць карысць толькі тым, хто імі валодае. У аснове — грошы. У астатнім кожны адказвае за сябе сам. Відавочна адно: у інтэрнэце людзі губляюць шмат часу. А гэта неаднаўляльны рэсурс і самае дарагое, што ёсць у жыцці. Жудасна бачыць, калі людзі, якія прыязджаюць на мора, нават там не могуць адмовіцца ад тэлефона і атрымліваць асалоду ад адпачынку. Мы сваё жыццё вельмі часта не аддаём нават блізкім. Навошта аддаваць яго інтэрнэту? Ён забраў нас з рэальнага жыцця. І з гэтага становішча трэба асэнсавана выплываць.

— Якім чынам вы асабіста гэта робіце?

— Перш за ўсё чытаю сваю крыніцу інфармацыі. Але, каб сфарміраваць пэўную пазіцыю, карыстаюся і іншымі крыніцамі, якія сама для сябе вызначыла. Акрамя таго, пільна сачу, што і як пішуць нашы калегі-канкурэнты. Гляджу тэлебачанне, чытаю матэрыялы «Звязды», «СБ», каб разумець, як мы працуем. Радуе тое, што мы ўсе пачалі працаваць разам. Гэта самы галоўны ўрок мінулага года. Разам мы — сіла!

— Якія веды сёння патрэбны, каб быць паспяховым кіраўніком, і дзе іх чэрпаць?

— Вучыцца сёння, безумоўна, трэба. Усе мы вельмі любім сучасныя модныя плыні: марафоны, вэбінары, анлайн-курсы... Безумоўна, такія формы камунікацыі могуць навучыць вас новым тэхналогіям, спосабам здабытку інфармацыі. На жаль, я гэтым не карыстаюся. Свае веды і ўнутраную моц бяру, перш за ўсё, ад бацькоў. Вельмі часта ўспамінаю свае размовы з татам, калі мы разам хадзілі ў суніцы і грыбы. Менавіта ён падарыў мне ў дзяцінстве падобнае стаўленне да жыцця, працы, да людзей, якое нясу праз усё жыццё. Як казала Маці Тэрэза, «калі хочаш змяніць свет, ідзі дамоў і любі сваю сям'ю!» У гэтым і ёсць аснова ўсяго. І, канешне, я многа чытаю. Нядаўна набыла кнігу Самерсэта Маэма «Тэатр». Чарговы раз пражывала жыццё і думала, што я знайду, калі зайду ў гэты цёмны пакой?

— На вашу думку, каб змяніць свет, з чаго трэба пачынаць?

— Для сучасных людзей вельмі характэрна сітуацыя пракрастынацыі. Мы робім выгляд, што займаемся чымсьці важным, вырашаем нейкія сур'ёзныя пытанні. Для таго, каб змяніць свет, трэба менш разважаць пра гэта і пачаць з сябе. Калі вакол цябе смецце, вазьмі венік і прыбяры. А калі хочаш паразважаць, лепш задай сабе пытаннне, хто я ёсць і што магу зрабіць для лепшай будучыні? Так трэба жыць самім і такія ж асновы трэба закладваць сваім дзецям.

— Ірына Барысаўна, які вы кіраўнік?

— Пра гэта трэба спытаць у маіх супрацоўнікаў (смяецца). Што датычыцца майго ўнутранага ўспрымання сябе як кіраўніка, то стараюся з павагай ставіцца да людзей, разумець іх, нават калі яны зрабілі памылку. Многія рэчы ў рабоце стараюся зрабіць больш лёгкімі, намагаюся не павышаць голас. Я рэдка ўшчуваю, больш размаўляю. Толькі прымаць рашэнне — гэта не зусім маё. Мне вельмі цікава працаваць у камандзе, быць уцягнутай у творчы працэс. Часта прымаю ў ім удзел, магу нават пісаць пасты ў тэлеграм-канал БелТА, даваць назвы артыкулам, прымаю ўдзел у распрацоўцы банераў. Дарэчы, дзе б я ні працавала, я заўсёды ў творчым працэсе. Для мяне гэта вельмі важна і цікава.

— Калі ўявіць, што сёння лёс зрабіў вам сюрпрыз і зноў вярнуў працаваць на тэлебачанне. У якім напрамку рухацца, каб быць канкурэнтаздольнымі і прыцягваць гледача менавіта з экрана тэлевізара?

— Людзі крыху заблыталіся, калі гавораць, што асноўная крыніца атрымання інфармацыі для іх інтэрнэт, але не зусім разумеюць, што менавіта там яны глядзяць часткі тэлепраграм, інтэрв'ю. Мы ўсё роўна ствараем кантэнт і дыктуем тэлевізійны парадак дня. Проста падумайце, дзе крыніца кантэнту?

