Вы тут

Гісторыя жыцця ваеннага ўрача, які выратаваў жыццё паралімпійцу Аляксею Талаю


«Мікалай Аляксеевіч змагаўся за маё жыццё як мог. І дзякуй богу, што ў яго хапіла на гэта сіл і прафесіяналізму. Ён мне казаў, што гэта цуд, што я жыву. І сам жа гэты цуд і зрабіў», — распавядае Аляксей Талай, адзін з самых вядомых пацыентаў Мікалая Абрамава — хірурга, палкоўніка медыцынскай службы, выдатніка аховы здароўя СССР, заслужанага ўрача Рэспублікі Беларусь.


У 2021 годзе ў Мікалая Аляксеевіча Абрамава прафесійны юбілей — 50 гадоў хірургічнай дзейнасці. І гэта нават не маленькае жыццё, а паўвекавы шлях з сотнямі выратаваных жыццяў, тысячамі аперацый і вялізным вопытам.

А пачалося з... трусоў

Ваенная медыцына ў жыцці Мікалая Аляксеевіча — вельмі прыгожае перапляценне лёсаў. Маці Ефрасіння Міхайлаўна была медсястрой хірургічнага профілю, усю вайну працавала ў Гомельскім ваенным шпіталі. Тата, Аляксей Герасімавіч, ад першага да апошняга дня вайны быў на фронце, артылерыст. І пазнаёміліся яны ў ваенным шпіталі.

У медыцыну хлопец з вёскі Хальч, што на Гомельшчыне, пайшоў дзякуючы маме. А ўмацавалі яго жаданне стаць урачом... трусы. «Калі я вучыўся ў восьмым класе, хросная падарыла мне на дзень нараджэння труса. Я пачаў іх разводзіць, і ў пачатку 11 класа ў мяне ўжо было 110 звяркоў. У іх смачнае мяса, скурку можна было здаць за 5 рублёў. Я адчуў прыбытак і зрабіў такі бізнес. А каб правільна разбіраць трусоў, здымаць скурку, чытаў кнігі па анатоміі, вельмі гэтым захапіўся. Потым гэты навык мне ў інстытуце дапамог. На першых занятках па прэпарыванні трупаў выкладчык выклікаў самага смелага паспрабаваць самастойна. А я ж на трусах натрэніраваны. Так добра ўсё зрабіў, што выкладчык мяне з заняткаў і адпусціў», — успамінае Мікалай Аляксеевіч.

А ўжо пасля другога курса Мікалай Абрамаў правёў сваю першую аперацыю. Падчас навучальнай сястрынскай практыкі ў бальніцы хірург з цікавым прозвішчам Буд-Гусейн забраў студэнта ў аперацыйную: патрэбен быў асістэнт. «У аперацыйнай два пацыенты з гемароем, аперацыя пад мясцовай анестэзіяй. Гэта я цяпер разумею, што аперацыя простая, а тады я вельмі хваляваўся. Першага пацыента хірург аперыраваў, а я проста назіраў. А на другім ён маёй рукой са скальпелем вадзіў. Я потым так сабой ганарыўся», — распавядае Мікалай Аляксеевіч.

Калі Мікалай Абрамаў вучыўся на трэцім курсе, у Віцебскі медыцынскі інстытут прыехаў старшы выкладчык кафедры ваенна-палявой тэрапіі ваенна-медыцынскага факультэта Куйбышаўскага медінстытута. Ён расказаў пра асаблівасці ваеннай медыцыны, пра стыпендыю ў 84 рублі. Будучаму ўрачу спадабалася прапанова стаць ваенным, і Мікалай Абрамаў перавёўся ў Куйбышаўскі медыцынскі інстытут на ваенна-медыцынскі факультэт.

Галоўная ўрачэбная спецыяльнасць

У 1972 годзе хірурга перавялі для працягу службы ў акруговы ваенны шпіталь у Чыту. Аперацыі былі самыя розныя і ішлі адна за адной: перфаратыўная язва страўніка, апендыцыты, кілы, халецыстыт. Вопыт быў каласальны. Там жа Мікалай Аляксеевіч упершыню правёў ампутацыі канечнасцяў. «Добра памятаю першую хірургічную апрацоўку пасля траўматычнай ампутацыі. На начных стрэльбах у бронетранспарцёр трапіў снарад. Мне дастаўся старшы лейтэнант, у яго фуражка ссунулася на вочы. Ён яе падымаў, і ў гэты час ляцеў снарад, які яму тры пальцы і адарваў», — успамінае доктар.

У выратаванні чалавечых жыццяў лішніх ведаў не бывае. Падчас вучобы ў Цэнтральным інстытуце ўдасканалення ўрачоў у Маскве Мікалай Абрамаў захапіўся працамі Аляксандра Вішнеўскага. Ён вучыў аперыраваць пад мясцовай інфільтрацыйнай новакаінавай анестэзіяй. І аднойчы абставіны прымусілі Мікалая Аляксеевіча рабіць аперацыю на страўніку пад мясцовай анестэзіяй. «Падчас майго дзяжурства а 12 гадзіне ночы нам прывезлі салдата, якога трэба было аперыраваць пад наркозам. А анестэзіёлага не было, яны дзяжурылі дома. Я адправіў дзяжурнага кіроўцу па анестэзіёлага да яго дому, але ён нікога не знайшоў. Я як гэта пачуў, сам разгубіўся. Але што рабіць — аперыраваць трэба, хоць пад мясцовай анестэзіяй. Усяго на гэтую аперацыю ў мяне пайшло чатыры літры раствору новакаіну і тры з паловай гадзіны. Звычайна такія аперацыі доўжацца каля гадзіны, шмат што робіць анестэзіёлаг, а тут усё прыйшлося самому. Вельмі шмат важных дэталяў, якія трэба ведаць і ўлічваць. І, што самае важнае, з салдатам усё было добра», — распавядае пра гэты выпадак хірург.

