Вы тут

«Братоў Карамазавых» паставілі на сцэне тэатра мя М. Горкага


Напэўна, раман «Браты Карамазавы» з пункту гледжання сучаснага чалавека можна лічыць дэтэктывам: тут ёсць забойства, следчыя дзеянні, сведкі і падсудны, які ў шмат чым можа быць вінаваты, ды толькі не ў забойстве бацькі, але ён вымушаны несці гэты крыж, магчыма, ратуючы душу, і не толькі сваю... А гэта ўжо справа не людская, да яе датычны тонкі свет, у якім шляхі Гасподнія неспавядальныя, і толькі ён вызначае, каму трэба пацярпець дзеля іншых, каму загінуць, а каму ўратаваць душу... Такім чынам, не проста дэтэктыў, а «містычны» — такое вызначэнне знайшлі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага, дзе адбылася прэм'ера пастаноўкі «Браты Карамазавы» якраз напярэдадні 200-годдзя Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага.


Так сышліся зоркі (ну ці не містыка?!), што прэм'ера аказалася прымеркаваная да юбілею пры тым, што рыхтавалася некалькі гадоў, ды на акадэмічнай сцэне, адноўленай і пераабсталяванай пасля рамонту. Ну і безумоўнае адкрыццё: новая галоўная роля народнай артысткі Беларусі Вольгі Клебановіч. Праўда, на сцэну яна сама не выходзіць, таму што дэбютавала ў якасці рэжысёра-пастаноўшчыка. Але ж галоўны рэжысёр тэатра Сяргей Кавальчык мае сваю долю адказнасці як мастацкі кіраўнік пастаноўкі. Стваральнікі не хаваюць, што нарадзілася ідэя падчас рэпетыцый са студэнтамі, для якіх асабліва важна прапрацоўваць псіхалогію герояў, выбудоўваць матывацыю іх дзеянняў — творы Дастаеўскага наогул даюць для гэтага багатую глебу. Тое, што было напрацавана, не прапала і выйшла на вялікую сцэну ў інтэрпрэтацыі акцёраў тэатра імя Горкага, якія ў сваю чаргу таксама вызначалі матывацыю сваіх персанажаў. Ды сюжэт і словы, што гучаць са сцэны, аздобленыя гульнёй святла і ценю.

У Дастаеўскага сапраўды так: ёсць толькі два бакі — светлы і цёмны, добры і дрэнны. Гэта па вялікім рахунку. Але ў «Братах Карамазавых» усё значна складаней, бо адразу не заўсёды відавочна, хто на якім баку. Акрамя таго, што ёсць заснавальнік роду Фёдар Карамазаў (артысты Аляксандр Ткачонак і Аляксандр Палазкоў) ды параджэнне яго граху (незаконнанароджаны Смердзякоў, які здзяйсняе забойства бацькі — артыст Сяргей Савянкоў), ёсць паўцені, калі ад таго, хто здаецца прыстойным чалавекам, сыходзіць спакуса забойства (Іван — артыст Ягор Траццякоў), а той, хто жыве ў жарсцях, прызнае сваю недасканаласць (Дзмітрый — Руслан Чарнецкі), у выніку павінен несці пакаранне за ўвесь род. А выхаванец старца Зосімы (артыст Валерый Шушкевіч) чысты душой Алёша Карамазаў (Сяргей Жбанкоў, Андрэй Сенькін) ідзе ў свет людзей, дзе д'ябал з Богам б'юцца за сэрцы людзей. Гэты свет поўны спакус, разборак ды несправядлівасці, і што з Алешам будзе далей, паводле Дастаеўскага, не да канца зразумела...

Вось і спектакль пакідае пытанні: у кожнага з герояў свой выбар, які і вызначае іх шлях... Вялікая таямніца свету (паводле легенды пра Вялікага інквізітара) — чаму людзей не пазбавілі гэтай свабоды, ведаючы, што яна часам вядзе ў бездань. Застаецца думаць, хто з братоў да яе бліжэй: Іван ці Дзмітрый. І калі бездань — цемра, то, магчыма, яе сутнасць — падкрэсліць святло, якое нараджаецца ў душы, што праходзіць праз пакуты.

Надзвычай складаны раман Дастаеўскага немагчыма перанесці без страт на тэатральную сцэну, дзе ёсць абмежаванне па працягласці. Прыходзіцца выбіраць і сюжэтныя лініі, і тэмы, якія павінны прагучаць, ды каб для гледача захавалася інтрыга. Вядома, ключавое слова тут «паводле». Таму паход у тэатр трэба разглядаць як заахвочванне да чытання. Тут без варыянтаў: Дастаеўскага вы зразумееце настолькі, наколькі захочаце яго зразумець самі. Але важна, калі для гэтага ёсць штуршок.

Дарэчы: за ўвасабленне «Братоў Карамазавых» неаднаразова браліся майстры тэатра, кіно і нават музыкі. Ёсць нават оперы «Браты Карамазавы» — савецкага кампазітара Аляксандра Халмінава і сучаснага кампазітара Аляксандра Смялкова. Пра гэта можна даведацца, у прыватнасці, наведаўшы выстаўку ў нотна-навуковай бібліятэцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У кіно да гэтага рамана звяртаюцца ахвотна. Айчынныя гледачы могуць памятаць экранізацыю рэжысёра Івана Пыр'ева 1968 года і серыял Юрыя Мароза, створаны ўжо ў ХХІ стагоддзі. Але незвычайны падыход да асэнсавання рамана прадэманстравалі савецкія рэжысёры Грыгор'евы, якія стварылі фільм «Хлопчыкі», узяўшы за аснову дзясятую главу рамана, дзе гаворка ідзе пра сям'ю капітана Снегірова. У Мінску можна паглядзець гэты фільм 24 снежня ў рамках рэтраспектывы ў Музеі гісторыі беларускага кіно, прымеркаванай да юбілею пісьменніка.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Братоў не выбіраюць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.