Акрамя гэтага, сучасны чалавек са сваім кліпавым мысленнем не хоча ні думаць, ні напружвацца. Вакол яго нібыта ўтвараюцца відэасцены, з якіх бясконца штосьці трансліруецца. Зыходзячы з гэтага, трэба даваць людзям выключна забаўляльны кантэнт, а падчас яго трансліраваць пэўную лінію. Але ж мне як чалавеку, які працуе ў інфармацыйнай нішы, гэта не падыходзіць. Я лічу, што трэба працягваць працаваць так, як гэта робяць усе. Ёсць навіны, ёсць інтэрв'ю, забаўляльныя праграмы. Людзі ўсе розныя. Кожнаму сваё. Не бачу зараз новага кантэнту для тэлебачання, але ж лічу, што тыя напрамкі, якія ёсць на тэлебачанні, зараз ні ў якім разе нельга аддаваць. Канкурэнцыя вельмі высокая. Нідзе ў свеце не зніклі салідныя газеты і не знікнуць! Тое ж самае і з тэлебачаннем. Не важна, у якой крыніцы вы будзеце яго глядзець.

— Што для вас больш важна: шлях ці вынік?

— Зараз магу дакладна сказаць, што шлях. Я зразумела, што многія людзі, я ў тым ліку, шмат часу знаходзяцца ў мінулым, а таксама шмат часу прысвячаюць будучыні. На самай справе жыццё ідзе тут і цяпер. Большую частку свайго часу, сіл і энергіі мы губляем на пережыванне мінулага і хваляванне за будучыню. Самае маё вялікае жаданне — знаходзіцца ў цяперашнім моманце і атрымліваць ад гэтага асалоду. Шлях больш важны, чым вынік, таму што выніку можа і не быць. Але ж мэты ў чалавека павінны быць, гэта безумоўна. Як кажуць, стаўце перад сабой вялікія мэты, у іх лягчэй пацэліць!

— Вы так многа гаворыце пра работу. Але ж жыццё не абмежавана выключна прафесійнай дзейнасцю. Наколькі яно ў вас зараз збалансавана?

— На жаль, пакуль не збалансавана. Работа займае большую частку майго жыцця. Я разумею, што гэта не зусім добра, але пакуль не магу інакш. Справа ў тым, што на дадзены момант слова «работа» і слова «любоў» — сінонімы. Я сапраўды люблю тое, чым займаюся. І вельмі ўдзячная лёсу, што ён прывёў мяне калісьці ў сферу журналістыкі. Я заўсёды лічыла, што тэлебачанне — месца для людзей абраных. Калі мне пашчасціла туды трапіць, я адчула, што гэта тое месца, з якога я ўжо нікуды не пайду. Сваё! Я добра памятаю пачуццё шчасця ад таго, што атрымала прафесію. І сёння я працягваю ім жыць. Калі ты не сваім месцы, то ўсё вакол цябе раздражняе. А пачынацца ўсё павінна з любві...

— Чым вам запомніўся адыходзячы 2021 год?

— Нягледзячы на тое, што 2021-ы быў годам знешняга ціску і барацьбы, у эмацыянальным плане ён аказаўся лепшым за 2020. Я шмат працавала, але калі гаварыць пра асабістае, то ёсць адна падзея, якая для мяне сёлета стала вельмі значнай: мой сын прыйшоў з арміі. Як маці я, канешне, вельмі за яго хвалявалася. Хацелася б, каб усе сыны вярталіся з арміі і ў сем'ях усё было добра. Каб гэты тэрмін службы заставаўся для юнакоў выключна школай жыцця, а не якойсьці іншай школай.

— Навагодняя мітусня — гэта ваша гісторыя?

— Я вельмі люблю Новы год і заўсёды стараюся, каб было ўтульна і дома, і на рабоце. Як бачыце, нават у маім кабінеце ёсць сімвалы Новага года. Усе ёлкі зроблены ў адпаведнасці з маімі пажаданнямі. Дэкор — гэта адна старонка свята. Другая старонка — гастранамічная. На святочным стале абавязкова павінна быць качка, фаршыраваная грэчкай і чарнаслівам. Ну, і, канешне, не забываемся пра падарункі для родных. Гэта вельмі важна!

— Што пажадаеце беларусам у надыходзячым новым годзе?

— Наступны — год Тыгра. Я Тыгр, мае дзеці таксама нарадзіліся ў год Тыгра. Спадзяюся, што гэта будзе мой год! Беларусам хачу пажадаць любві да ўсяго і ўсюды. Вельмі хачу, каб людзі разумелі, хто яны ёсць, каб былі шчырымі і шчаслівымі!

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».