У 1986 годзе прыйшло прызначэнне ў Мінск, у акруговы ваенны шпіталь Чырванасцяжнай БВА. З 1986 да 1999 года Мікалай Абрамаў узначальваў аддзяленне гнойнай хірургіі. У аддзяленні лячыліся воіны-афганцы. З 1986 года да вываду савецкіх войскаў з Афганістана ў 1989-м у аддзяленні не памёр ніводзін баец. Усяго праз аддзяленне гнойнай хірургіі за час працы Мікалая Аляксеевіча прайшло больш за 280 чалавек з мінна-выбуховымі раненнямі, у якіх былі адарваны рукі ці ногі.

Выбар, які выратаваў жыццё

«Хірург павінен быць і добрым дыягностам, і ўмець аперыраваць, а значыць, валодаць дастаткова высокімі мануальнымі навыкамі, і сумежныя дысцыпліны ведаць, і схільнасцю да аналізу валодаць, каб выбраць неабходную тактыку лячэння», — кажа Мікалай Аляксеевіч. А яго прыклад пацвярджае, што доктар у дадатак да залатых рук павінен мець вялікае сэрца, каб прасякнуцца гісторыяй кожнага пацыента і выратаваць яму жыццё, каб успрымаць сваіх пацыентаў як родных людзей. У гэтым пераканаўся і Аляксей Талай.

16-гадовага Аляксея, які падарваўся на міне, спачатку лячылі ў гарадской бальніцы ў Оршы, але цяжкасць раненняў і распачатая гангрэна патрабавалі ўмяшання спецыяліста менавіта па падобных раненнях. Начальнік аддзялення гнойнай хірургіі мінскага ваеннага шпіталя Мікалай Абрамаў адправіўся ў Оршу. «Я ехаў, каб ацаніць абстаноўку, пракансультаваць мясцовых лекараў. Галоўны ўрач бальніцы мяне адразу папярэдзіў, што сітуацыя цяжкая. У Лёшы пачалася газавая гангрэна, і яго перавялі ў ізалятар, бо гэтая інфекцыя заразная. Калі мы ўвайшлі, я ўбачыў паміраючага хлопца. І ў паветры стаяў спецыфічны для анаэробнай гангрэны пах. У Лёшы быў пульс 120, у два разы большы, чым трэба ў яго ўзросце, тэмпература высокая», — успамінае Мікалай Аляксеевіч.

Для родных Аляксея прыезд Мікалая Аляксеевіча стаў шанцам выратаваць жыццё свайму хлопчыку. Пасля таго, як маці ўпала на калені, у хірурга не засталося сумненняў: ён забярэ гэтага хлопчыка ў Мінск. Пад сваю адказнасць, без дазволу ваеннага камандавання Мікалай Аляксеевіч павёз падлетка, які памірае, у ваенны шпіталь. «Прыехалі ў Мінск каля шасці гадзін вечара. Нас ужо чакалі дзяжурны хірург і яго асістэнт. Мы адразу з Лёшам у аперацыйную. Каля сямі гадзін працягвалася аперацыя», — распавядае Мікалай Аляксеевіч.

Аршанскія дактары дапусцілі памылку: зашылі Аляксею раны. Усе ваенныя ўрачы ведаюць, што мінна-выбухныя раненні зашываць нельга, грамадзянскія, на жаль, — не ўсе. «Падчас выбуху адбываецца малекулярнае страсенне тканак і з часам гэта прыводзіць да некрозу. Яны паміраюць. Доктару тканкі здаюцца жывымі, а насамрэч яны мёртвыя. І іх абавязкова трэба выдаляць. Як толькі такія раны зашываюцца, пакінутыя мёртвыя тканкі адразу ж становяцца пажыўным асяроддзем для мікробаў. І пачынаюць гэта ўсё з'ядаць, вылучаючы атрутныя для чалавека таксіны. Калі доктар зашые рану, мікробы будуць яму вельмі ўдзячныя.

Выпадак з Аляксеем — не першы ў яго насычанай хірургічнай практыцы. Падобная гісторыя здарылася ў Кобрыне. Падлеткі знайшлі бомбу, пачалі яе раскручваць, яна і ўзарвалася. Ваенныя хірургі Мікалай Абрамаў і Леанід Савіцкі, калі прыехалі, убачылі ва ўсіх зашытыя раны. У перавязачную прывязлі хлопца, якому адарвала голень ніжэй каленнага сустава. Пасля зняцця швоў была выяўлена газавая гангрэна. Дзяцей выратавалі.

Па словах вопытнага хірурга, самае галоўнае ў цяжкіх выпадках — жаданне пацыента выжыць і яго вера ў свае сілы. Шмат у чым гэта залежыць і ад доктара. Псіхалагічны настрой пацыента не менш важны, чым прафесіяналізм яго ўрача, які і заключаецца ў тым, каб правільна настроіць свайго падапечнага.

У 2015 годзе рашэннем Старшыні Камітэта па справах воінаў-інтэрнацыяналістаў пры Савеце кіраўнікоў урадаў дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў Героя Савецкага Саюза генерал-лейтэнанта Аушава Руслана Султановіча медалём «За заслугі ў ваеннай медыцыне» ўзнагароджаны Мікалай Аляксеевіч Абрамаў. Ваенныя ўрачы ўдастойваюцца гэтага медаля за мужнасць, прафесіяналізм і цярпенне. І гэта той выпадак, калі заслужаная ўзнагарода знайшла свайго героя.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва героя публікацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».